Віталій Галавачэнка ўжо трэці год працуе юрысконсультам у ААТ «Каганец» і не шкадуе

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

У Віталія Галавачэнкі даволі складаная і адказная работа: ён працуе юрыс-консультам у ААТ «Каганец». Месца работы выбраў свядома, хоць мог паспрабаваць уладкавацца ў дзяржаўную або прыватную арганізацыю ў сталіцы. Свабодны дыплом гэта дазваляў, бо пасля заканчэння Мінскага тэхнікума бізнесу і права вучыўся таксама на платным аддзяленні Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта на факультэце правазнаўства. Аднак не маючы пэўнага вопыту, разлічваць на высокааплатнае і прэстыжнае месца не прыходзілася. І тады вырашыў паспрабаваць свае сілы на сельгаспрадпрыемстве, аб якім нямала чуў станоўчага.  Балазе вучыўся па спецыяльнасці «гаспадарчае права». Размешчана таварыства непадалёку ад райцэнтра, арганізавана дастаўка работнікаў з горада да месца працы.

Пасля гутаркі з маладым юрыстам дырэктар таварыства Пётр Малахаў вырашыў узяць Віталія Галавачэнку на працу. І не пашкадаваў. Віталій ужо трэці год займае пасаду юрысконсульта і, па яго словах, звальняцца пакуль не збіраецца. Работа яму падабаецца. На месцы не сядзіць. Пастаянна ў раз’ездах. Бывае ў розных гарадах, дзе заключае дагаворы з пастаўшчыкамі сельскагаспадарчай тэхнікі. Выязджае, калі спажыўцы маюць прэтэнзіі наконт пастаўленага тавару.

– Распрацоўваю розныя лакальна-прававыя акты ў гаспадарцы, прадстаўляю інтарэсы таварыства ў розных органах, у тым ліку і ў судзе, – расказвае Віталій, – складаю розныя дагаворы з прадпрыемствамі і арганізацыямі, прыватнымі асобамі. Работы хапае. Адначасова даю кансультацыі людзям па тых ці іншых пытаннях.

– Стараюся працаваць так, каб майму пераемніку – а ў жыцці ўсякае здараецца – не прыйшлося пачынаць работу з нуля, – гаворыць Віталій, – напрацоўваю прававую базу. Раюся, калі ёсць патрэба, са спецыялістамі-юрыстамі з іншых гаспадарак, сваімі аднакурснікамі. Прытрымліваюся правіла: для таго каб многа ведаць і быць граматным спецыялістам, трэба пастаянна вучыцца.

На пытанне, чаму выбраў менавіта гэтую прафесію, адказаў проста, без хітрасці. Маўляў, падабалася глядзець па тэлевізары крымінальныя серыялы. З цягам часу зразумеў, што гэта няпростая работа, якая патрабуе нямала сіл, і галоўнае  – моцнага здароўя. Медыцынскую адборачную камісію мог не прайсці. Аднак ад думкі стаць юрыстам не адмовіўся.

– Не хочуць маладыя спецыялісты ў вёсцы працаваць, – разважае Віталій, – літаральна бягуць ад цяжкасцяў, і ў многіх гаспадарках ужо практычна не засталося моладзі. Што ж будзе далей? Хто прыйдзе на змену старэйшаму пакаленню? Гэта глабальная праблема, вырашэнне якой залежыць ад многіх фактараў. А вельмі хацелася б, каб вёскі квітнелі і развіваліся.

Віталій Галавачэнка вырас у горадзе, але яму даспадобы вясковы быт. Любіць прыроду, хадзіць у лес па ягады і грыбы і проста падарожнічаць. Дабіраецца да аблюбаваных месцаў на электрычцы або пешшу. Гаворыць, што адпачывае на ўлонні і такім чынам атрымлівае душэўны спакой пасля напружанага працоўнага тыдня. Дома ў бацькоў свой агарод, які таксама патрабуе догляду.

У гэтага маладога чалавека з гаспадарлівай жылкай ёсць мэта ў жыцці, да якой ён паступова імкнецца. І свой неабыякавы погляд на рэчаіснасць, з якой штодзень сустракаецца. Віталій толькі пачынае жыццё, і якім яно будзе,  залежыць толькі ад яго. Галоўнае – правільна выбраць дарогу, якая прывядзе да ажыццяўлення намечанага. А ў прафесіі сваёй ён ужо спраўдзіўся.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *