Ліна Журкоўская: «У клас трэба заходзіць на пазітыве, каб вочы гарэлі»

Адукацыя Главное

У Ліны Журкоўскай ёсць сваё нязменнае і праверанае правіла: у клас заходзіць на пазітыве, каб вочы гарэлі, запальвалі дзяцей на плённую работу, настрой быў прыўзняты, вучоба стала ў радасць. Ліна Іванаўна выкладае англійскую мову ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы.

У наш раён на працу з Мінска яна паехала за сваім мужам, які пасля заканчэння БАТУ быў накіраваны інжынерам у калгас «Радзіма Якуба Коласа». Маладая настаўніца памяняла сталічную школу на сельскую Мікалаеўшчынскую сярэднюю імя Якуба Коласа і атрымала тут добрую загартоўку, з удзячнасцю ўспамінае гады работы ў Мікалаеўшчыне.

Сама яна выпускніца сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы. У яе сям’і не было педагогаў, а вось у сям’ю мужа яна ўлілася як прадаўжальніца знатнай педагагічнай дынастыі: настаўнікі не толькі бацькі мужа, але і многія ў родзе. Ліна Іванаўна гаворыць, што ёй у гэтай настаўніцкай сям’і перадаюцца дух, асаблівая атмасфера, якая ўсіх збліжае і дапамагае ёй адчуць высакароднасць прафесіі педагога.

У кожнага настаўніка ёсць свае сакрэты работы ў класе. У Ліны Іванаўны яны простыя, зразумелыя для тых, хто будуе сваё жыццё на падмурку вечных каштоўнасцяў. Яна разважае: час такі скарацечны, могуць памяняцца стандарты, мода, месца работы, жыхарства – усё што заўгодна, аднак нязменным застаецца правіла быць заўсёды дружалюбнымі, незласлівымі, незайздроснымі, будаваць з усімі камфортныя адносіны – і з калегамі, і з вучнямі, і з бацькамі. Гэта дапамагае ёй не растрачваць сябе, мець пазітыўны настрой і ўзамен атрымліваць тое ж.

Англійская мова на сучасны момант запатрабавана вучнямі, яе пачынаюць вывучаць ужо з малодшых класаў. Ліна Іванаўна чуйна сочыць за тым, каб улавіць гэты інтарэс у дзяцей і неназойліва развіць яго. Лічыць, што вучні перспектыўныя, яе радуе, што ёсць зацікаўленыя бацькі. І заўсёды бываюць вынікі. Весці ўрокі – нялёгкая праца. Настаўніца вялікую ўвагу надае ўдаскалаленню моўных зносін, іх стылю, таму што граматычны напрамак застаецца нязменным, школьнікі могуць многае спасцігнуць самастойна. І тут вялікую ролю іграе асоба настаўніка, каб дзеці мелі прыклад, імкнуліся да ідэалу, падымаліся вышэй і вышэй па лесвіцы. Для Ліны Іванаўны ўзнагарода, калі яе выпускнікі працягваюць з ёй зносіны, стаўшы студэнтамі і спецыялістамі па абранай прафесіі. І ў гэтым годзе дзве яе вучаніцы – Дзіяна Акуліч і Лізавета Трацяк – сталі студэнткамі лінгвістычнага ўніверсітэта, на высокія балы здалі ўступны экзамен па англійскай мове. Ліна Іванаўна гаворыць, што калі бачыць такія вынікі ў дзецях, вяртаюцца, памнажаюцца яе сілы для далейшай самаадданай настаўніцкай працы, якая патрабуе пастаяннага самаўдасканалення. Такія добрыя навіны – плюсы ў асабісты багаж пазітыву педагога, якая заклікана абагаціць ім тых, хто ёй давераны як настаўніцы.

У новым навучальным годзе Ліна Журкоўская зойдзе ў клас вось з такім настроем, які зробіць сваю добрую, стваральную справу.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *