У крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі прайшла чарговая сустрэча

Ахова правапарадку Главное

У крымінальна-выканаўчай інспекцыі з кожным падапечным гатовы працаваць індывідуальна

Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі Уладзімір Кухарчык пачаў чарговую сустрэчу з раней судзімымі і асуджанымі да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, з прыемнай навіны: напярэдадні ў судзе быў умоўна-датэрмінова вызвалены ад пакарання адзін з іх таварышаў, які стаў на шлях выпраўлення. Ён аступіўся, але адумаўся і імкнецца жыць па-іншаму.

Варта сказаць, што такую заахвочвальную меру, як умоўна-датэрміновае вызваленне, у райаддзеле міліцыі сталі прымяняць першымі ў Мінскай вобласці.

Для ўмоўна-датэрміновага вызвалення неабходна выканаць пэўныя патрабаванні, а менавіта: не мець прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці, працаўладкавацца і пачаць жыць матывавана, з асэнсаваным поглядам. «Калі ёсць станоўчыя вынікі, мы ідзём гэтаму чалавеку насустрач», – гаворыць прысутным Уладзімір Кухарчык.

Рэакцыя ў многіх – нервова-скептычная. Некаторыя гатовы нават весці спрэчку: «Навошта вы нам усё гэта расказваеце?..»

Але сітуацыя з вяртаннем раней судзімых у грамадства насамрэч няпростая. З пачатку бягучага года ў адносінах да раней судзімых узбуджана 57 крымінальных спраў. Гэта азначае, што 57 чалавек, якія адбылі турэмнае зняволенне, свядома пайшлі на рэцыдыў злачыннасці і зноў вярнуліся ў месцы пазбаўлення волі.

Сярод раней судзімых нямала тых, хто дапускае парушэнні адміністрацыйнага кодэкса ў сямейна-бытавой сферы. Аплачваць штрафы няма чым, бо працаваць яны і не імкнуцца. А за што жывуць, хочацца запытаць, за што падтрымліваюць станоўчы баланс сваіх мабільных тэлефонаў?!. «Спаганяць штрафы будзем шляхам канфіскацыі вашых тэлефонаў», – папярэджвае Уладзімір Кухарчык. І другі бок гэтай праблемы крыецца ў тым, што пратаколы, якія складзены за ўжыванне спіртных напіткаў і за іншыя правапарушэнні, даюць «пуцёўку» ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Каб не перанесці падобную перспектыву ў сваё жыццё, большасці раней асуджаных неабходна лячыцца ад алкагольнай залежнасці, ісці на працу. У гэтым ім заўсёды гатовы аказаць дапамогу. З улікам таго, што рынак працы не такі багаты на вакансіі, рашэннем раённага выканаўчага камітэта прадугледжана браніраванне месцаў для асоб, якія вызваліліся з месцаў заключэння. Такім асобам выдаюць накіраванне на работу, аднак да службы занятасці многія з іх, на жаль, проста не даходзяць…

Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Іна Сянько расказала прысутным аб магчымасці атрымаць у цэнтры псіхалагічную і гуманітарную дапамогу, пазнаёміла з умовамі аказання ў цяжкай жыццёвай сітуацыі адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *