Хрышчальная літургія на водах Нёмана

Важное Культура

Адзін з самых старадаўніх манастыроў Беларусі – Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі – знаходзіцца ў Навагрудскай епархіі, ад Стоўбцаў на такой жа адлегласці, як да сталіцы.

Манастыр пад кіраўніцтвам ігумена Яўсевія, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», развіваецца, аднаўляецца і прыцягвае паломнікаў з усіх куткоў нашай краіны і замежжа пад малітвенны пакроў прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, з чыім імем звязана гісторыя заснавання святой абіцелі, пачатак летапісу якой датуецца другой паловай XIII стагоддзя.

28 ліпеня, у дзень памяці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, які ўвайшоў у гісторыю як асоба, дзякуючы якой адбылося Хрышчэнне Русі з прыняццем Праваслаўя, у святой абіцелі было адслужана ўнікальнае богаслужэнне. Хрышчальная Бажэственная літургія была здзейснена пад адкрытым небам, на беразе Нёмана. Падчас богаслужэння з удзелам браціі манастыра і духавенства Навагрудскай епархіі пад старшынствам благачыннага адбывалася Таінства Хрышчэння ў водах Нёмана. Таінства прынялі больш за 20 чалавек – дарослыя і дзеці.

Пасля Бажэственнай лі-тургіі благачынны благаславіў усіх жадаючых з ліку ўдзельнікаў богаслужэння пад адкрытым небам акунуцца ў воды Нёмана, якія былі асвечаны ў гэты дзень асобым чынам сілаю Жыватворнага Крыжа Гасподняга і благадаццю Святога Духа.

Здзяйсненне Хрышчальнай Бажэственнай літургіі ў Свята-Елісееўскім мужчынскім манастыры становіцца традыцыяй, сёлета яна прайшла другі раз. Нязменна гэта адбываецца ў дзень памяці святога роўнаапостальнага княза Уладзіміра.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *