Каб не сапсаваць адпачынак, захоўвайце правілы гігіены

Важное Медыцына

Перыяд  адпачынку працягваецца, наперадзе так званы бархатны сезон. Таму не лішнім будзе нагадаць аб небяспецы, якая можа падсцерагаць падчас летняга адпачынку.

На гэты перыяд прыходзіцца найбольшая колькасць вострых кішэчных інфекцый. Таму патрэбна захоўваць простыя правілы гігіены. Старанна мыйце фрукты і гародніну. Не варта браць у дарогу вараную каўбасу, прыгатаваныя салаты, малочныя прадукты, пірожныя і торты, адным словам, тое, што хутка псуецца ў спякоту. Патрэбна пастаянна мыць рукі, па магчымасці апрацоўваць іх сурвэткамі, прамочанымі антысептыкам. Прадукты лепш не купляць на стыхійных рынках, патрэбна заўсёды звяртаць увагу на тэрмін іх годнасці. Піце бутыляваную ваду. Купацца можна толькі ў тых вадаёмах, дзе дазволена. Старайцеся не глытаць ваду ў басейнах і пры купанні ў адкрытых вадаёмах.

Некаторыя бяруць з сабой у адпачынак сабак ці катоў. Яны абавязкова павінны быць прышчэплены супраць шаленства.

Калі вас укусіла жывёліна, асабліва бадзяжная, месца ўкусу патрэбна добра прамыць праточнай вадой з наступнай апрацоўкай перакісам вадароду, антысептыкам, які ўтрымлівае спіртавы настой, і як можна хутчэй звярнуцца да ўрача. Абавязкова патрэбна прайсці курс антырабічных прышчэпак і вырашыць пытанне аб правядзенні прышчэпак супраць слупняку. Аб прафілактыцы гэтага захворвання патрэбна паклапаціцца, выязджаючы на дачу: дастаткова ўкалоцца калючкамі ружы ці парэзацца травой, а затым пакапацца ў зямлі неабароненымі рукамі, каб мець небяспеку захварэць на слупняк. Уберагчы ад яго можа толькі прышчэпка.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Неабходна памятаць і аб мікраспарыі, ці стрыгучым лішаі. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце з жывёламі ці прадметамі, інфіцыраванымі шэрсцю. Назіраліся выпадкі заражэння дзяцей пасля гульні ў пясочніцы. Пры з’яўленні падазроных высыпанняў у дзіцяці на скуры ці на валасяной частцы галавы звяртайцеся да ўрача-дэрматолага, нічым папярэдне не змазваючы, гэта можа абцяжарыць дыягностыку. Для папярэджання заражэння мікраспарыяй неабходна мыць рукі, не дазваляць дзецям насіць чужыя рэчы і карыстацца чужымі расчоскамі, не гуляць з бадзяжнымі жывёламі. Калі вы вырашылі завесці ката ці сабаку, патрэбна праверыць яго ў ветэрынара.

Такія захворванні, як энцэфаліт, хвароба Лайма, тулярэмія, могуць выклікаць кляшчы. Пачатковыя сімптомы захворвання неспецыфічныя і нярэдка нагадваюць звычайную прастуду. Кляшчы найбольш актыўныя ў яснае надвор’е ў ранішні час і ў вячэрні час з 16 гадзін. Карыстайцеся рэпелентамі, якімі патрэбна апрацоўваць адкрытыя ўчасткі цела і адзенне. Для прагулкі ў лес выбірайце закрыты абутак, адзенне павінна закрываць цела, не забывайце пра галаўныя ўборы. Калі  ўсё ж вы выявілі кляшча на сабе, выдаліце яго ў найбліжэйшай медыцынскай установе ці самастойна. Абавязкова звярніцеся да ўрача для назначэння прафілактычнага лячэння і медыцынскага нагляду. Даследаванне кляшча праводзіцца на платнай умове ў Мінскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Бясплатна  такая паслуга аказваецца для асоб, якія маюць медыцынскія супрацьпаказанні да прыёму лекавых сродкаў, у бактэрыялагічнай лабараторыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Там, дзе магчымы цесны кантакт аднаго чалавека з іншым, ёсць небяспека заразіцца педыкулёзам: у грамадскім транспарце, падчас знаходжання ў адпачынку, пры сумесным карыстанні адзеннем, пасцельнымі рэчамі, расчоскамі, шчоткамі, галаўнымі ўборамі і да т. п. Каб гэтага не адбылося, захоўвайце правілы асабістай гігіены і вучыце гэтаму дзяцей. Праводзьце ўзаемныя агляды членаў сям’і пасля іх доўгай адсутнасці дома. Перыядычна праводзьце агляды валасоў, адзення ў дзяцей, якія наведваюць дашкольныя ўстановы. Будзьце асабліва пільныя пасля канікулаў. Уважліва аглядвайце пасцельныя рэчы падчас падарожжаў.

Пры з’яўленні прыкмет інфекцыйнага захворвання пасля вяртання з паездкі з-за мяжы неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача і паведаміць аб тым, што вы знаходзіліся па-за межамі сваёй краіны.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *