Гавязна – знак Бацькаўшчыны

Важное Год малой родины

Журналіст і краязнавец Валерый Дранчук

Сёлета Валерый ДРАНЧУК, журналіст і краязнавец, каардынатар кампаніі «За Гавязну», выдаў кнігу, прысвечаную гісторыі змагання за адраджэнне назвы вёскі Вішнявец. Гэтая кніга – яшчэ і прысвячэнне нераўнадушным да назвы свайго роднага кута людзям. Ёсць надзея і на тое, што ў сучасных варунках будуць знойдзены кампрамісныя варыянты і ўнікальны для Беларусі тапонім Гавязна вернецца ў культурна-грамадскі ўжытак.

Нагадаем, што назва вёскі Гавязна знікла з карты Стаўбцоўшчыны ў 1964 годзе. Часу  прайшло шмат, а тэма не згубіла сваёй актуальнасці.

– Я тады вучыўся ў сёмым класе, – прыгадвае Валерый Дранчук. – Першая мая рэакцыя і рэакцыя аднакласнікаў, настаўнікаў была такая: не стала назвы. Тады нам ніхто не казаў, што гэта культурны знак, сімвал бацькаўшчыны, але і на тым узроўні свядомасці мы ўяўлялі, што нас трошачкі абакралі. Што здарылася пасля?.. Я ўжо працаваў у Мінску і прыехаў у Вішнявец. Мяне паклікаў былы дырэктар школы, выкладчык гісторыі, і сказаў: «Валерый, трэба ратаваць Гавязну».

Сказаў так чулліва, што я згадзіўся яе ратаваць. Гэта быў 1992 год. Як журналіст, публіцыст задумаўся, што магу зрабіць. Магу ратаваць словам. І на восеньскія дзяды напісаў у раённую газету (тут яе ўжо згадвалі, яна гэтага заслугоўвае) зварот да землякоў. Ён быў цалкам надрукаваны. Святар у царкве настолькі пранікся гэтым матэрыялам, што вырашыў зачытаць яго перад прыхаджанамі. Тут жа стыхійна, на чыстым аркушы паперы, людзі пачалі падпісвацца за Гавязну.

Уласна з гэтага пачаўся грамадскі рух «За Гавязну». Змаганне ідзе больш за 30 гадоў. Тапаніміяй я не займаўся. Родам я з хутара Гавязна і з’яўляюся духоўным правапераемнікам маёнтка Гавязна, вядомага з XVI стагоддзя, фальварка Гавязна, якім валодаў мой дзядуля і дзе на цяперашні час я жыву. Безумоўна, і мястэчка Гавязна мне блізкае, таму што ўсе яго жыхары – гэта мае родныя, настаўнікі, і мне вельмі важна выканаць свой абавязак перад землякамі, продкамі.

Валерый Дранчук зачытаў унікальны дакумент – ліст жыхароў Гавязны да мясцовай улады, датаваны  красавіком 2003 года. Людзі прасілі вярнуць тое, што ў іх забралі. Рабілі гэта вельмі эмацыянальна.

«Што праўда, была ў нас адвеку свая назва вёскі, – гаворыцца ў лісце. –  І ніводная ўлада, якая прыходзіла, не давала яе мяняць. Брала і карысталася. А ў 1964 годзе знайшлася такая нагода – змяніць назву. Гадаваная вякамі, наша Гавязна апынулася на сметніку, а заўладала новая, нікім не чутая – Вішнявец. Мы засталіся як без роду. Бо што такое назва? Гэта корань мясцовасці. Як кажуць, ад Бога. Пачатак нашых пачаткаў. Гавязна ўпамінаецца з незапамятнага часу. Яшчэ на свеце не было ні Пятра Першага, ні Івана Жахлівага, а Гавязна ўжо была. З ёю Радзівілы лічыліся. З веку ў век Гавязна пісалася Гавязною…»

Трэба патлумачыць, што Радзівіл сваёй шчодраю рукою, калі купіў гэтыя землі ў слуцкага князя Яна Алелькавіча, аддаў іх езуітам і бенедыктынкам. Мястэчка зручна размяшчалася пры гасцінцы, наваколле тут надзвычай прыгожае. І тады, як акцэнтуе ўвагу Валерый Дранчук, князь не думаў пра тое, што Гавязна, прабачце, нечым пахне.

Вяртаць ці не вяртаць старадаўнюю назву, мясцовыя ўлады параілі даведацца шляхам пісьмовага апытання.

З тых пор – працяглая паўза… З Гавязною памерлі, на жаль, многія мясцовыя жыхары… А хочацца, каб з Гавязною і нараджаліся, жылі, таму, як абяцае Валерый Дранчук, будуць зроблены новыя намаганні, каб урэшце вярнуць Гавязну.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *