Уборачная кампанія ў ААТ «Агранёманскі» амаль завершана

Главное Сельская гаспадарка

Дырэктар таварыства Дзяніс Захарчук

На цяперашні момант уборачная кампанія ў ААТ «Агранёманскі», можна сказаць, завершана. Намалочана амаль восем тысяч тон збожжа, ураджайнасць склала звыш  36 цэнтнераў з кожнага гектара, што на 10 цэнтнераў вышэй, чым летась. 

– Жніво правялі на ўзроўні, – расказвае дырэктар таварыства Дзяніс Захарчук. – Лічу, што спрацавалі нядрэнна. Маем чацвёрты вынік па ўраджайнасці ў раёне. Зразумела, спадзяваліся на вышэйшы ўраджай, бо затрачана было нямала сродкаў, але надвор’е ўнесла карэктывы. У севазвароце пераважалі азімыя пшаніца і трыцікале, ячмень. Самымі ўраджайнымі выдаліся азімыя, якіх пасеялі больш, у прыватнасці пшаніца. Перавагу гэтым культурам аддадзім і сёлета.

На жніве былі непасрэдна задзейнічаны 50 чалавек. Людзі стараліся, прыкладалі намаганні і дабіліся неблагіх вынікаў. Адзін наш экіпаж у складзе Анатолія і Вадзіма Казлоўскіх намалаціў звыш 1,5 тысячы тон збожжа і два – звыш тысячы тон. Тры вадзіцелі сталі тысячнікамі. Прыемна, што нашых людзей за шчырую працу адзначыла не толькі раённае, але і абласное кіраўніцтва, прафсаюзы. Хачу падкрэсліць немалую ролю прафсаюзаў у арганізацыі раённага спаборніцтва і падтрыманні маральнага духу работнікаў падчас уборачнай кампаніі.

Мы ў сваю чаргу таксама паклапаціліся аб тым, каб стварыць усе неабходныя ўмовы для занятых на жніве. Заработная плата, і неблагая, налічвалася ім кожны дзень. Было арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, выдавалі падвячоркі і мінеральную ваду. Работнікаў забяспечылі спецадзеннем. Адрамантавалі душавую і пакой адпачынку.

Дарэчы, наша гаспадарка з’яўляецца элітгасам па вырошчванні збожжавых і крыжакветных культур. У сувязі са спякотным у апошнія гады надвор’ем і недахопам ападкаў прыярытэт у будучым аддадзім высокаўраджайным і ўстойлівым да засухі культурам. Неўзабаве пачнецца сяўба азімых. Закладваем трывалы падмурак, каб у будучым годзе атрымаць вышэйшы ўраджай збожжавых культур і рапсу.

Збожжасушыльны комплекс працуе на поўную магутнасць

У таварыстве на розных участках шчыруюць старанныя і добрасумленныя людзі, якія з году ў год прымаюць самы непасрэдны ўдзел ва ўборачнай кампаніі і прыкладаюць намаганні, каб прымножыць здабыткі гаспадаркі. Сярод камбайнераў вылучаецца Аляксандр Фалюк, у працоўнай біяграфіі якога сёлетняе жніво сямнаццатае, а агульны працоўны стаж  неаднаразовага пераможцы раённага і абласнога спаборніцтваў складае трыццаць пяць гадоў. Разам з бацькам трэці сезон рупіцца яго сын Мікіта, студэнт БДАТУ.

Камбайнеры Аляксандр і Мікіта Фалюкі

Павіншаваць экіпаж з дасягненнем высокага паказчыка па намалотах збожжа на поле прыехаў старшыня Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода. З удзячнасцю за працу Міхаіл Тарасавіч уручыў падзячныя пісьмы,  прэміі і падарункі.

Міхаіл Бода ўручае падзячнае пісьмо галоўнаму інжынеру Аляксандру Крывялю

Узнагароджаны і галоўны інжынер Аляксандр Крывель, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта прыйшоў на працу ў родную гаспадарку. А падчас вучобы ў вышэйшай навучальнай установе ён таксама працаваў на камбайне. Ушанавана абкамам прафсаюза  і загадчыца сталовай Марына Пальчык – гэты аб’ект грамадскага харчавання адзін з лепшых у вобласці.

Загадчыца сталовай Марына Пальчык

Кіраўніцтва гаспадаркі праяўляе клопат аб маладых спецыялістах. Прыкладаюцца старанні для таго, каб моладзь заставалася працаваць у вёсцы. У гэтай кагорце і Святлана Качановіч, якая чацвёрты год шчыруе прыёмшчыцай збожжа. Святлана даручаную справу ведае дасканала і выконвае выдатна. Дзяўчына скончыла сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову і завочна вучыцца ва ўніверсітэце. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч сказала руплівіцы самыя шчырыя словы, уручыла падзячнае пісьмо райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарунак. Таксама выказала спадзяванні, што Святлана застанецца працаваць у таварыстве.

Прыёмшчыца збожжа Святлана Качановіч

Нядаўна прыехала на работу ў гаспадарку маладая сям’я Ярашэвічаў. Дзяніс уладкаваўся электрыкам, а ў гарачую ўборачную пару ён завіхаецца машыністам збожжасушыльнага комплексу. Водгукі аб яго рабоце самыя станоўчыя. Ён таксама быў заахвочаны.

Тамара Калошыч віншуе машыніста Дзяніса Ярашэвіча

Штогод дапамагаюць таварыству, рупяцца на збожжаскладзе, вучні Старасвержанскай сярэдняй школы. Сёлета ў працоўным атрадзе завіхаецца восем чалавек. Школьнікі атрымалі салодкія падарункі ад абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Рупяцца вучні Старасвержанскай сярэдняй школы разам з настаўніцай Ларысай Глуховіч

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *