У Стоўбцыгазе адкрыўся цэнтр па абслугоўванні

Главное Эканомiка

У аўторак на бягучым тыдні было святочна ў ВУ «Стоўбцыгаз». 

На ўрачыстае адкрыццё цэнтра па абслугоўванні насельніцтва былі запрошаны старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень, генеральны дырэктар УП «Мінскаблгаз» Юрый Кукліцкі, начальнікі аддзелаў апарату ўпраўлення, дырэктары філіялаў УП «Мінскаблгаз» з усёй Мінскай вобласці.

Завяршэнне будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю адміністрацыйнага будынка супалі з важнай юбілейнай датай у гісторыі ВУ «Стоўбцыгаз» – 55-годдзем з дня заснавання арганізацыі. Гэта ўсё надало своеасаблівую танальнасць святу. 

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень адзначыў, што заўсёды прыемна прысутнічаць на адкрыцці новых аб’ектаў, звярнуўся да працаўнікоў Стоўбцыгаза як да землякоў і парадаваўся, што раён развіваецца вось у такіх новабудоўлях, якія паляпшаюць абслугоўванне яго жыхароў і робяць выгляд Стаўбцоўшчыны цывілізаваным. Кіраўнік раёна даў высокую ацэнку арганізацыі дзейнасці ВУ «Стоўбцыгаз» і ўзаемаадносін у калектыве.

Радасць з нагоды адкрыцця новага аб’екта, які істотна палепшыць абслугоўванне жыхароў раёна, выказаў генеральны дырэктар УП «Мінскаблгаз» Юрый Кукліцкі і адзначыў, што такія цэнтры ўжо адкрыты і будуць надалей адкрывацца ва ўсіх ведамасных філіялах вобласці.

Шчырым і эмацыянальным было выступленне начальніка ВУ «Стоўбцыгаз» Івана Шпілеўскага, які выказаў і вышэйстаячым арганізацыям, і райвыканкаму, і сваім калегам, падначаленым вялікую ўдзячнасць за падтрымку ва ўзвядзенні новага адміністрацыйнага будынка, што злучаны са старым корпусам у адно цэлае. Падчас будаўніцтва аб’екта ўзнікала нямала непрадбачаных сітуацый, якія патрабавалі ад працаўнікоў не лічыцца з часам, затрымлівацца на рабоце, праяўляць старанні, ініцыятывы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, стварэнні ўтульнасці, камфорту – усё гэта калегіяльна вытрымана і дастойна перанесена. Словы шчырай удзячнасці сагрэлі працаўнікоў і далі новае дыханне для далейшай прадукцыйнай работы. Кіраўнік адзначыў, што дзейнасць па ўмацаванні матэрыяльнай базы і добраўпарадкаванні тэрыторыі будзе працягвацца.

Генеральны дырэктар УП «Мінскаблгаз» Юрый Кукліцкі ўручае сімвалічны ключ начальніку ВУ «Стоўбцыгаз» Івану Шпілеўскаму
Свае артысты — Сяргей Хвалько, Вольга Шыбко, Марыя Бандарык

Паколькі ўрачыстасць супала з юбілеем арганізацыі, старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень і генеральны дырэктар УП «Мінскаблгаз» Юрый Кукліцкі ўручылі ўзнагароды лепшым працаўнікам ВУ «Стоўбцыгаз». Было адзначана, што, нярэдка працуючы ў складаных умовах, спецыялісты Стоўбцыгаза забяспечваюць безаварыйную эксплуатацыю газавых сетак і ўсяго газавага абсталявання, дэманструюць высокі прафесіяналізм і вернасць справе. У сучасны момант прыродны газ «бяжыць» па 806 кіламетрах, якія знаходзяцца на абслугоўванні калектыву Стоўбцыгаза. У мінулым годзе было рэалізавана 44 мільёны метраў кубічных прыроднага газу, палова з гэтага аб’ёму – жыхарам прыватных дамоў.

Пасля традыцыйнага пераразання стужкі ўдзельнікі ўрачыстасці былі запрошаны ў цэнтр па абслугоўванні насельніцтва. Святочнасць, шыкоўнасць ствараюць светлавыя табло, сучасны інтэр’ер памяшканняў, выдатная арганізацыя рабочых месцаў.

Начальнік службы ўліку газу Вольга Ёдчык пазнаёміла з гісторыяй прадпрыемства, правяла экскурсію па рабочых кабінетах.

У новым цэнтры па абслугоўванні створаны выдатныя ўмовы для работы супрацоўнікаў і для кліентаў. Існуе, напрыклад, куточак для дзяцей, якія могуць быць занятыя, пакуль бацькі вырашаюць свае пытанні.

Абслугоўваюць наведвальнікаў кантралёры службы ўліку Аліна Карнілава, Вераніка Макарэвіч, Наталля Кажамяка, Паліна Камяк – спецыялісты з вопытам работы ў газавай службе. Ім да твару прыгожае офіснае спецадзенне, усмешка і прыветнасць. Наведвальнікаў будуць абслугоўваць і ў суботу, а ў рабочыя дні – да 20 гадзін. Так што, каб атрымаць паслугу, не трэба зрывацца з працы ў рабочы час.

Цэнтр па абслугоўванні наведвальнікаў гасцінна адкрывае дзверы!

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *