Не работа, а служэнне любові

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

Галоўная функцыя сацыяльных работнікаў — аказаць падтрымку тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Сучасная прафесійная палітра сацыяльнай работы пастаянна пашыраецца. Спецыялісты па сацыяльнай рабоце працуюць у дзяржаўных органах сацыяльнай абароны, тэрытарыяльных і геранталагічных цэнтрах, медыцынскіх установах, службах занятасці, у сястрыцтвах міласэрнасці і ў іншых арганізацыях і структурах —  там, дзе займаюцца вырашэннем розных сацыяльных праблем чалавека. Яшчэ помніцца той час, як  у раёне адкрываўся тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Час хуткабежны — у 2014 годзе цэнтр адзначыць 10-годдзе. І за гэты час новая ў раёне структура вызначыла сваё месца ў сацыяльнай рабоце і ўпэўнена развівае новыя накірункі. 10 гадоў з дня заснавання цэнтра калектыў узначальваў Уладзімір Стома. Пры ім былі закладзены многія накірункі работы, якія паспяхова развіваюцца. Перад прафесійным святам сацыяльных работнікаў на пасаду кіраўніка тэрытарыяльнага цэнтра заступіла Дзіяна Ранцюк.

— Дзіяна Генадзьеўна, якія асноўныя накірункі работы цэнтра, якім развівацца і далей?

— У тэрытарыяльным цэнтры функцыянуе пяць аддзяленняў: сацыяльнай дапамогі на даму; пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання; тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання; сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі; дзённага прабывання для інвалідаў. У кожнага з іх свой накірунак работы — ад выяўлення грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльных паслугах, і стварэння банка даных да канкрэтнай індывідуальнай дапамогі кожнаму, якая праяўляецца ў самых розных формах. Наша сацыяльная служба патрануе 313 шматдзетных семяў, 110 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Надомнае абслугоўване атрымліваюць 884 чалавекі, да якіх наведваюцца 97 сацыяльных работнікаў.

— Прафесійнае свята работнікаў сацыяльнай службы прыходзіцца на самы пачатак года, таму дарэчы будзе спытаць: якія новыя праекты плануюцца ў новым годзе?

— Будзем актыўна развівацца ў рамках аказання новых разавых паслуг з імкненнем зрабіць іх больш разнастайнымі. Гэта датычыць і актывізацыі работы псіхалагічнай службы. У тэрытарыяльным цэнтры, як новая форма работы стаў працаваць універсітэт трэцяга ўзросту. Будзем вывучаць попыт пажылых людзей на паслугі. Плануем, напрыклад, для людзей пенсіённага ўзросту арганізаваць курсы па авалодванні камп’ютарнай граматнасцю. Закупляем друкарскае абсталяванне для аказання паслуг ксеракапіравання і іншых, якія можна будзе аказаць на гэтым абсталяванні. Ёсць і іншыя цікавыя задумы. Аднак мы сутыкнуліся з недахопам вытворчых плошчаў, каб рэалізаваць гэтыя ідэі. Маем намер адкрыць швейную майстэрню. Цяпер разглядваем пытанне з плошчамі для рэалізацыі гэтых праектаў.

— Дзіяна Генадзьеўна, што будзе рабіцца для працягу работы па сацыяльным апекаванні дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў?

—  Цэнтр мэтанакіравана працуе ў гэтым накірунку. І надалей дапамога інвалідам для нас будзе ў прыярытэце. У дзень майго знаёмства з аддзеламі я была вельмі ўражана тым, якія таленты маюць дзеці-інваліды і маладыя інваліды. У аддзяленні дзённага прабывання яны выконваюць унікальныя мастацкія рэчы, якія прыводзяць у захапленне. Я буду браць на дапамогу свой вопыт работы ў маладзёжнай арганізацыі, і на новай рабоце разам з калектывам буду  актыўна прыцягваць да супрацоўніцтва валанцёрскія атрады. Не ўсе інваліды па стане здароўя могуць наведваць цэнтр. Плануем арганізаваць з імі індывідуальную работу валанцёраў на даму. І гэта будзе карысна не толькі тым, каму мы працягнем руку дапамогі, але і  моладзі. Вельмі важна, каб удзел у жыцці іншага чалавека праходзіў у маладых людзей  па клічу  сэрцаў. Валанцёры змогуць займацца са сваімі равеснікамі гульнявой дзейнасцю, арганізоваўць святы, проста мець з імі зносіны, што дасць ім магчымасць адчуць, што ад іх дзейнасці становіцца лягчэй і больш радасна іншым. Вядзём перамовы з Беларускім дзіцячым хоспісам, які мае аздараўленчую базу ў нашым раёне ў вёсцы Заброддзе, каб арганізаваць змену для рэабілітацыі і тым дзецям-інвалідам, якія на апекаванні ў нашым цэнтры.

—  Новыя формы работы патрабуюць і гатоўнасці персаналу да інавацый.

—  Пастараемся каардынаваць сацыяльную работу ў метадычным і арганізацыйным плане. У новым годзе будзем актыўна ўдзельнічаць у семінарах, вывучаць вопыт іншых тэрытарыяльных цэнтраў з выездамі на сацыяльныя аб’екты, дзе можна будзе азнаёміцца і пераняць эфектыўныя тэхналогіі сацыяльнай работы. Нам цікава даведацца аб розных праектах арганізацыі дапамогі шматдзетным сем’ям, інвалідам, пажылым людзям, жыццё якіх выпала на суровыя гады вайны і цяжкі пасляваенны час. Займаемся стварэннем сайта. Гэта таксама дапаможа нам быць больш даступнымі для тых, для каго працуем.

—  Хацелася б закончыць інтэрв’ю, сказаўшы добрае слова тым, хто прысвяціў сваё жыццё  рабоце, якую правільней будзе назваць служэннем — служэннем любові.

— Добрых слоў за сумленную працу  заслугоўваюць многія супрацоўнікі  цэнтра. Да прафесійнага свята граматай старшыні райвыканкама ўзнагароджана загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Валянціна Дубіцкая. Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі сацыяльны работнік Ларыса Бокач і справавод Яніна Мінкевіч.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *