За сем месяцаў бягучага года ў  Беларусі патанулі 226 чалавек

Ахова правапарадку Важное

Вучні Дзераўнянскай сярэдняй школы падчас наведвання Стаўбцоўскага выратавальнага паста, дзе яны праслухалі лекцыю аб бяспечных паводзінах на вадзе. Былі праведзены і практычныя заняткі

Летнія спякотныя дні як магнітам прыцягваюць людзей да вадаёмаў, і асабліва дзяцей. Сонечнае надвор’е і цёплая вада садзейнічаюць не толькі адпачынку, але і ўмацаванню здароўя, загартоўванню арганізма.

Аднак не трэба забываць, што вада можа абярнуцца вялікай бядой. Згадаю статыстыку. Яна даволі сумная. За сем месяцаў бягучага года ў  Беларусі патанулі 226 чалавек, у тым ліку 19 непаўналетніх. У Брэсцкай вобласці ахвярамі вады сталі 43 дарослыя і тры дзіцяці. У Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях гэтыя лічбы склалі адпаведна 39, 31, 30, 36, 29 дарослых і тры, чатыры, два, чатыры, два дзіцяці. У Стаўбцоўскім раёне патануў адзін чалавек – 71-гадовы пенсіянер, які быў нецвярозым. Дарэчы, у стане алкагольнага ап’янення знаходзіліся 96 тапельцаў, што складае амаль 43 працэнты ад агульнай колькасці загінулых у рэспубліцы. Папярэджанні аб парушэннях правілаў паводзін на вадзе атрымалі 10 890 чалавек і 2007 непаўналетніх.

Для таго каб адпачынак не быў азмрочаны няшчасным выпадкам, неабходна строга прытрымлівацца правілаў. А іменна: купацца толькі ў строга адведзеных месцах, не заходзіць у ваду там, дзе ёсць водавароты, дно зарасло водарасцямі, не ачышчана ад карчоў, камення, смецця. Перад тым як купацца, трэба адпачыць, пажадана ў цяні. Не рэкамендуецца заходзіць у ваду ў стомленым і разгарачаным стане. І ні ў якім выпадку нельга ўжываць спіртное.  Памятайце, што нават невялікая доза алкаголю выклікае парушэнні каардынацыі руху, пазбаўляе магчымасці цвяроза ацэньваць свае сілы і дзеянні. Калі вы нават добра плаваеце, разлічвайце свае сілы. А калі не ўмееце, то не заходзьце ў ваду вышэй пояса. Не карыстайцеся падчас плавання дошкамі, надзіманымі матрацамі і аўтамабільнымі гумавымі камерамі. Дарослыя не павінны пакідаць дзяцей у вадзе без нагляду. Не дапускайце свавольства на вадзе і не нырайце ў незнаёмым месцы. Падчас купання не даводзьце сябе да дрыжыкаў. Пры сутаргах змяніце спосаб плавання з мэтай змяншэння нагрузкі на зведзеныя мышцы, паскарэння іх расслаблення і плывіце да берага.

Лёнгін ВАЯВОДСКІ, матрос-выратавальнік раённага таварыства выратавання на водах



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *