Аляксей Сімакоў — адзіны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны ў Дзераўнянскім сельсавеце

Вялікай Перамозе прысвячаецца Соцыум

Аляксею Сімакову споўнілася 95

У Дзераўнянскім сельсавеце толькі адзін удзельнік Вялікай Айчыннай вайныАляксей Іванавіч Сімакоў, і першага жніўня яму споўнілася 95!

Павіншаваць Аляксея Іванавіча прыехалі да яго ў вёску Заброддзе з раённага савета ветэранаў, з Дзераўнянскага сельвыканкама. Брукаваная дарога да дома, у якім ён вякуе з жонкай Аленай Лукінічнай, – усім добра знаёмая.

– Памятаеце, мы нядаўна былі ў вас, напярэдадні Дня Незалежнасці, і вы праспявалі нам песню ад пачатку і да канца?! – звяртаецца старшыня раённага савета ветэранаў Наталля Лапко да спадарожніцы Аляксея Іванавіча. А старшыня сельвыканкама Таццяна Босая дадае, што ў гэтую сям’ю яны не раз прыходзілі разам са школьнікамі, каб падрастаючае пакаленне ведала герояў і вучылася патрыятызму.

Павучыцца ў гэтай сямейнай пары можна шмат чаму. Муж і жонка разам ужо 67 гадоў!

– Жывём нядрэнна, толькі здароўе падводзіць. Абое перанеслі столькі медыцынскіх аперацый! А ў жыцці – перажылі вайну, радыяцыю. Нічога не забыта, –  кажа гаваркая гаспадыня.

Ёй таксама за 90. Але памяць у жанчыны добрая, учэпістая на прымаўкі. Спадабалася адна з іх: «Жыццё пражыць – не лукошка сшыць».

Рэч у тым, што сям’я Аляксея Сімакова жыла на Магілёўшчыне, у Касцюковіцкім раёне. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, іх вёска падлягала абавязковаму адсяленню. Прыйшлося кінуць усё нажытае. Былі і дом,  і хлявы з жыўнасцю, і лазня… Па-новаму абжываліся. «Цяпер усё ёсць, але радзімы няма», – разважае Аляксей Сімакоў.

На Стаўбцоўшчыне сям’я з 1994 года. Купілі ў Заброддзі старэнькі дом, разабралі дах і ўсё зрабілі па-іншаму. «Ён такі ўмелы чалавек: за што ні возьмецца, усё ў яго атрымліваецца», – хваліць мужа Алена Лукінічна. Дапамагаў сын Васіль. Ён і сёння клапоціцца, каб старасць бацькоў была дагледжаная.

У Аляксея Іванавіча працоўны стаж перавышае чатыры дзясяткі гадоў. Яму давялося нарыхтоўваць драўніну ў тайзе, араць зямлю, але ў асноўным працаваў у сельскай гаспадарцы рахункаводам, бухгалтарам. Невыпадкова, што і сёння ён не можа без паказчыкаў, лічбаў. Выпісвае раённую газету «Прамень» і ў першую чаргу чытае навіны з гаспадарак, весткі з палёў, знаёміцца з ураджайнасцю. Ён нешматслоўны, гаворыць коратка і дакладна:

– Вярнуўся з вайны з асколкам у назе, але жывы. Ніколі ні ад кога нічога не патрабаваў. Усё жыццё працаваў на зямлі.

Алена Лукінічна прыгадвае пра сябе, як расла сіратой, насіла хлеб партызанам, а побач свісцелі кулі, як пасля вайны паехала працаваць ткачыхай у расійскі Горад нявест – Іванава.

І муж, і жонка – доўгажыхары. Прычыну свайго даўгалецця гаспадар тлумачыць так: «Шмат працавалі, таму і доўга жывём».

Яны і сёння не зводзяць з падворка курэй. «Ёсць пра каго турбавацца, –  кажа на гэты конт Алена Лукінічна. – У нас падведзены прыродны газ, але іншым разам і печку выпалім. Любім з печкі кашу, яечню, боршч. Бульба атрымліваецца смачная».

У гэтай сям’і жанчына галоўная, але і ў мужа роля адказная – быць дарадцам. Алена Лукінічна сцвярджае: «Галоўным мужчынам быў для мяне тата, а пасля замужжа – муж».

Такія пазітыўныя людзі, ад якіх ідуць добрая энергія і цяпло.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *