У Стаўбцоўскім раёне пачалася міжведамасная акцыя «Дапамажы пайсці вучыцца»

Адукацыя Важное

Напярэдадні новага навучальнага года па ўсёй краіне праходзяць дабрачынныя акцыі «Збяры партфель першакласніку» і «Дапамажы пайсці вучыцца», якія ўносяць свой уклад у карысную справу.

З 19 жніўня  ў Стаўбцоўскім раёне пачалася міжведамасная акцыя «Дапамажы пайсці вучыцца». Галоўная яе мэта – аказаць дапамогу да навучальнага года дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, выявіць падлеткаў, якія не вучацца і не працуюць, і накіраваць іх на вучобу альбо работу.

Акцыя традыцыйна праходзіць у два этапы. Першы – з 19 па 31 жніўня. У гэты перыяд  міжведамаснымі групамі праводзіцца абследаванне жыллёва-бытавых умоў сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзе выхоўваюцца падлеткі, з якімі інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць індывідуальную прафілактычную работу. Члены рэйдавых груп, прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, супрацоўнікі РАУС, РАНС, БРСМ, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры наведанні сем’яў звернуць увагу на наяўнасць у школьнікаў канцылярскіх прылад, школьнага і спартыўнага адзення, рабочага месца вучня і бытавых умоў.

А падчас другога этапа акцыі, з 1 па 2 кастрычніка, неабходна выявіць непаўналетніх, якія нідзе не вучацца і не працуюць, накіраваць іх ва ўстановы адукацыі або аказаць дапамогу ў працаўладкаванні, а таксама ўстанавіць дзяцей, якія знаходзяцца на выхаванні асоб, якія не з’яўляюцца іх бацькамі або апекунамі.

– Да ўдзелу ў акцыі запрашаем усе прадпрыемствы, арганізацыі раёна, неабыякавых людзей, – зазначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько. – Давайце разам дапаможам гэтым дзецям сабрацца ў школу!

Хто жадае паўдзельнічаць у акцыях, звяртайцеся ў інспекцыю па справах непаўналетніх.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *