Калектыў ДУА «Яслі-сад № 5 г. Стоўбцы» паўдзельнічалі ў абласным педагагічным праекце

Адукацыя Важное

Пяць дзён у тыдзень калектыў ДУА «Яслі-сад № 5 г. Стоўбцы» гасцінна адчыняе дзверы маленькім наведвальнікам і самааддана клапоціцца аб іх жыцці і здароўі.

Наша дашкольная ўстанова з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам прапаганды здаровага ладу жыцця, выхавання культуры здароўя дашкольнікаў, фарміравання ў іх уменняў і навыкаў па яго зберажэнні і ўмацаванні. Як вынік – у дзіцячым садзе забяспечана станоўчая дынаміка стану здароўя падрастаючага пакалення.

Менавіта таму было прынята рашэнне паўдзельнічаць у абласным педагагічным праекце «Фарміраванне асноў культуры здароўя выхаванцаў ва ўмовах узаемадзеяння дашкольнай адукацыі і сям’і». Яго мэтай з’яўляецца развіццё здаровага, фізічна развітога дзіцяці на аснове выкарыстання даступных для яго ўзросту рухальных уменняў і навыкаў, здольнасцяў.

У ходзе рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта выхавацелямі дашкольнай установы былі падрыхтаваны серыя гутарак «Урокі здароўя», пазнавальныя казкі, цыкл заняткаў «Дарогай здароўя», картатэкі дыдактычных і рухавых гульняў. Уся дзейнасць з дашкольнікамі накіравана на выхаванне ў іх цікавасці да свайго здароўя, неабходнасці берагчы і ўмацоўваць яго. Педагогі вучаць выхаванцаў у любой сітуацыі ўмець зрабіць правільны выбар на карысць здаровага і адмовіцца ад шкоднага.

У ходзе арганізацыі адукацыйнай дзейнасці выхавацелі выкарыстоўваюць разнастайныя гульнявыя дапаможнікі. Асаблівую цікавасць у дашкольнікаў выклікаюць тыя, якія былі створаны рукамі саміх педагогаў. Яскравыя, маляўнічыя кнігі пад агульнай тэматыкай «Здаровае дзіця» спрыяюць узбагачэнню эмацыянальга свету дзіцяці.

Падчас выкарыстання дапаможніка выхавацеля Марыны Сцепанюк «Быць здаровым – здорава!» у выхаванцаў фарміруецца ўяўленне аб значэнні рацыянальнага харчавання для чалавека, аб вітамінах, іх прызначэнні і каштоўнасці для жыцця і здароўя, а таксама развіваецца ўменне ўважліва адносіцца да свайго арганізма, абслугоўваць сябе ў побыце.

Не менш творча падышла да стварэння кнігі «Залатыя правілы здароўя» выхавацель Людміла Валіцкая. Падчас выкарыстання кнігі ў дзяцей фарміруюцца ўяўленні аб унутранай будове цела чалавека, умовах, ад якіх залежыць наша здароўе. Развіваюцца ўменні выконваць правілы асабістай гігіены.

Дзеці з задавальненнем апранаюць дыдактычных лялек у адпаведнасці з сезонам, гатуюць ім карысную ежу, выконваюць фізічныя практыкаванні, вучацца правільна чысціць зубы, ахвотна адгадваюць загадкі пра здаровы лад жыцця.

Узаемадзеянне з бацькамі з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. У сумеснай рабоце дзіцячага сада і сям’і па фарміраванні асноў культуры здароўя ў дзяцей выкарыстоўваюцца розныя формы: дні адкрытых дзвярэй, сходы, кансультацыі, майстар-класы, фіз-культурныя святы і адпачынкі з удзелам бацькоў. Цікавай формай узаемадзеяння з сем’ямі ў нашай установе дашкольнай адукацыі стала афармленне газет «Школа здароўя». Змястоўнымі і, на наш погляд, карыснымі былі пасяджэнні бацькоўскага клуба «Зялёная альтанка» пад агульнай тэмай «Гадуем здаровае дзіця». Бацькі дзяліліся сваімі поглядамі і перакананнямі з удзельнікамі, задавалі пытанні, якія іх хвалююць, атрымлівалі вопыт вядзення здаровага ладу жыцця, заняткаў фізічнай культурай, арганізацыі здаровага харчавання, актыўнага адпачынку ў выхадныя ўсёй сям’ёй.

Дзякуючы ўдзелу ў педагагічным праекце бацькі больш увагі ўдзяляюць зносінам з дзецьмі, сталі не проста назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі іх жыцця ў дзіцячым садзе.

Наталля ЛЮДКЕВІЧ, загадчыца ясляў-сада № 5 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *