Турыстычны злёт працоўнай моладзі прайшоў на Стаўбцоўшчыне

Главное Спорт

Штогод у апошні месяц лета на Стаўбцоўшчыне праводзіцца турыстычны злёт працоўнай моладзі. І гэты год не стаў выключэннем. Суботняй раніцай у лясным масіве ля турыстычнага комплексу «Высокі бераг» сабраліся самыя таленавітыя, смелыя, спрытныя, умелыя – тыя, хто любіць спорт і з’яўляецца прыхільнікам здаровага ладу жыцця.

У ХІІ Турыстычным злёце,  які быў прысвечаны Міжнароднаму дню моладзі,  прымалі ўдзел маторнікі, энергетыкі, камунальнікі, газавікі, медыкі, супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, работнікі мясакансервавага камбіната і лясгаса.

Пастаяннымі арганізатарамі турыстычнага злёту выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ДУ «ФАЦ Стаўбцоўскага раёна», раённае аб’яднанне прафсаюзаў,  упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і раённы камітэт ГА «БРСМ».

Спаборніцтвы ацэньвалі прадстаўнікі спартыўнай эліты Стаўбцоўскага раёна: Мікалай Мазур, Дзмітрый Сцепанюк, Анатоль Галаўко, Мікалай Кухарчык, Юрый Кручок, Аляксандр Грыб.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся старшыня Стаўбцоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў:

– Турзлёт – гэта сонца, вада, свежае паветра, новыя сябры. Дзякуючы гэтай добрай традыцыі ў нашым раёне хутка ўтворыцца новая сямейная пара. Маладыя людзі пазнаёміліся тут, на турыстычным злёце, і гэта кажа пра многае. Я хачу пажадаць усім выдатнага настрою, яркіх спаборніцтваў і добра правесці свой вольны час у коле сяброў.

Першым выпрабаваннем стаў конкурс «Візітная картка». Прадстаўленні камандаў былі непаўторнымі, своеасаблівымі, цікавымі. За артыстызм, творчы падыход і арыгінальнасць першае месца атрымалі газавікі і работнікі мясакансервавага камбіната. Другое месца – за камандай супрацоўнікаў упраўлення па адукацыі, спорце і турызме, а трэцяе заняў лясгас.

Наступны конкурс – самы азартны і даволі складаны – паласа перашкод. Ён прадугледжваў наяўнасць у кожнага ўдзельніка спартыўнай экіпіроўкі. Каб атрымаць перамогу ў гэтым конкурсе, неабходна было працаваць у камандзе, падтрымліваючы адзін аднаго, і, як вынік, – прыйсці да фінішу без памылак і з добрымі паказчыкамі па часе.

Суддзі спаборніцтваў пастараліся разнастаіць гэты конкурс (турыстычныя вузлы, пад’ём угару,  траверс, паралельныя вяроўкі, перамяшчэнне пацярпелага, маятнік і гаць). Дастойна справілася з іх праходжаннем і паказала найлепшыя хвіліны чацвёрка работнікаў мясакансервавага камбіната. У прызёрах – маторнікі і супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме. Адначасова праходзілі спаборніцтвы для капітанаў камандаў – стральба з лука. У выніку самым трапным стаў капітан каманды лясгаса Аляксандр Шарапа, другое месца ў капітана каманды камунальнікаў Віталя Уліча, на трэцім месцы – капітан каманды ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызе райвыканкама Станіслаў Войніч. У конкурсе «Паркавы валейбол» прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца – у газавікоў, другое – у маторнікаў, трэцяе – у энергетыкаў.

Пакуль ішлі спартыўныя спаборніцтвы, шпаркімі тэмпамі ў палатачных гарадках вялі падрыхтоўку да конкурсу на лепшае іх абсталяванне, гатавалі стравы. Членам журы найбольш спадабалася выступленне каманды мясакансервавага камбіната. За цікавы сцэнарый на другой прыступцы аказалася каманда маторнікаў.  І завяршыла тройку лідараў каманда энергетыкаў. Увечары прайшоў конкурс турыстычнай песні. На суд журы каманды прадставілі свае нумары, поўныя запалу і аптымізму.

Другі дзень турыстычнага злёту пачаўся з правядзення  традыцыйнай масавай зарадкі, якую правяла Дар’я Варывоцкая. А далей удзельнікаў камандаў чакала цікавае выпрабаванне – тэхніка воднага турызму. Уменне працаваць у пары на байдарках паказалі супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, якія былі лепшымі ў такім нялёгкім выпрабаванні. За імі ў турнірнай табліцы – газавікі і камунальнікі. Конкурс па спартыўным арыентаванні выклікаў шмат пазітыўных уражанняў як ва ўдзельнікаў, так і ў гледачоў конкурсу. Апошнім выпрабаваннем для камандаў было перацягванне каната. Каманда газавікоў літаральна вырвала перамогу ў работнікаў мясакансервавага камбіната. Трэцяе месца дасталася асілкам маторнага завода, якія таксама выступілі даволі ўдала.

Неабходна адзначыць джэнтльменскі ўчынак, які здзейснілі камунальнікі падчас перацягвання каната. Сваю перамогу яны аддалі жаночай камандзе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, якія выйшлі на такі даволі цяжкі конкурс, чым унеслі жартоўны настрой на турыстычнай паляне.

Агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: каманды Стоўбцыгаза, філіяла маторнага завода, мясакансервавага камбіната.

Пераможцы турзлёту ў камандных і асабістых выступленнях узнагароджаны кубкамі, дыпломамі і падарункамі, падрыхтаванымі арганізатарамі мерапрыемства.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *