Плытніцтва на Стаўбцоўшчыне

Важное Год малой родины

У чэрвені бягучага года ў Стоўбцах прайшоў рэспубліканскі навукова-практычны семінар «Стаўбцоўшчына на гісторыка-культурнай карце Беларусі», прымеркаваны да Года малой радзімы.

Падчас яго прагучалі цікавыя даследаванні з унікальнымі звесткамі, адшуканымі вучонымі Беларусі ў архіўных і іншых крыніцах. І сёння, вяртаючыся да навуковага форуму, прапануем звярнуцца да тэмы плытніцтва на Стаўбцоўшчыне разам з кандыдатам філалагічных навук Веранікай КУРЦОВАЙ, загадчыцай аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Выступае даследчык Вераніка Курцова

Нёман і Стоўбцы, Новы Свержань – гэта знакавыя месцы нашага краю. Адсюль пачынаўся шырокі гандаль, суднаходства і плытагонства.

Плытагонства – адметны пласт у сістэме беларускага лексікона. Калі сельскай гаспадаркай займаліся літаральна ўсе, то ганяць плыты было справай выключна мужчынскай. Справа гэтая была сезоннай, часовай. Каб скласці слоўнік плытніцтва, якое мела месца на тэрыторыі Беларусі, былі апрацаваны даныя дыялекталагічных эскпедыцый з розных рэгіёнаў, водных басейнаў Беларусі, у тым ліку і з нёманскага. Але на Стаўбцоўшчыне спецыяльнай экспедыцыі наконт таго, як вязалі плыты, не было. А ўсё таму, што гэтым у Стоўбцах не займаліся. Іх вязалі ў мястэчку Пясочнае (так падаецца ў тагачаснай літаратуры), што на тэрыторыі Капыльскага раёна. Таксама былі выкарыстаны лексікаграфічныя матэрыялы, у прыватнасці агульнавядомыя слоўнікі краёў Чэрвеншчыны, Віцебскіх краёў, якія выдаваліся ў пачатку ХХ стагоддзя, і больш познія выданні.

Экспедыцыі па Нёмане праводзіліся шырока, і рабіў іх вядомы даследчык Іван Ігнатавіч Крамко. Пра Стаўбцоўшчыну прадстаўлены матэрыялы ў  дыялекталагічным зборніку ўраджэнкі нашай зямлі Г. М. Прышчэпчык. Крыніцы лінгвагеаграфічныя – гэта каласальная скарбонка інфармацыі. У іх каля чатырох тысяч паняццяў, прысвечаных плытагонству. Плытагонства – гэта не толькі вязаць плыты, але і сплаўляць іх па рацэ. Да прыкладу, месца, дзе складаўся ў Стоўбцах звезены з усёй Міншчыны лес, які потым грузілі і сплаўлялі, называлася рум. Калі звярнуцца да крыніц гістарычных, выданняў сярэдзіны ХІХ стагоддзя, то працінае жах, наколькі плытагонства на Нёмане было небяспечным заняткам, бо гэта і мелкаводдзе, і карчы, і гіблыя месцы.

Стоўбцы і Новы Свержань – месцы, дзе не толькі пачыналася суднаходства, але і вялося будаўніцтва суднаў. Пра тое, што ўяўляў сабой Нёман у тагачаснай Мінскай губерні, расказвае выданне, падрыхтаванае гісторыкам Зяленскім: «Берагі Нёмана некалькі ўзвышаныя, але пакатыя і большай часткай пясчаныя. Шырыня ракі ў нармальным становішчы ад мястэчка Нова Свержна (менавіта так падаецца ў крыніцах) мае да 18 сажняў (звыш 38 м). Глыбіня Нёмана сягае да метра, і гэта па ўсім фарватары. У самых нізкіх месцах глыбіня да 60 см. Дно пясчанае».

Суднаходства па Нёмане пачыналася ад мястэчка Новы Свержань і далей па ўсёй лініі Мінскай губерні складала 144 вярсты (звыш 150 км). Сплаў лесу пачынаўся за 45 вёрст ад Новага Свержаня, ад упадзення ракі Усы, каля Пясочнага. А наогул уся даўжыня шляху складала 189 вёрст. Гэта быў вельмі актыўны водны шлях. Плыты, у адрозненне ад суднаў, рухаліся па Нёмане ўвесь навігацыйны перыяд, іх гонка не спынялася нават у самае гарачае лета.

Па Нёмане хадзілі баркі, паўбаркі, віціны, готы, лодкі і плыты. Заходзілі ў Стаўпецкую прыстань, хоць і рэдка, соды і берліны. Хадзіць на лодках і іншых відах суднаў было вельмі выгадна. Асноўнымі суднамі лічыліся віціны і баркі, і будавалі іх у Новым Свержані і Стоўбцах. Лодкі выраблялі ва ўсіх месцах усцяж канала Агінскага. Будавалася іх шмат, таму што была на тое патрэба. На той час узрасла канкурэнцыя паміж суднаходствам і чыгункай.

Захаваліся ўспаміны людзей, якія калісьці ганялі плыты. Плыт на Стаўбцоўшчыне – гэта адно звяно, называўся лава. Каб кіраваць ім, быў спецыяльны шост і людзі, якія стаялі спераду і ззаду. На Нёмане выкарыстоўваўся гарполь. Сярод іншых адметнасцяў – плыты, які звязвалі паміж сабой, калі Нёман быў шырокі. Выкарыстоўваліся звычайныя вязальныя сродкі – віці або віткі, а паміж сабою лес, які ганялі, звязвалі жорасцямі. Каб спыніцца ў дарозе на начлег, тармазілі барбарай.

У слоўніку плытагонства налічваецца 1700 лексічных адзінак, якія адлюстроўваюць спецыфіку як самога рамяства, так і раёна ў цэлым. Варта звярнуць увагу на асаблівую групу лексікі. Сплаўлялі не проста лес, які вязалі ў плыты, а пэўным чынам апрацаваны. Папулярнымі былі брусы ці балкі. Брусы былі галандскія, англійскія. Каб сплавіць брус у Еўропу, трэба было вытрымаць пэўны стандарт, памеры. Як сведчаць матэрыялы Зяленскага, на Міншчыне рыхтавалі англійскія каронныя балкі. Яны былі гладкія, без сукоў, квадратныя, чатырохкантовыя, у якіх кожны з бакоў меў шырыню да 30,5 см, даўжыню – да 6,5 м. Былі яшчэ брусы клайпедскія і херсонскія. Адметнасць апошніх – адсутнасць усякіх стандартаў, бо Херсон, дзе горача і не расце лес, прымаў любое дрэва.

Сярод брусоў вылучаліся шліфты, шліпары, шліпры, швелі. Былі яшчэ лапаты. Чым яны адрозніваліся ад стандартнага бруса? Гэтыя медальёны абчэсваліся толькі на два бакі. Акрамя таго, рабілі мачты, а таксама чартоўкі. Чартоўкі – сасновыя ці яловыя бярвёны даўжынёй ад 4 да 8 м, напаўабчасаныя. І самае адметнае – матэрыял, які рыхтаваўся ў Стоўбцах, ішоў у Нарвегію.

З даследавання відавочна, наколькі актыўныя і шырокія эканамічныя сувязі мелі Стоўбцы з краінамі Еўропы. Большасць найменняў таго, што ў нас выраблялі і грузілі, – гэта запазычанні, якія замацаваліся ў мясцовых гаворках і складаюць наша лексічнае багацце. Даследчыкі звяртаюць увагу на іх англійскія, нямецкія карані.

Безумоўна, актыўны гандаль, суднаходства і суднабудаўніцтва праслаўлялі Стоўбцы на еўрапейскім рынку. Нам ёсць чым ганарыцца і расказаць падрастаючаму пакаленню пра значнасць Нёмана для пашырэння кантактаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *