У Акінчынцкім лясніцтве Стаўбцоўскага доследнага лясгаса з радасцю прынялі прапанову скаўцкага атрада з Мінска паўдзельнічаць у Тыдні лесу. У мінулую суботу маладыя людзі прыехалі ў Мікалаеўшчыну, на туркомплекс “Высокі бераг”. Гэтыя мясціны – радзіма класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.
Скаўцкаму атраду выдзелілі дзялянку ў наваколлі туркомплексу. Маладым людзям даверылі садзіць эксперыментальныя ўзоры сасны, якія паставіў лясніцтву Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Акрамя гэтага, атрад у складзе 11 чалавек садзіў і сеянцы звычайнай сасны – усяго імі пасаджана восем тысяч каліваў на плошчы 1,6 гектара.
Як расказвае ляснічы Міхаіл Цялушка, вялікую дапамогу лясніцтву ў гэтым годзе аказваюць і вучні школ раёна – стаўбцоўскіх, Горкаўскай і мясцовай Мікалаеўшчынскай. Іх дэсант прыходзіцца не толькі на Тыдзень лесу, але доўжыцца на працягу ўсёй вясны. У лясніцтве з удзячнасцю прымаюць і дапамогу дзяцей, таму што перад работнікамі лесу стаіць няпростая задача – паспець засадзіць 50 гектараў. Акінчыцкае – адно з самых вялікіх лясніцтваў Стаўбцоўскага лясгаса – у гэтым годзе мае вялікія разліковыя лесасекі, якія патрэбна аднавіць новымі насаджэннямі. А ўсяго пад апекай работнікаў гэтага лясніцтва 12 730 гектараў лесу.
Святлана ЖЫБУЛЬ