Аграрыі раёна справіліся з уборкай і закладваюць падмурак пад будучы ўраджай

Факты, падзеi, людзi

Аграрыямі нашага раёна сёлета намалочана 67 602 тоны збожжавых і зернебабовых культур, якія займалі плошчу 21 756 гектараў. Ураджайнасць склала 31,1 цэнтнера збожжа з гектара – адзінаццаты вынік сярод раёнаў вобласці. Застаецца ўбраць грэчку і дамалаціць проса.

– Ураджайнасць атрымалі вышэйшую, чым у мінулым годзе,  – гаворыць начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Клаўшун. – І гэта неблагі паказчык, бо нам складана спаборнічаць з Нясвіжскім, Дзяржынскім, Слуцкім і іншымі раёнамі, якія маюць даволі высокі бал зямлі. Сярод работнікаў гаспадарак, як і ў папярэднія гады, вызначыліся хлебаробы ААТ «Вялікі Двор», на другім месцы працаўнікі ААТ «Жацерава» і на трэцім – ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Прыемна здзівілі сёлета рупліўцы палеткаў ААТ «Налібакі Агра», якія займаюць пяты радок па ўраджайнасці збожжавых. І гэта вынік цеснага супрацоўніцтва  з навукоўцамі. Многа было ўкладзена сіл і сродкаў для таго, каб атрымаць такі высокі вынік. Строга вытрымлівалася тэхналогія, шчыра папрацавалі спецыялісты і механізатары.

– А чым адметная сёлетняя ўборачная кампанія?

– Яна пачалася раней, чым у папярэднія гады, і выдалася даволі складанай па ўмовах надвор’я, але аграрыі раёна паспяхова справіліся з цяжкасцямі і завяршылі жніво своечасова, з мінімальнымі стратамі. Гаспадаркі, якія ўбралі ўраджай раней, дапамагалі калегам. Камбайнеры ААТ «Жацерава», ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Рубяжэвічы», ААТ «Якуба Коласа» і  ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» шчыравалі на палетках ААТ «Шашкі», ААТ «Налібакі Агра», ААТ «Рочавічы», ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Была камандзіравана тэхніка і ў два раёны Мінскай вобласці, якія адставалі па тэмпах уборкі, – Барысаўскі і Смалявіцкі.

– Мікалай Мікалаевіч, а ці апраўдаліся сёлета надзеі на валавы збор збожжа?

– Мы меркавалі, улічваючы засушлівыя ўмовы надвор’я, атрымаць каля 70 тысяч тон збожжавых і зернебабовых. Але апошнія нас, так бы мовіць, падвялі. Ураджайнасць іх сёлета даволі невысокая – намалацілі ў сярэднім з кожнага гектара 23,3 цэнтнера. Гэта звязана з засухай – гарох не наліўся да патрэбнай масы тысячы зярнят. Удалася даная культура, якой пастаянна удзяляецца неаслабная ўвага, толькі ў ААТ «Вялікі Двор», дзе сабралі на круг 46,6 цэнтнера – дастойны вынік.

Як і ў мінулыя гады, вышэйшай ураджайнасцю аддзячылі азімыя, у прыватнасці пшаніца – намалочана па раёне 35,2 цэнтнера з гектара. Зразумела, даная культура даволі затратная, бо патрабуе ўнясення большай колькасці ўгнаенняў, правядзення падкормак азотам і фунгіцыдных апрацовак, але ўкладзеныя сродкі сябе апраўдваюць.

Увогуле ж пры спрыяльных умовах надвор’я нашым аграрыям па сіле атрымліваць і больш за сто тысяч тон збожжа. Сёлета недаатрымалі ўраджай не толькі нашы хлебаробы, але і работнікі раслінаводчай галіны ўсёй рэспублікі. Карэкціраваць нябесную канцылярыю мы, на жаль, пакуль не навучыліся, таму стараемся па максімуме вытрымліваць тэхналогію, але поўнасцю кампенсаваць недахоп вільгаці немагчыма.

– Гэтымі днямі на палетках шчыруюць сейбіты, закладваецца падмурак пад будучы ўраджай. Якія ўнесены карэкціроўкі ў асенні севазварот?

– Азімыя збожжавыя зоймуць 15 800 гектараў, плошча пад імі павялічана на тысячу гектараў.  Для забеспячэння кармавой базы азімае жыта будзе пасеяна ў чыстым выглядзе і ў сумесі з вікай. А таксама  на выпас жывёле будуць засеяны жытам участкі ля жывёлагадоўчых фермаў, каб вясною атрымаць ранні зялёны корм. Даная збожжавая культура – добры папярэднік пад кукурузу і шматгадовыя травы.

Папаўняюцца запасы мінеральных тукаў, вывозяцца на палеткі арганічныя ўгнаенні. Прыкладваюцца старанні, каб у будучым годзе атрымаць дастойны ўраджай.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *