Антон Кажухоўскі — валанцёр з добрым сэрцам

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Антон Кажухоўскі ў перыяд летніх канікулаў вырашыў не сумаваць дома, а пажадаў папрацаваць выхавацелем у ДУА «Аздараўленчы лагер «Нёман» Стаўбцоўскага раёна».

Хлопец лічыць, што такая праца дасць магчымасць атрымаць станоўчы вопыт зносін з дзецьмі па-за ўстановай адукацыі.

Антон скончыў ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы». На даны момант з’яўляецца навучэнцам трэцяга курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. На факультэце замежнай літаратуры паглыблена вывучае англійскую і італьянскую мовы. Пасля заканчэння ўстановы адукацыі атрымае спецыяльнасць «Лінгвіст. Выкладчык».

У школе любімым прадметам была матэматыка. Аднак калі пачаў свядома падыходзіць да выбару будучай прафесіі, стаў актыўна займацца замежнай мовай. Удзельнічаў у алімпіядах і конкурсах на раённым і абласным узроўнях.

Антон з’яўляецца валанцёрам маладзёжнага руху БРСМ «Добрае сэрца», сумесна з маладымі людзьмі з універсітэта наведвае дзяцей у дзіцячых дамах, дзе аказваюць пасільную дапамогу – дораць падарункі, гуляюць і арганізоўваюць сумесныя канцэрты. Ужо два гады запар хлопец прымае актыўны ўдзел у навучанні дзяцей англійскай мове ў дзіцячым доме № 5 г. Мінска. Дзякуючы дапамозе юнага валанцёра ў вывучэнні замежнай мовы яго падапечны з дзіцячага дома здаў цэнтралізаванае тэсціраванне і паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову.

Антон кажа:

– Праца з дзецьмі мяне ажыўляе. Я заўсёды там, дзе яны. Мне цікава з імі размаўляць, атрымліваць ад іх зарад бадзёрасці і энергіі. У калектыве дзяцей неабходна быць з імі нароўні, у хвіліны разладу і непаразумення паставіць сябе на месца дзіцяці і знайсці баланс, раўнавагу ў зносінах з малодшымі.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *