Іван Мамайка: «Сямейна-бытавое насілле – тэма сур’ёзная і далікатная»

Ахова правапарадку Важное

Не ўсім падабаецца, што агрэсара забіраюць «на суткі», і для многіх становіцца нечаканасцю вынік пісьмовай перабранкі у інтэрнэце

Падчас выступлення ў калектыве Стаўбцоўскай ПМК начальнік райаддзела міліцыі Іван Мамайка спыніўся на тых выкліках і пагрозах, якія прыносіць нам сучаснае жыццё. Бачыць гэтыя пагрозы і правільна на іх рэагаваць – вось у чым сэнс.

Сямейна-бытавое насілле – тэма сур’ёзная і далікатная. У міліцэйскіх зводках сустракаецца нямала фактаў, калі муж б’е жонку або сужыцельку, а нярэдка і наадварот, жанчына бярэ на сябе ролю трацейскага суддзі. Пры гэтым сляды пабояў пацярпелымі старанна ўтойваюцца. Сорамна выносіць смецце з хаты. Маўчаць і суседзі, якія чуюць крыкі, але лічаць за лепшае не лезці не ў сваю справу. Праўда, апошнім часам у міліцыю паступае ўсё больш тэлефанаванняў і сігналаў ад неабыякавых людзей, што, безумоўна, сведчыць пра сталенне нашага грамадства.

– 80 працэнтаў цяжкіх злачынстваў, якія рэгіструюцца райаддзелам міліцыі, звязаны менавіта з насіллем блізкіх людзей. Калі пачынаеш разбірацца ў канкрэтнай сітуацыі, то становіцца відавочна, што гэтае злачынства – не выпадковае, яму папярэднічаў працяглы перыяд рукапрыкладства, зняваг, абраз і да т. п.,  – аналізуе Іван Мамайка.

Пры выкліку міліцыі на сямейны скандал, дзе ідзе гаворка пра пабоі,   у адносінах да агрэсара прымяняецца непапулярная мера – змяшчэнне ў ізалятар часовага ўтрымання. Многім гэта адназначна не падабаецца.

– Аднак мы бачым перавагі такога падыходу, – даводзіць выступоўца. – Рэзка «падае градус» канфліктных адносін, змяняюцца паводзіны. У судзе, куды потым паступае адміністрацыйны матэрыял, бакі звычайна прыміраюцца, аднак прафілактычны эфект усё роўна ёсць.

Высвятленне міжасабовых адносін усё часцей перакачоўвае з рэальнага свету ў віртуальны. Што і казаць, калі на гэтым папаліся нават бабулі з аднаго з садовых таварыстваў на тэрыторыі раёна. Познім вечарам, падключыўшыся да інтэрнэту, яны адна на другую насварыліся, а ў выніку – узбуджэнне крымінальнай справы. Распаўсюджанне зняважлівых звестак у сродках масавай інфармацыі, а менавіта да іх адносіцца інтэрнэт, з’яўляецца саставам злачынства. Па даным факце міліцыяй вядзецца разбіральніцтва.

Оперупаўнаважаныя займаюцца на даны момант шасцю крымінальнымі справамі па фактах махлярства, таксама ўчыненага праз інтэрнэт. Схема  дастаткова простая, разлічаная на нашу даверлівасць, і яна спрацоўвае. Калі сябар просіць у нас пэўную суму, мы, зразумела, адгукаемся і пераводзім грошы на яго рахунак. Праз некаторы час высвятляецца, што ён у нас нічога не прасіў, і доўг спаганяць няма з каго. «Чаму б, перш чым адпраўляць грошы, не патэлефанаваць свайму сябру?» – задае слушнае пытанне начальнік міліцыі.

На Стаўбцоўшчыне не дае расслабляцца праблема наркотыкаў. Асабліва небяспечныя вынікі ўжывання сінтэтычных наркотыкаў разам з алкаголем. За збыт іх прадугледжана жорсткая адказнасць. Аднак Беларусь – транзітная краіна, і Стоўбцы ў гэтым плане – горад «партовы», размешчаны між Мінскам і Баранавічамі, таму вуха неабходна трымаць востра. У Стоўбцах былі выпадкі так званых закладак, зробленых непаўналетнімі. Усе ведаюць, які тэрмін за гэта пагражае, аднак прыцягвае шалёная выгада.

– Шмат што залежыць ад тых, хто акружае моладзь, – звяртае ўвагу Іван Мамайка. – Будзьце ўважлівымі і не адмахвайцеся, калі бачыце, што ў падлетка змяніліся паводзіны, з’явіліся невядома адкуль грошы. Звяртайцеся – будзем разам вырашаць праблему.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *