Тры дзесяцігоддзі рупіцца жывёлаводам у ААТ «Вішнявецкі-агра» Любоў Гаварушкіна. Любоў Іосіфаўна прыехала ў гаспадарку з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля чарнобыльскай трагедыі сям’я трапіла пад адсяленне, і Гаварушкіны выбралі месцам пражывання Стаўбцоўшчыну. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла перасяленцам дом з выгодамі ў Мархачоўшчыне.
Жанчына спачатку была цялятніцай на МТФ «Мархачоўшчына № 1». Добрасумленна працавала і атрымлівала высокія паказчыкі. Неаднойчы выходзіла пераможцай раённага спаборніцтва і прымала ўдзел у раённых святах працы. Цяпер Любоў Іосіфаўна па пенсіі, але на работу ходзіць, яна даглядае цялушак на МТФ «Мархачоўшчына № 2». Дзякуючы яе старанню ладзяцца справы ва ўзнаўленчай рабоце, і, як вынік, надой малака на ферме даволі высокі. Калектыў уваходзіць у топ-15 лепшых малочнатаварных фермаў раёна.
Любоў Іосіфаўна – добрая гаспадыня. І ў доме, і на падворку яна падтрымлівае адмысловы парадак. Вырошчвае гародніну і вельмі смачна яе марынуе, а рэцэптамі дзеліцца з калегамі.
Яе муж да самай пенсіі працаваў трактарыстам. І цяпер па меры магчымасці дапамагае таварыству. Штогод падчас напружаных палявых кампаній Васілій Максімавіч выходзіць на работу. Гэтымі днямі ён звозіць з палеткаў рулоны саломы. Засталіся працаваць у гаспадарцы і іх дзеці. Дачка Наталля скончыла сельскагаспадарчы каледж і працуе памочнікам брыгадзіра МТК «Вішнявец», а сын Васілій завіхаецца ў будаўнічай брыгадзе.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара