Нарадзілася дынастыя Рандзюкоў

Адукацыя Главное

Алена Рандзюк мае некалькі педагагічных спецыяльнасцяў. Яна настаўніца пачатковых класаў пасля Нясвіжскага педагагічнага вучылішча і філолаг – пасля заканчэння БДУ. Прычым абедзве навучальныя ўстановы закончыла з чырвоным дыпломам.

Алена Яраславаўна застаецца працаваць па сваёй першай атрыманай спецыяльнасці – у пачатковых класах.

Само сабою напрошваецца пытанне аб такім яе выбары. Яна прывяла тысячу аргументаў, чым выклікала да сябе павагу, інтарэс. Шчыра сказала аб сваёй любові да маленькіх дзяцей: яны чыстыя, непасрэдныя, адкрытыя. У яе настаўніцкай практыцы ўжо сем выпускаў. Алена Яраславаўна расказвае, што кожны клас непаўторны, зусім не падобны на папярэдні: «Мне заўсёды падабалася працаваць з маленькімі вучнямі. Так бачны вынік сваёй працы. Дзеці ўсе такія розныя, і ўсе такія харошыя. Ты кожны дзень у іх укладваеш, яны растуць, растуць, і на выхадзе ў чацвёртым класе ты бачыш дарослых дзяцей з глыбокімі ведамі, гатовымі спасцігаць далей навукі. І думаеш: якія мы малайцы! Набіраеш першы клас і разлічваеш, што прыйдуць такія ж дзеці. А прыходзяць абсалютна іншыя, і бацькі іншыя. І табе патрэбна прыблізіць іх да сябе, адкрыць іх, прыняць такімі, якія яны ёсць, больш таго – дапамагчы ім застацца такімі непаўторнымі, палюбіць іх».

У новым навучальным годзе ў Алены Яраславаўны будзе 2 «А» клас. Настаўніца гаворыць, што ўжо ў жніўні, хоць працягваецца яшчэ чарговы водпуск, думкамі яна ўжо ў школе. Некаторых вучняў сустракае ў горадзе, радуецца таму, што яны памацнелі, падраслі, набраліся сіл за лета. Так што – у шлях да ведаў можна іх браць смела.

У працоўнай біяграфіі Алены Рандзюк такі адметны факт. Яна  выпускніца сярэдняй школы № 1 г. Стоўбцы. З вялікай радасцю, адказнасцю працуе ў сваёй роднай школе, якая цяпер мае статус гімназіі. Алена Рандзюк – настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, якую нядаўна пацвердзіла. З’яўляецца настаўнікам моладзі, працуе з маладымі спецыялістамі. Ёй даверана быць намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы ў пачатковых класах.

Аб яе аўтарытэце сярод бацькоў скажа такі факт. Яе выпускнікі цяпер давяраюць ёй і толькі ёй сваіх дзяцей. А калі ў сям’і двое дзетак, то стараюцца аддаць у клас Алены Рандзюк і другое дзіця – калі выходзіць па ўзросце, то адпраўляюць не ў шэсць гадоў, а ў сем, чакаюць новага набору. У такім маленькім горадзе, як нашы Стоўбцы, цесны свет становіцца яшчэ цяснейшым. Алена Яраславаўна гаворыць, што ёй вельмі прыемна было, калі да яе ў клас траплялі дзеці яе аднакласнікаў. Так што хочаш не хочаш, а вучні становяцца роднымі. І яна не толькі гэтага хоча, жадае, але і ўмее сама стаць для іх роднай. І гэтаму верыш, слухаючы, з якой мацярынскай любоўю яна расказвае пра іх, колькі цеплыні сэрца і душы ўкладвае ў словы і пачуцці ў чаканні новага навучальнага года, перад жаданай сустрэчай са сваімі малышамі.

У кожнага педагога ёсць свае сакрэты ў настаўніцкай практыцы. Алена Рандзюк, напрыклад, не ведае больш выніковага метаду зблізіцца з бацькамі, падружыць дзяцей, як арганізацыя турыстычных паездак.  За чатыры гады вучобы ў пачатковай школе са сваімі дзецьмі і бацькамі яны паспяваюць аб’ездзіць усю Беларусь, пазнаёміцца з гістарычнымі мясцінамі і іншымі знакамітасцямі роднай краіны. І настаўніца лічыць гэта найлепшым сродкам патрыятычнага выхавання.

Пра сваю прафесію Алена Рандзюк расказавае з дапамогай наступных эпітэтаў: жывая, непрадказальная ў штодзённых настаўніцкіх буднях, патрабуе самой ісці да вышынь, удзячная ў поспехах вучняў, нарэшце – высакародная і самая неабходная сярод астатніх прафесій.

Гэтаму паверыў яе сын, выхоўваючыся ў сям’і, дзе ён бачыў подзвіг служэння дзецям мамы ў сваёй прафесіі. Дзмітрый прыняў рашэнне стаць настаўнікам, і таксама – філолагам. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка ён прыступіў сёлета да работы ў сталічнай школе. Так што ёсць ужо педагагічная дынастыя Рандзюкоў. І гэта таксама яшчэ адзін важкі плюс у скаробонку асабістых здабыткаў Алены Яраславаўны. Пажадаем настаўнікам Рандзюкам паспяховага, радаснага, светлага новага навучальнага года.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *