85 тысяч дрэўцаў для нашчадкаў

Нумары Тыдзень лесу

Падчас Тыдня лесу-2014 на Стаўбцоўшчыне пасаджана больш за 85 тысяч дрэў. Удзел у добраахвотнай акцыі ўзялі больш за 400 чалавек – прадстаўнікі розных арганізацый і грамадскіх рухаў, школьнікі і пенсіянеры.

У мінулыя выхадныя для пасадкі лесу прыбыла вялікая група супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь разам з намеснікам міністра лясной гаспадаркі рэспублікі Аляксандрам Корбутам. Яны высаджвалі лясныя культуры клёна і елкі ў Налібацкім лясніцтве, недалёка ад хутара Прудзішча. Плошча зробленых пасадак склала 1,2 га.

Дваццаць маладзенькіх клёнаў з пітомніка стаўбцоўскага доследнага лясгаса высадзілі і работнікі райаддзела міліцыі. Яны аздобілі сквер у Стоўбцах, што знаходзіцца па суседстве з РАУС.

Работнікі лясгаса садзілі дрэвы ва ўсіх лясніцтвах, а дапамогу ім традыцыйна аказвалі іх юныя памочнікі – школьнікі. Быў выдзелены аўтобус для падвозу вучняў школы № 2 горада Стоўбцы ў Акінчыцкае лясніцтва. Дзеці ў дзве змены садзілі сосны і бярозкі. Варта назваць самыя актыўныя школы: Налібацкая, Мікалаеўшчынская, Вішнявецкая, Дзераўнянская. Адгукнуліся на заклік свайго лясніцтва і жыхары Кляцішча – працавітыя вяскоўцы, якія спрадвеку жывуць у атачэнні лесу, яны не адзін дзень запар выходзілі на пасадку лясных культур.

– Агульнымі намаганнямі пасаджана 85 тысяч дрэў на шасці падрыхтаваных участках агульнай плошчай 16,9 га, 600 дрэўцамі дапоўнены лясныя культуры на плошчы 1,3 га – падвёў вынік галоўны ляснічы лясгаса Уладзімір Зялёнка. – Не абышлося і без работ па навядзенні парадку. Так, за гэты тыдзень ударнай працы ўдалося адрамантаваць чатыры месцы адпачынку, ачысціць прыдарожныя палосы ад смецця і захламленасці на плошчы 1,3 га. У асноўным гэта палосы ўздоўж аўтамагістралі М1/Е30, якія вядуць да мемарыяльнага комплекса “Дзяржынава” і інш.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *