Кіраўніцтва раёна сустрэлася з працоўным калектывам ААТ «Стоўбцыгазбуд»

Афіцыйна Главное

Працягваецца практыка прадукцыйных сустрэч кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі. Апошнім часам гэтыя сустрэчы праходзяць у расшыраным фармаце: запрашаюць жыхароў бліжэйшых вуліц. Апошняя з іх прайшла ў ААТ «Стоўбцыгазбуд».

На сустрэчу з членамі працоўнага калектыву і жыхарамі бліжэйшых вуліц прыехалі: намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Аляксандр Цывака, намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Жанна Лысая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Слесарчык, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька, загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Вольга Навіцкая, дырэктар Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Дзмітрый Мурын.

Сустрэча прайшла з актыўным удзелам прысутных у зале. Да кіраўніцтва раёна паступіла шмат пытанняў. У большасці яны датычылі праблем вуліц старога горада, якія знаходзяцца на прыбярэжжы Нёмана. Гэта і стан дарог, якасць вады, неабходнасць узмацнення кантролю за ўтрыманнем пляжу ў чысціні. Паступалі індывідуальныя пытанні накшталт стану ведамаснага дома Стаўбцоўскага райаграсэрвіса.

Падрабязнае тлумачэнне на ўсе звароты даў Аляксандр Цывака. Адчувалася, што ніводнае ўзнятае пытанне не застала знянацку прадстаўнікоў улады. Быў зроблены дэталёвы аналіз з веданнем спраў. Нярэдка бывае, што жыхары горада хочуць пачуць толькі тое, чаго яны чакаюць. Аднак ёсць аб’ектыўныя прычыны, ёсць зацверджаныя праграмы развіцця горада, першачарговасць добраўпарадкавання вуліц з абгрунтаванымі прыярытэтамі. Менавіта на гэтых аспектах была сканцэнтравана ўвага намесніка старшыні райвыканкама. Было дадзена тлумачэнне, чаму менавіта гэтыя, а не іншыя вуліцы горада падлягаюць першачарговаму асфальтаванню.

З цікавасцю ўдзельнікамі сходу была ўспрынята інфармацыя аб жыллёвым будаўніцтве ў раёне, якое прадугледжвае першачарговае забеспячэнне жыллём шматдзетных сем’яў. У 2019–2020 гадах плануецца ўвесці ў строй 14 238 метраў квадратных жылля ў шматкватэрных дамах і прыблізна столькі ж у 2019 годзе – індывідуальнага. На стадыі будаўніцтва ў райцэнтры  шматкватэрныя жылыя дамы па вуліцах Ленінскай і Міру з агульнай колькасцю кватэр 130.  Напрыканцы года плануецца пачаць будаўніцтва яшчэ аднаго 100-кватэрнага жылога дома па вуліцы Машынабудаўнікоў.

Практычна на кожнай падобнай сустрэчы з кіраўніцтвам раёна прысутнымі на сходах закранаецца пытанне будаўніцтва чацвёртай гарадской школы, выказваецца жаданне бацькоў, каб дзеці навучаліся ў першую змену. Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька праінфармавала ўдзельнікаў сходу, што ўпраўленне капітальнага будаўніцтва праводзіць працэдуру па выбары праекта  школы на 720 месцаў.

Прысутныя на сходзе атрымалі вычарпальныя адказны на ўсе свае пытанні, ім было прысвечана столькі часу, колькі патрабавалася.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *