Каласавіны Анатоля Васільевіча Грэкава

Главное Культура

Гэты артыкул – усяго толькі невялікая крыха і адначасова ўрывак з будучай кнігі пра зробленае на культурнай ніве Стаўбцоўшчыны Анатолем Васільевічам Грэкавым – чалавекам, якога ў нашым раёне ведалі ўсе. 27 жніўня ён адзначыў бы сваё 70-годдзе. Аднак лёс распарадзіўся так, што пра яго мы сёння, на вялікі жаль, мусім гаварыць у мінулым часе.

Прызнаюся, я не ведаю, якое са шматлікіх масавых святочных дзействаў, што пачынаючы ад 1985 года на працягу чвэрці стагоддзя ладзіліся стаўбцоўскім аддзелам культуры, было самым блізкім і любімым для Анатоля Васільевіча Грэкава. Як загадчык культурнага ведамства ён не толькі апекаваўся над многімі агульнараённымі мастацка-культурнымі мерапрыемствамі, але і быў ініцыятарам і натхняльнікам большасці з іх. Гэта і раённае свята народнай творчасці «Красуй, Беларусь!», і рэспубліканскае літаратурна-мастацкае свята «Каласавіны», i фестываль мастацтваў народных і ўзорных калектываў «З музыкай да Коласа», i фестываль юных музыкантаў «Сымон-музыка», а таксама конкурсы дзіцячага танца «Бусляняткі», тэатральных пастановак «Казкі жыцця», беларускай песні «Альбуцкая крынічка», рэгіянальны пленэр юных мастакоў «Дзе льецца Нёман срэбраводны», дзіцячы фестываль рамёстваў «Сядзіба новазямельцаў», літаратурнае свята для школьнікаў «Слова пра Коласа», фестываль хароў і ансамбляў песні «Прыстань віцінаў», свята гумару «Мікалаеўшчынская прыстанька»… У кожнай са згаданых маштабных імпрэз была часцінка яго душы. І гэта зусім не гучныя словы. Анатоль Васільевіч сапраўды рупіўся, каб культурнае жыццё Стаўбцоўшчыны было разнапланавым, каб захоўваліся і развіваліся ў раёне народныя традыцыі, каб расцвіталі на зямлі Якуба Коласа новыя юныя таленты, каб квітнела ў родным куце песняра беларускае слова.

Як мне здаецца, усе гэтыя крытэрыі шчыраванняў Анатоля Грэкава на культурнай ніве Стаўбцоўшчыны найбольш поўна спалучаліся менавіта ў Каласавінах – адметным літаратурна-мастацкім свяце роднай мовы, якое штогод ладзіцца ў гонар народнага песняра ў нас, на яго малой радзіме.

Асноўны рухавік

Анатоль Васільевіч заўсёды быў асноўным рухавіком гэтага мерапрыемства, сумесна з кіраўніцтвам музея песняра распрацоўваў усе яго дэталі, а пасля асабіста браўся за ажыццяўленне намечанага. Яму ўдавалася згуртаваць вакол сваёй ідэі аднадумцаў з ліку работнікаў культуры, а таксама знайсці падыход да некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў, калгасаў і сельсаветаў раёна, каб з іх дапамогай, найперш тэхнічнага плана, увасобіць задуманае. Не пакідалі яго арганізатарскія клопаты і непасрэдна падчас правядзення Каласавін, увесь сцэнарый якіх, аж да руху транспарту, харчавання гасцей і г. д., быў на ім. Менавіта такой вялікай загружанасцю хацелася б патлумачыць той факт, што Анатоля Васільевіча рэдка калі можна было ўбачыць у ганаровых прэзідыумах свята. Але тыя, хто добра яго ведаў, пацвердзяць, што гэта далёка не так. На самай справе ён быў вельмі сціплым чалавекам і не любіў выпячваць свае заслугі, таму заўсёды ахвотна аддаваў рэй кіраўніцтву Коласавага музея, застаючыся на арганізаванай ім жа імпрэзе на другім плане.

Нязменным правілам Каласавін з’яўляецца ўдзел у іх прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі краіны – пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў, навукоўцаў, супрацоўнікаў вядучых музеяў – і лепшых мастацкіх калектываў Стаўбцоўскага раёна. Адрасамі свята ў абавязковым парадку становяцца мемарыяльныя сядзібы філіяла Коласавага музея – Акінчыцы, Альбуць, Смольня, а таксама вёска Мікалаеўшчына, дзе ўстаноўлены помнік народнаму паэту. На час правядзення ўрачыстасцяў музейныя аб’екты ператвараюцца ў імправізаваную сцэнічную пляцоўку, дзе выступаюць мастацкія калектывы з устаноў культуры раёна. Асаблівасць іх рэпертуару – народныя песні, у тым ліку і запісаныя на Стаўбцоўшчыне, а таксама музычныя і вакальныя творы, створаныя паводле твораў Якуба Коласа. Заключным жа акордам Каласавін з’яўляецца літаратурна-мастацкая вечарына, удзел у якой бяруць знакамітыя госці свята.

Маюць Каласавіны і свае адметнасці. Калі наведванне іх удзельнікамі мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю Якуба Коласа, заўсёды застаецца нязменным атрыбутам, то фінальная частка свята кожны раз мяняе сваю прапіску: сустрэчы з пісьменнікамі і навукоўцамі, артыстамі і мастакамі праходзяць не толькі ў Стоўбцах, але і ва ўстановах культуры буйных населеных пунктаў раёна. Частымі гасцямі «каласавінцы» бываюць і ў школах, дзе іх заўсёды чакае цікавая і дапытлівая аўдыторыя. Як правіла, спецыяльна да Коласавага свята прымяркоўваецца і ўрачыстасць, прысвечаная ўвекавечванню якой-небудзь важнай у гісторыі раёна падзеі альбо памяці пра вядомых ураджэнцаў Стаўбцоўшчыны.

Два аднадумцы

Упершыню літаратурна-мастацкае свята пад назвай «Каласавіны» прайшло на Стаўбцоўшчыне ў 1985 годзе. Да гэтага з рэгулярным пастаянствам у родным куце песняра праводзіліся толькі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілейных дат у яго жыццяпісе. Праходзілі яны заўсёды маштабна, з прыцягненнем вядучых мастацкіх колаў і творчых сіл Беларусі. Але такое здаралася толькі раз на пяць гадоў. Таму запоўніць чатырохгадовы прабел у справе папулярызацыі творчай спадчыны Якуба Коласа якраз і была заклікана новая масавая імпрэза, якая адразу ж стала знакавай падзеяй у культурным жыцці раёна.

– Пасля 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, святкаванне якога прайшло на Стаўбцоўшчыне з асаблівым размахам, стала відавочна, што асоба і творчасць народнага песняра вельмі запатрабавана ў грамадскім і культурным жыцці беларусаў, – успамінае былы дырэктар Коласавага музея Георгій Ткачэвіч. – Нам, музейшчыкам-коласаўцам, хацелася як-небудзь падтрымаць такую народную цікавасць, паспрыяць яшчэ большаму яе пашырэнню. У гэтым рэчышчы і нарадзілася ідэя правядзення на малой радзіме Якуба Коласа, і найперш на нашых музейных аб’ектах, рэгулярных літаратурна-мастацкіх відовішчаў з удзелам вядомых пісьменнікаў і паэтаў, дзеячаў культуры, вядучых мастацкіх калектываў. З такой прапановай я і звярнуўся да тагачаснага кіраўніка Стаўбцоўскага раёна, першага сакратара райкама кампартыі Міхаіла Роўды. Мы з ім былі ўжо знаёмыя, бо да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ў раёне была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа: рэстаўрыравалася сядзіба ў Акінчыцах, будавалася дарога на Мікалаеўшчыну, вялося добраўпарадкаванне ўрочышча Бервянец і г. д. Міхаіл Іосіфавіч трымаў гэтую працу пад асабістым кантролем. Да яго ж, як гаспадара раёна, даводзілася мне звяртацца і па розных іншых пытаннях, таму кантактавалі мы між сабой вельмі добра.

Калі я заявіўся да Міхаіла Роўды са сваёй прапановай, то ён падтрымаў яе, але, як мне падалося, без асаблівага захаплення. Праўда, пры гэтым патэлефанаваў загадчыку аддзела культуры райвыканкама Анатолю Грэкаву і запрасіў яго да сябе ў кабінет. Там і адбылася наша першая сустрэча з Анатолем Васільевічам, які незадоўга да гэтага быў прызначаны на новую для сябе пасаду. Выслухаўшы мой кароткі аповед, ён тут жа загарэўся гэтай ідэяй. Было бачна, што яна яму прыйшлася па душы. Такім чынам, атрымаўшы на новае літаратурна-мастацкае свята «Каласавіны», назву якому, дарэчы, прыдумаў тагачасны навуковы супрацоўнік нашага музея Генадзь Тумас, які цяпер больш вядомы як паэт Генадзь Тумаш, афіцыйнае «дабро» ад кіраўніка раёна, мы з Анатолем Васільевічам сталі абмяркоўваць дэталі будучага мерапрыемства.

І што мне тады асабліва спадабалася ў ім, дык гэта яго прапанова: «Ты толькі забяспеч прыезд на Стаўбцоўшчыну вядомых пісьменнікаў і паэтаў, а ўсё астатняе зраблю я». І ён сваё слова стрымаў. Наогул з Анатолем Васільевічам Грэкавым было прыемна працаваць: аддзел культуры Стаўбцоўскага райвыканкама пад яго кіраўніцтвам стаў надзейным партнёрам Коласавага музея, а ён асабіста да апошніх сваіх дзён быў аднадумцам большасці спраў музейшчыкаў-коласаўцаў…

Пад смольненскімі ліпамі

Дарэчы, так бы мовіць, хросным бацькам першых Каласавін стаў не хто іншы, як дырэктар Літаратурнага музея Якуба Коласа Георгій Андрэевіч Ткацэвіч. Бо менавіта ён 3 лістапада 1985 года на шматлюднай урачыстасці, што праходзіла на Акінчыцкай мемарыяльнай сядзібе Літаратурнага музея Якуба Коласа, абвясціў аб нараджэнні гэтага свята.

«У кожнай новай традыцыі ёсць свая гісторыя, свой пункт адліку. Новае свята, «Каласавіны», нараджаецца ў нас на вачах. 1-2 лістапада ў Мінску прайшла навуковая канферэнцыя, удзельнікі якой глыбока прааналізавалі паэтычную творчасць Якуба Коласа, яго ўплыў на станаўленне і развіццё беларускай літаратуры. Сённяшняя сустрэча на яго радзіме – гэта працяг свята, якое стане традыцыйным», – так перадае яго словы невялікая публікацыя пад лаканічным загалоўкам «Каласавіны», змешчаная ў раённай газеце «Прамень» у нумары ад 7 лістапада 1985 года.

А пачалося свята «Каласавіны-1985» у Смольні, куды найперш завіталі госці мерапрыемства і дзе яны знаёміліся з экспазіцыяй музейных аб’ектаў, размешчаных у гэтым маляўнічым прынёманскім кутку. Затым «каласавінцы» накіраваліся ў Мікалаеўшчыну, каб аддаць пашану народнаму песняру і ўскласці кветкі да яго помніка.

Літаратурна-мастацкае свята ў Акінчыцах стала заключным акордам прысвечанай Якубу Коласу ўрачыстасці. На музейнай сядзібе ў літаральным сэнсе не было дзе ўпасці яблыку: тых, хто прыехаў і прыйшоў на Каласавіны, весялілі музыкі, радаваў прыхільнікаў паэзіі і прозы апошнімі літаратурнымі навінкамі кніжны кірмаш, вырабы на любы густ прапаноўвалі майстры народнай твочасці…

Падчас літаратурнай імпрэзы сваімі ўражаннямі ад творчай спадчыны народнага песняра і стаўленнем да яго асобы падзяліліся паэты Анатоль Грачанікаў, Казімір Камейша, Галіна Каржанеўская і Уладзімір Скарынкін, пісьменнікі Генрых Далідовіч і Уладзімір Дамашэвіч, літаратуразнаўца Янка Саламевіч, навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа, паэт Генадзь Тумас, мастацтвазнаўца Яўген Сахута.

Мастацкая частка свята была не менш цікавай. Яна складалася з канцэртных нумароў у выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама выступлення самадзейных артыстаў з Дома культуры Навасвержанскага лесазавода і заліхвацкіх музыкаў з Вішнявецкага сельскага дома культуры.

Сяргей Галоўка



Tagged

1 комментарий по теме “Каласавіны Анатоля Васільевіча Грэкава

  1. Добры быў чалавек. Многае зрабіў для Стаўбцоўшчыны. Аднак раён яго заслугі не прызнаваў пры жыцці і цяпер таксама. Чаму б не назваць у горадзе вуліцу яго імем. Напрыклад, пераіменаваць Каперніка, які да Стоўбцаў ніякага дачынення не меў. А па гэтай вуліцы Анатоль Васільевіч паўстагоддзя прапрацаваў у аддзеле культуры. Ад каго гэта залежыць, зрабіце добрую справу ў памяць аб чалавеку, які клапаціўся пра гісторыю і культуру Стаўбцоўскага раёна.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *