Свята вёскі завітала ў Цеснавую

Главное Год малой родины

У кожнага чалавека, які меў шчасце нарадзіцца на зямлі, ёсць свой куточак, мілы сэрцу край, шчымліва непаўторны, прыгожы ў любую часіну года. Гэта малая радзіма, вёсачка, дзе з’явіўся на свет і вырас, дзе жылі і жывуць твае бацькі, дзе неба заўсёды прыгажэйшае, і сонца ярчэйшае, і зямля мякчэйшая.

Вёска Цеснавая – паўночна-заходні куточак Стаўбцоўшчыны. Павуцінне мясцовых дарог, аўтастрада звязваюць вёсачку з Валожынскім, Іўеўскім раёнамі, з пасёлкамі і мястэчкамі. Захавалася мноства дарог, ручаёў, па якіх «сцякаліся» да вёскі грошы: блізкія і далёкія гандляры ехалі сюды скупліваць вышыванкі, бондарскія рэчы. Вёска размешчана на скрыжаванні дарог Стоўбцы – Івянец – Рубяжэвічы, на мяжы двух раёнаў – Стаўбцоўскага і Валожынскага, за 60 кіламетраў ад Мінска і за 50 кіламетраў ад Стоўбцаў. Тэрыторыю за Цеснавой акружае поле, з захаду – лес. Гэта лясныя масівы Налібацкай пушчы, што прылягае да вёскі.

Першае ўпамінанне пра населены пункт адносіцца да ХVІ стагоддзя. Менавіта тады тут пачалі сяліцца людзі па прозвішчах Макасі, Вялічкі, Ваўчкі, Гівойны, Каласоўскія. Ёсць два меркаванні наконт паходжання назвы населенага пункта. Згодна з першым, месца за вёскай, акружанае лесам, старажылы называлі Цясноўкай, а другі бок – Вераб’ёўкай. Другое меркаванне: на скрыжаванні дарог стаяла карчма, у якой заўсёды было мнагалюдна і цесна. Ёсць выснова, што слова «цесна» і дало назву вёсцы – Цеснавая.

Населены пункт размешчаны сярод маляўнічых ландшафтаў, налічвае шмат карэнных жыхароў, а таксама тых,  каго называюць дачнікамі. У ліку карэнных жыхароў ёсць і тыя, хто з ранняга дзяцінства і да глыбокай старасці прысвяціў сябе малой радзіме. Працаваў, зберагаў паданні і легенды, звычаі і традыцыі і на скрыжаванні дарог няпростага жыцця захоўваў гэты бясцэнны скарб. Менавіта з іх жыцця складалася гісторыя вёскі. Трэба аддаць даніну павагі самаму старэйшаму жыхару Цеснавой Генрыху Ігнатавічу Каласоўскаму і яго жонцы Яўгеніі Фляр’янаўне, якія сумленна працавалі ўсё жыццё ў сельскай гаспадарцы, выхавалі траіх дзяцей. Старэйшы сын  Генадзій  працягвае справу бацькоў, працуе ў ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Іх дзеці стварылі добрыя сем’і, бацькі дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Генрых Ігнатавіч і Яўгенія Фляр’янаўна – веруючыя людзі. Яны ў такім шаноўным узросце кожную нядзелю наведваюць святую імшу ў касцёле. Гэтая сям’я з’яўляецца прыкладам для аднавяскоўцаў.

Свята сабрала многіх, каго родны кут хвалюе, заклікае зноў сюды вяртацца. Да бацькоў прыехалі дзеці і ўнукі, прыехалі нават і тыя, хто доўгі час быў у расстанні з малой радзімай. Гаспадары праявілі фантазію, накрылі сталы, зрабілі выставы твораў мясцовых майстроў, выставы рэчаў побыту. Галоўнае – усё было ад душы, шчыра і прыгожа. Усім жыхарам хацелася паказаць, чым багатая вёска, што тут жывыя традыцыі, у пашане людское ўмельства. Падарожнічаючы ад падворка да падворка, разумееш: што ні чалавек – то гісторыя, што ні сям’я – то пакаленне. Першы стол накрылі маладая мнагадзетная сям’я Міхаіла Сяменніка і сям’я Уладзіслава Шакуця. Узнёсла, прыгожа і сардэчна яны віталі гасцей і запрашалі пакаштаваць іх каравай. Шчырымі словамі сустрэлі ўдзельнікаў свята сем’і Чэрапаў, Жолікаў, Покладаў, Мазанікаў, Княжэвічаў, Ройкаў, Вялічкаў, Храмых, Міхалевічаў, Ваўчкоў.

Смачнай салодкай выпечкай  частавалі сем’і Ліпніцкіх і Скуратаў. Гасцінна расчынілі веснічкі Каласоўскія, Храмыя, Явіды,  увесь працоўны шлях якіх звязаны з мясцовай гаспадаркай і культурай.

Дружна сустракалі гасцей жыхары вуліцы Маладзёжнай, на  якой сапраўды жывуць маладыя сем’і: Івашчанкаў, Княжэвічаў, Макарцоў, Мазураў, Прыёмкаў, Шумчыкаў, Жолікаў, Ваўчкоў. Кожны стол адрозніваўся сваёй непаўторнасцю.

На чале са старастам вёскі Уладзімірам Вагнерам і былым бібліятэкарам ветэранам працы Марыяй Чуйко сем’і Мазанікаў, Ваўчкоў, Ліпніцкіх, Юргеляў шчыра віталі прадстаўнікоў райвыканкама, мясцовай улады, гасцей. Афармленне сталоў і ландшафту адлюстроўвала багацце летніх дароў, багацце чалавечай душы.

Заклікалі ў беларускую хатку  і настаўнікі разам з маладымі дактарамі Георгіем і Таццянай Хільмановічамі, якія пасябравалі з мясцовай інтэлігенцыяй. Георгій шчыра запрашаў гасцей паспрабаваць беларускія стравы, пачаставацца дранікамі, цудоўнай выпечкай. На такое шчырае запрашэнне не магла стрымаць эмоцый Святлана Сабалеўская з гурта «Гарэзы», былая настаўніца Цясноўскай сярэдняй школы. Яна і яе муж Раман Станіслававіч пачыналі працу ў Цеснавой. Тут і пражывалі. Якраз 40 гадоў прайшло, як прыйшлося пакінуць гэтую вёску, але ў іх памяці жывуць самыя прыгожыя моманты і ўспаміны маладога жыцця. Святлана Іванаўна жадала вёсцы, яе людзям здароўя, дабрабыту, такой шчырасці і гасціннасці, якую ўбачыла і адчула сёння.

Затым свята працягнулася на імправізаванай сцэне. Як адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька, у Цеснавой жывуць працалюбівыя і творчыя людзі з адметнай гісторыяй і культурай, традыцыямі, багатай спадчынай. Яна пажадала, каб вёска жыла, маладзела, каб нараджаліся дзеці, заставаліся тут і працягвалі традыцыі сваіх бацькоў. Старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач дадаў, што вёска вялікая, прыгожая, што жывуць тут сумленныя, працавітыя людзі, а свята яднае ўсе яе пакаленні.

Біяграфія Цеснавой складаецца з лёсаў, працоўных спраў жыхароў. Падарункі за шматгадовую працу атрымалі 15 работнікаў мясцовай гаспадаркі, настаўнікі, працаўнікі аховы здароўя, дзяржаўнай установы «Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат» і іншых устаноў і арганізацый. Адзначаны лепшыя падворкі. Самы лепшы – у прадаўца магазіна і вадзіцеля хуткай дапамогі мясцовай амбулаторыі Уладзіслава і Ірыны  Шыкуцяў.

Ушанавалі і самых маленькіх жыхароў Цеснавой – Максіма Сяменніка і Міхаіла Ваўчка – і іх бацькоў. Благаславіў прысутных і пажадаў жыцця вёсцы настаяцель касцёла Святога Максіміліяна Кольбэ ксёндз Аляксандр.

Музычныя віншаванні вяскоўцаў гучалі ля падворкаў і са сцэны. Выступалі фальклорныя гурты Горкаўскага дома культуры «Дольніца», Шашкоўскага дома культуры «Гарэзы». Свята доўжылася да позняга вечара. Вяскоўцы лічаць, што такія ўрачыстасці трэба ладзіць часцей, каб сілкавацца сустрэчамі разам са старажыламі, бацькамі, аднавяскоўцамі, сябрамі.

Леакадзія ШЧЭЦЬКА, в. Цеснавая



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *