Кіраўніцтва райвыканкама сустрэлася з жыхарамі Любкаўшчыны

Афіцыйна Главное

У раёне прайшоў планавы дзень інфармавання.

Інфармацыйная група на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзянісам Колясенем працавала ў Любкаўшчынскім доме культуры. На сустрэчу з жыхарамі Любкаўшчыны і суседніх вёсак, працаўнікамі мясцовага сельгаставарыства і ўстаноў сацыяльнай сферы акрамя старшыні райвыканкама прыбылі намеснік старшыні Жанна Лысая, начальнікі аддзелаў раённага выканаўчага камітэта.

Па тэме інфармавання «Ахова мацярынства і дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь» выступіла галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка. Прамоўца акрэсліла дынаміку дэмаграфічных працэсаў у Беларусі і ў нашым раёне, расказала аб дасягненнях у сферы аховы здароўя  маці і дзіцяці.

Намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Любоў Жыбуль падрыхтавала інфармацыю аб мерах дзяржаўнай падтрымкі маладых і шматдзетных сем’яў у будаўніцтве жылля. Аб сістэме дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, праінфармавала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Тарарай. Прысутным была данесена таксама інфармацыя аб аказанні падтрымкі сем’ям у перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года.

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень і старшыня ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Дзяніс Дзішук

Па актуальных пытаннях прафілактыкі наркаманіі выступіў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Іван Мамайка. Выступленне было насычана прыкладамі, бацькам даступна данесена інфармацыя аб небяспецы, якая падсцерагае дзяцей і падлеткаў у сучасны момант, калі ёсць доступ да інтэрнэт-магазінаў. Выступленне не пакінула нікога раўнадушным, таму што ніводная сям’я не застрахавана ад такой бяды.

Ніколі не бывае лішнім падняць праблемы дысцыпліны ў святле патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўкараненні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». Ход выканання Дырэктывы быў абмеркаваны на сходзе.

Абагульняючым было выступленне старшыні райвыканкама Дзяніса Колясеня. Дзяніс Сяргеевіч праінфармаваў прысутных аб стане спраў, планах, перспектывах у аграпрамысловым комплексе і іншых сферах. Шырока былі абмеркаваны пытанні сацыяльнай сферы, будаўніцтва жылля.

Як заўсёды, прысутныя на сходзе маглі задаць свае пытанні. Кожнаму ўдзельніку сходу, хто падняўся, каб акрэсліць набалелае, была ўдзелена належная ўвага. Прагучалі як пытанні грамадскага характару, так і асабістыя. Бацькоўскую грамадскасць турбуе тэма арганізацыі змястоўнага адпачынку падлеткаў і моладзі. Гэтае пытанне было зацікаўлена абмеркавана, кожны мог выказаць свае прапановы і заўвагі. Гаварылася аб патрэбе добраўпарадкавання дарог, асвятлення вуліц і да т. п.

З увагай да ўзнятых пытанняў

Не абышлі ўвагай прысутныя тэму падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Дырэктар Любкаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу Святлана Крыкала выказала ўдзячнасць старшыні ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Дзянісу Дзішуку за дапамогу навучальнай установе не толькі перад вераснем, але і на працягу ўсяго навучальнага года.

У сельскіх жыхароў ёсць клопаты, звязаныя з доглядам прысядзібных участкаў і тых, што ў севазвароце пад пасадку бульбы. Старшыня сельгаставарыства заверыў вяскоўцаў, што не будзе праблем з механізаванай уборкай бульбы на іх участках. У сваю чаргу прыватныя гаспадары выказалі задаволенасць, што тэхнікай сельгаставарыства выдатна даглядаюцца іх надзелы пад бульбу.

Такія выязныя сходы з удзелам кіраўніцтва раёна ў сельскай мясцовасці і райцэнтры дазваляюць жыхарам Стаўбцоўшчыны быць у курсе ўсіх спраў, ведаць, чым жыве раён, а таксама падняць пытанні для таго, каб іх дапамаглі вырашыць на месцах адпаведныя службы і арганізацыі, рабіць жыццё людзей камфортным і радасным.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *