Вераніка Бець: «З задавальненнем выконваю і абавязкі па сухой чыстцы падушак»

Соцыум

У кожным калектыве ёсць людзі, на якіх можна палажыцца ў непрадбачаных абставінах, даверыць ім дадатковыя абавязкі і быць упэўненымі, што яны будуць бездакорна выкананы. У камбінаце бытавога абслугоўвання ў ліку такіх – Вераніка Бець.

Вераніка Іосіфаўна ў прастаце сваёй гаворыць, што калі ёй чарговы раз даручаюць дадатковыя да яе асноўных абавязкі, яна адразу раззлуецца, запратэстуе, а потым раздумаецца, узважыць свае сілы і з добрасумленнасцю прыступае да работы. За гэтую яе паслухмянасць і самаадданасць яна мае аўтарытэт у калектыве.

На сучасны момант абутнік Вераніка Бець, акрамя сваіх асноўных абавязкаў па рамонце абутку, чысціць падушкі, прымае заказы на хімчыстку. І выконвае гэта з такім стараннем, што кожнаму кліенту ёсць за што падзякаваць ёй.

У камбінаце бытавога абслугоўвання Вераніка Бець у ліку тых ветэранаў працы, хто, прыйшоўшы сюды па размеркаванні, застаўся назаўсёды. Стаж работы яе  ў гэтай арганізацыі складае 38 гадоў. Яе добрасумленная праца адзначана граматамі, падзякамі, яна неаднаразова была ўдзельніцай раённых злётаў перадавікоў.

А пачыналася працоўная біяграфія для яе самой, можна сказаць, нечакана. Вясковая дзяўчына з Церабейнага з яшчэ дзвюма сяброўкамі, выпускніцамі Налібацкай сярэдняй школы, атрымаўшы атэстаты, падаліся паступаць у Мінскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча № 12 на абутніка. Пазнаёміўшыся з гэтым рамяством, якое адразу не надта і ўдавалася, Вераніка цвёрда вырашыла, што абутніком працаваць яна ніколі не будзе. А склалася так, што з 32 навучэнцаў яе групы менавіта яна адна і засталася вернай гэтай прафесіі, а ўсе астатнія асвоілі іншыя спецыяльнасці. Вераніка Іосіфаўна славу ў гэтым аддае свайму настаўніку. Калі яна заступіла на працу ў раённы камбінат бытавога абслугоўвання, у абутковай майстэрні тады працаваў аўтарытэтны майстар, цікавы чалавек Янчур Анатоль Сямёнавіч. Ён і прывіў маладому спецыялісту любоў да гэтага рамяства, шмат чаму навучыў, дапамог засвоіць патрэбныя прафесіянальныя навыкі, а галоўнае – палюбіць гэтую справу. Так ужо 38 гадоў Вераніка Іосіфаўна рамантуе абутак. У абутковай майстэрні камбіната яна працуе з яшчэ адным вопытным майстрам – Аленай Жыбуль, якая таксама ў данай прафесіі ўжо больш за 25 гадоў. Акрамя гэтага, на працягу 16 гадоў паралельна з выкананнем абавязкаў у абутковай майстэрні  райцэнтра Вераніка Бець абслугоўвае жыхароў Коласава, два разы на тыдзень яна ездзіць на працу ў Коласаўскі комплексна-прыёмны пункт. І таксама сваёй прастатой, стараннем, павагай да людзей заслужыла прызнанне мясцовых жыхароў. Вераніка Іосіфаўна гаворыць, што яна прывыкла працаваць так, як быццам  робіць для самой сябе. І атрымлівае вялікую радасць, калі стары абутак пасля прыкладання рук становіцца годным для далейшага нашэння. Кліенты радуюцца, і яна – разам з імі.

Вераніка Іосіфаўна расказвае, што з задавальненнем выконвае і абавязкі па сухой чыстцы падушак. Гэтая паслуга вельмі запатрабавана. Старыя пер’евыя падушкі, для многіх – іх пасаг, нясуць людзі ў чыстку. У майстэрні не толькі пачысцяць пяро, але і змесцяць яго ў новыя насыпкі з якаснай натуральнай тканіны, на сумленне пашытыя майстрамі швейнага цэха. Улічаць пажаданні кліентаў і наконт іх памеру. Забіраюць людзі падушкі – яны новыя, прыемныя для карыстання. Для Веранікі Іосіфаўны радасны настрой заказчыкаў дае і ёй пазітыў і сілы для выканання сваіх разнастайных абавязкаў.

Вераніка Бець дзеліцца сваімі назіраннямі і наконт хімчысткі адзення. Камбінат працуе з праверанымі сталічнымі прыватнымі прадпрыемствамі – «Фламінга», дзе праводзіцца чыстка адзення, і «Канео», дзе чысцяцца дываны. Паслуга хімчысткі запатрабавана. Кліенты давяраюць свае файныя паліто, касцюмы, і не паступае нараканняў на якасць паслугі. Усе адзначаныя майстэрні (рамонт абутку, чыстка падушак, прыём рэчаў у хімчыстку) цяпер знаходзяцца ў адным месцы – Доме быту.

Дзякуючы такім вопытным, сумленным працаўнікам, як Вераніка Бець, сэрвісныя паслугі службы быту па-ранейшаму запатрабаваныя, аблягчаюць штодзённае жыццё чалавека і ўпрыгожваюць яго.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *