На Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства адгружана звыш 5400 тон харчовага збожжа

Главное Сельская гаспадарка

Старшы лабарант Надзея Мазурэнка (злева) і загадчыца лабараторыі Алеся Стасевіч

На Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства ў лік дзяржзаказу гаспадаркамі раёна адгружана звыш 5400 тон харчовага збожжа – гэта 87 працэнтаў да плана. Справіліся з пастаўкамі прадукцыі ў дзяржаўныя засекі сем сельгаспрадпрыемстваў: ААТ «Жацерава», ААТ «Вялікі Двор», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ  «Шашкі», ААТ «Дзераўное», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Адначасова рэалізавана на ААТ «Белсолад» практычна палова ад неабходнай колькасці піваварнага ячменю.

Якасць збожжа, якое паступае на прадпрыемства, вызначаецца супрацоўнікамі вытворчай лабараторыі. Для таго каб хлеб выпякаўся духмяным, меў прыгожы выгляд і высокія смакавыя якасці, раслінаводчая прадукцыя павінна строга адпавядаць прынятым стандартам. Першы этап – адбор проб з кузава аўтамашыны з дапамогай ручнога пробаадборшчыка. Гэтую работу выконваюць візіроўшчыкі, якія затым дастаўляюць пробы лабарантам.

– Мы спачатку выдзяляем сярэднюю пробу з далейшым вызначэннем ступені заражанасці зерня, – расказвае загадчыца лабараторыі Алеся Стасевіч. – Калі аналіз пакажа, што прадукцыя заражана шкоднікамі, то такое збожжа намі не прымаецца. Аднак падобных выпадкаў сёлета не было.

Затым вызначаюцца натура, вільготнасць, смеццевая і зерневая прымесі. А ў пшаніцы – і клейкавіна, разам з лічбай падзення, гэта асноўныя паказчыкі якасці, згодна з якімі збожжа будзе аднесена да харчовага або фуражнага, а значыць і выкарыстана па прызначэнні – для выпякання хлеба і макаронных вырабаў або пойдзе на вытворчасць камбікорму для жывёлы. Дарэчы, практычна ўся прынятая сёлета пшаніца адпавядае трэцяму класу.

– І ўвогуле збожжа сёлета, у параўнанні з мінулагоднім, намнога лепшае па якасці, – адзначыў дырэктар прадпрыемства Мікалай Пуляк. – Галоўнае – каб гаспадаркі хутчэй закрылі даведзеныя ім дзяржзаказы. Сёлета плануецца прыняць 21 тысячу тон прадукцыі палёў з некалькіх раёнаў.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *