
Кожны год у нашай школе дзейнічае лагер працы і адпачынку. З вялікім задавальненнем і асаблівай адказнасцю ўносяць свой пасільны ўклад у збор ураджаю старшакласнікі. Не стаў выключэннем і 2019 год.
10 старшакласнікаў адпачывалі і працавалі ў лагеры працы і адпачынку «Зярнятка-2019».
Напрамак работы лагера – дапамога базавай гаспадарцы ААТ «Агранёманскі» ў падсобных работах на збожжатаку в. Залужжа. Вучні займаліся шуфляваннем зерня і падмятаннем тэрыторыі.
Праца на збожжатаку дала магчымасць адчуць сапраўдную цану хлеба, дапамагчы сабраць кожнае зярнятка новага ўраджаю. Вучні працавалі з гонарам побач з бацькамі. І гэта вельмі важны і неабходны працоўны ўрок. Тым больш што ў вучняў была магчымасць штодзённа чуць словы ўдзячнасці за работу ад кіраўніцтва, галоўных спецыялістаў, загадчыка цэнтральнага збожжасклада «Залужжа» А. М. Турука.
Ставілася задача не толькі працоўнага выхавання, але і фізічнага і разумовага развіцця, умацавання здароўя дзяцей. Усе дні мелі пэўную тэматыку. Мерапрыемствы, якія праводзілі выхавальнікі Н. У. Валента, А. В. Пятровіч, А. С. Ясяновіч, дазвалялі навучэнцам «пагрузіцца» ў розныя сферы чалавечага жыцця: мастацтва, бяспеку, захаванне здароўя, экалогію, творчасць, права; пражыць ролю грамадзяніна сваёй краіны праз удзел у сацыяльна значнай дзейнасці (добраўпарадкаванне тэрыторыі школы, помніка загінулым у в. Залужжа, наведванне народнага музея «Спадчына» і інш.).
Спадзяёмся, што час, праведзены ў лагеры, адыграе важную ролю і ў прафарыентацыі навучэнцаў. Праца на збожжатаку, знаёмства з агрэгатамі машынна-трактарнага парку паслужаць у будучыні для некаторых вучняў арыенцірам пры выбары прафесіі. За перыяд знаходжання ў лагеры навучэнцы змаглі набыць пэўныя працоўныя навыкі, умацаваць пачуццё калектывізму, узаемадапамогі і падтрымкі, зарабіць уласныя фінансавыя сродкі.
Святлана ФАЛЮК, начальнік лагера працы і адпачынку «Зярнятка-2019»