Пасля завяршэння жніва наш працоўны калектыў (24 чалавекі) здзейсніў экскурсійную паездку ў парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула». У дарогу адправіліся на школьным аўтобусе, які выдзеліла нам дырэктар ДУА «Шашкоўская сярэдняя школа» Ірына Колясень. Кіраўніцтва таварыства забяспечыла палівам, а прафсаюзны камітэт аплаціў экскурсію.
Адлегласць да месца прызначэння невялікая, і мы прыехалі даволі хутка. Сустрэлі нас як самых дарагіх гасцей. І разам з экскурсаводам мы адправіліся ў даволі цікавае падарожжа з насычанай экскурсійнай праграмай. Прыйшлося нам вытрымаць і іспыты на веданне гісторыі.
Падчас займальнай экскурсіі мы даведаліся аб абрадах язычнікаў, успомнілі хрысціянскія традыцыі і паўдзельнічалі ў розных майстар-класах. Разам з кавалём рабіла наканечнік для стралы наш бухгалтар Ганна Бабіч, якая атрымала за сваю работу прыз. Усе мы праплылі па возеры на драккары – караблі вікінгаў. Даведаліся таксама аб сакрэтах прыгатавання лекаў, хлебапячэння, ткальніцтва, валення з воўны, нават самагонаварэння і інш. Прайшлі мы і рытуал ачышчэння агнём. Адным словам, акунуліся ў гістарычны экскурс. На працягу трох гадзін нам не прыйшлося сумаваць.
Шмат увагі ўдзялілі нашай групе ў музеі Лэнскіх. Вяла аповед пра гісторыю гэтай сям’і Рамуальда Сабалеўская. А затым адбыўся невялікі музычны канцэрт, які вельмі ўразіў, – гучала валынка.
Працаўнікам гаспадаркі экскурсія вельмі спадабалася, і яны адзначылі, што для таго каб атрымаць станоўчыя ўражанні, добра адпачыць і расшырыць свой кругагляд, не трэба далёка ехаць – невядомае знаходзіцца побач. У папярэднія гады нашы работнікі ездзілі ў Брэст і Магілёў. Яны выказалі задавальненне, што і на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца такі значны турыстычны комплекс.
Вольга ХАЛЮТА, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Шашкі»
Фота Васіля ЗЯНЬКО