Кіраўніцтва райаддзела міліцыі характарызуе Юрыя Акуліча як выключна самаадданага службе супрацоўніка. Пацвярджэнне таму – і ўзнагароджанне Юрыя Зянонавіча Граматай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь за бездакорнае выкананне службовых абавязкаў, шматгадовую і плённую дзейнасць на карысць грамадскай бяспекі нашай краіны.

Юрый Акуліч пачынаў у міліцыі інспектарам па справах непаўналетніх. Быў участковым інспектарам, дазнавацелем. Зарэкамендаваў сябе і атрымаў павышэнне – пасаду намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.
Але самы значны і насычаны перыяд яго такога «шматпрофільнага» міліцэйскага жыцця – той, які звязаны з ізалятарам для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту.
Як прыгадвае Юрый Акуліч, у 2011 годзе яго выклікаў тадышні начальнік райаддзела міліцыі Алег Савасцей і прапанаваў узначаліць ізалятар. Гэтае падраздзяленне – спецыфічнае, так бы мовіць, закрытае, своеасаблівая міліцыя ў міліцыі. Не апошнюю ролю ў выкананні службовых абавязкаў іграе веданне псіхалогіі людзей, якія трапляюць у ізалятар. Змяшчэнне ў ізалятар – мера, як вядома, крайняя…
У памяці Юрыя Акуліча яшчэ адзін начальнік міліцыі – Раман Лісавец, які сустрэў яго ў калектыве райаддзела летам 1998 года. Акурат тады ён, малады супрацоўнік, перавёўся служыць на Стаўбцоўшчыну, на сваю малую радзіму, з Партызанскага РАУС г. Мінска. Гэты выбар быў зроблены свядома.
Юрый Акуліч прыжыўся ў калектыве райаддзела міліцыі, пабудаваў дом у вёсцы Дразды. Да прызыву ў войска ён прайшоў добрую працоўную школу на філіяле маторнага завода, ды і тэрміновая служба ў г. Гатчына Ленінградскай вобласці аказалася надзвычай практычнай: браў удзел у будаўніцтве купала рэактара для мясцовага навукова-даследчага інстытута ядзернай фізікі.
– Якой жа колькасцю прафесій вы валодаеце? – цікавімся ў Юрыя Зянонавіча.
– Асноўныя – дзве, зваршчык і юрыст-прававед. Закончыў Магілёўскі каледж МУС Рэспублікі Беларусь. Аднак работа ў міліцыі вымагае быць і псіхолагам. Вывучаю адпаведную літаратуру. Дапамагаюць назіральнасць, уменне слухаць. Тое, што ў арміі атрымаў некалькі будаўнічых спецыяльнасцяў, спатрэбілася пры будаўніцтве ўласнага дома. Ён атрымаўся цёплым, пры тым што былі выкарыстаны вельмі танныя матэрыялы. Аргаліт – гэта сумесь бетону і апілак. З укладкай яго ў апалубку дапамаглі бацькі, старэйшыя браты. Мой старэйшы сын Аляксандр таксама з дзяцінства ва ўсім гэтым. Нядзіўна, што ён выбраў будаўнічую прафесію – працуе у ПМК-233 мулярам. Малодшы Дзмітрый закончыў сёлета дзевяць класаў Старасвержанскай сярэдняй школы. Таксама расце мужчынам, мае абавязкі па доме.
– Што можа быць лепш, калі сыны прывучаны да працы?! Бацька для іх – аўтарытэт, за ім і цягнуцца. І жонка за вамі як за мурам. Цяжкасцяў не баіцеся?
– Не. Прывык усё сам. Для мяне самае складанае – не працаваць. Калісьці, будучы інспектарам па справах непаўналетніх, часта бываў у школах, сем’ях. На чым прыходзілася дабірацца ў аддаленыя пушчанскія вёскі? Ды па-рознаму. Калі на папутках, а калі і пешшу… Як толькі адчуў, што вырас на гэтай пасадзе, папрасіўся ва ўчастковыя інспектары. Якраз тады была вакансія на адміністрацыйным участку Заямнаўскага сельсавета. Людзей у гэтай мясцовасці я крыху ведаў па ранейшай інспектарскай пасадзе. Мая галоўная задача заключалася ў тым, каб вучыць паважаць закон.
– Як вопытнаму супрацоўніку вам даверылі ўзначаліць ізалятар, дзе якраз утрымліваюцца тыя, хто закон не паважае, а парушае. Работа з гэтымі людзьмі нябачная для старонніх вачэй. У чым яе спецыфіка?
– Работа гэтая руцінная, і самае складанае ў ёй – дакладнае выкананне службовых інструкцый, недапушчэнне надзвычайных сітуацый, такіх як членашкодніцтва, смерць, пабег, нездаровыя міжасобасныя адносіны, якія могуць узнікнуць паміж затрыманымі з улікам іх розных узростаў, інтарэсаў і крытэрыяў маральнасці. Трэба мець на ўвазе і тое, што для любога з іх у прынцыпе не існуе недазволеных рэчаў – яны здольны парушыць закон і непасрэдна ў ізалятары. Тыя ж непаўналетнія элементарна шкоднічаюць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Аднак з дапамогай некалькіх фраз можна ўстанавіць даверлівыя адносіны. Важна заняць час затрыманых, каб у іх галаву не лезла нуда. Да прыкладу, прымушаем пісаць пісьмы блізкім.
– З пісьмамі цікавая форма ўздзеяння. Якія яшчэ практыкуюцца?
– Усе метады ўздзеяння – законныя, і самыя актуальныя звязаны з вывучэннем асобы затрыманага. Сярод іх ёсць тыя, каго закрываюць у міліцэйскім ізалятары на максімальны тэрмін – 1–1,5 месяца. Назіраем, што нашымі «кліентамі» ўсё часцей становяцца адны і тыя ж асобы, якія парушаюць Адміністрацыйны кодэкс. На жаль, узрост затрыманых маладзее.
– Нарматыўнымі дакументамі агавораны правы затрыманых. Як вырашаецца гэты комплекс праблем?
– У ізалятары выконваецца рэжым утрымання, а таксама вырашаюцца гаспадарча-бытавыя пытанні (харчаванне, гігіена і санітарыя), аказанне юрыдычнай дапамогі і да т. п. На нас ускладзены функцыі канвою пры неабходнасці дастаўкі затрыманага ў суд або для правядзення следчых дзеянняў. Калектыў ізалятара невялікі, пераважна складаецца з моладзі. Даўно працуюць міліцыянеры-канваіры Віктар Грышан, Баляслаў Янкоўскі, якія ў свой час дапамаглі мне асвоіць спецыфіку гэтай няпростай службы. Па лініі МУС нас часта запрашаюць на курсы, семінары для знаёмства з нарматыўнымі дакументамі і практыкай іх правапрымянення.
– У чым вы бачыце сэнс сваёй работы?
– Грамадзяне могуць спакойна прагульвацца па горадзе, па сельскіх населеных пунктах і не баяцца за сваю бяспеку – у гэтым і ёсць сэнс нашай службы.
– У вашай міліцэйскай біяграфіі было шмат прыступак. Дзесьці яшчэ хацелі б сябе паспрабаваць?
– Калі ёсць цікавасць да жыцця, то ўсюды будзе добра. У мяне ёсць імкненне працаваць і прыносіць карысць.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара