Жыхары Старыны вырашылі пытанне з заменай водаправода

Соцыум

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У красавіку жыхары Старыны сабраліся на сход, каб вырашыць пытанне з заменай водаправода, а ўжо ў ліпені справа ў асноўным зроблена. 

Ініцыятыўную групу ўзначаліў Юрый Афанасьеў, той самы, які ў нядаўнім мінулым узначальваў кааператыў па газіфікацыі Старыны. Кампанію яму склаў  яшчэ адзін актыўны аднавясковец – Станіслаў Сахар.

На сходзе вырашылі, што трубы для замены водаправода людзі купяць за ўласныя сродкі, а работы па ўкладцы выканае ААТ «Шашкі», на чыім балансе і знаходзяцца сеткі водазабеспячэння. Падлічылі і пасля сходу пачалі збор сродкаў. З кожнага дома выйшла каля 100 рублёў.

– Людзі ўклалі шмат. Працягласць сетак складае каля 850 метраў. Па іх атрымліваюць ваду жыльцы 22-х жылых дамоў, у тым ліку чатырох шматкватэрных, а таксама сталовая калгаса, – расказвае Станіслаў Сахар, які завітаў у рэдакцыю. Ад імя вяскоўцаў ён папрасіў падзякаваць за аказаную дапамогу старшыні Шашкоўскага сельвыканкама Святлане Якаўлевай, дэпутату сельскага Савета Ірыне Колясень, дырэктару ААТ «Стаўбцоўская ПМК» Аляксандру Пашкевічу, дырэктару ААТ «ТБЗ Нёман» Міхаілу Камейшу. Яны дапамагалі тэхнікай, спецыялістамі, арганізацыйна і кансультацыйна.

Апошняе, што турбавала вяскоўцаў, – хутчэй засыпаць траншэі пасля праведзеных работ. Сёння і гэта фактычна выканана.

– Нягледзячы на гарачую ўборачную пару, сельгаставарыства выдзеліла пагрузчык. Незасыпаным застаўся пакуль толькі адзін невялікі ўчастак, дзе ў домаўладальнікаў расце бульба, – удакладняе Святлана Якаўлева і тлумачыць наконт далейшых перспектыў: – Ёсць дамоўленасць з дырэктарам ДРБУ № 135  наконт грэйдзіравання вуліцы Школьнай, па якой ідзе водаправод.

Святлана Якаўлева са свайго боку выказвае вялікую ўдзячнасць жыхарам Старыны. Менавіта яны, і ў першую чаргу – іх ініцыятыўная група, малайцы! Сядзелі б вяскоўцы і чакалі, калі ім гаспадарка памяняе ржавы водаправод, то і сёння маглі б атрымаць чарговую аварыйную сітуацыю і застацца на пэўны перыяд без вады. А так агульнымі намаганнямі вырашылі злабадзённую праблему. Можна сказаць, што вясковыя вуліцы Сонечная, Радужная і Школьная ў Старыне сёння нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх – яны і з газам, і з вадой (на вуліцах Цэнтральнай і Лугавой у Старыне водаправода, на жаль, няма).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *