Старшыня райвыканкама адказаў на пытанні жыхароў раёна

Афіцыйна Главное

У мінулую суботу прайшла прамая тэлефонная лінія са старшынёй райвыканкама Дзянісам Колясенем. Практыка паказвае эфектыўнасць і запатрабаванасць такога фармату дыялогу прадстаўнікоў улады з грамадзянамі.

Прамыя лініі ў райвыканкаме праходзяць кожную суботу. Акрамя гэтага, кіраўніцтвам раёна кожны тыдзень ладзяцца сустрэчы з насельніцтвам. Такія сустрэчы заўсёды даюць магчымасць адчуць, як ідуць справы ў раёне, даведацца, што хвалюе людзей, чым ім можна дапамагчы.

На гэты раз на прамую лінію паступіла 11 тэлефанаванняў. Большасць пытанняў тычылася добраўпарадкавання і рамонту жылля.

Жыхарка в. Арцюхі скардзілася, што дарогі ў іх вёсцы не падсыпаны, цяжка прайсці і праехаць.

Пытанне пастаўлена на кантроль, даручана правесці грэйдзіраванне дарогі.

Жыхарка вул. Сацыялістычнай г. Стоўбцы хвалюецца, што некаторыя суседнія двары зараслі травой, і ў якасці прыкладу прывяла дом № 2 (кв. 2) па вул. Сацыялістычнай. Зямельны ўчастак не мае гаспадароў, спадчыннікі пражываюць у іншым горадзе. Грамадзянка Н. таксама падняла пытанне абкошвання зямельных участкаў, але толькі ўжо па вул. Якуба Коласа ў райцэнтры.

А вось жыхарка Новага Свержаня, грамадзянка П., скардзілася на тое, што яе ўчастак пастаянна заліты вадой, на яго гоніць пясок. Філіялу «ДЭУ-62» РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» было даручана падсыпаць абочыну. Але да работ яшчэ не прыступалі, хоць непагадзь не за гарамі.

Жыхары вул. Нясвіжскай аг. Вішнявец паднялі пытанне якасці пітной вады і платы за яе ўжыванне. Вада з кранаў ідзе ржавая, немагчыма не толькі піць такую ваду, але нават і мыцца ёй. Пытанне патрабуе тэрміновага вырашэння.

На прамую лінію паступіў паўторны зварот жыхароў аг. Слабада Заямнаўскага сельсавета. Чатыры месяцы назад людзі навялі парадак на мясцовых могілках. АКС паабяцала дапамагчы вывезці смецце, але воз і цяпер там.

Жыльцы дома № 6 па вул. Трактарнай в. Новы Свержань прасілі пасадзейнічаць у рамонце дома: працякае дах, парканы рассыпаюцца. Дом знаходзіцца на балансе ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». З такой жа праблемай звярнулася да старшыні райвыканкама і жыхарка дома № 13 (кв. 60) па вул. Энгельса г. Стоўбцы. У кватэры зацякаюць сцяна і балкон. Супрацоўнікі АКС павінны выехаць на месца і вызначыцца з рамонтнымі работамі.

А вось Валерый Цыфко з п. Коласава (вул. Энергетыкаў, д. 4-а) прасіў перанесці вулічнае асвятленне ад яго дома да пераезда чыгункі і правесці ямачны рамонт па іх вуліцы.

Іван Кійко з Навапольцаў цікавіўся, ці можа ён абаграваць свой дом электракатлом. Было растлумачана, што такая паслуга аказваецца грамадзянам, калі ў іх мясцовасці няма прыроднага газу. Грамадзяніну параілі звярнуцца ў Стаўбцоўскія раённыя электрычныя сеткі (тэл. 4-93-15), а таксама ў службу «Адно акно» райвыканкама па больш дакладную кансультацыю.

Падчас работы прамой лініі падымаліся пытанні, якія мясцовыя ўлады павінны аператыўна вырашаць і не вымушаць людзей паўторна звяртацца да кіраўніцтва раёна. У першую чаргу гэта навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне – тое, аб чым гаворым у Год малой радзімы асабліва. Безумоўна, ёсць пытанні, якія адразу вырашыць немагчыма з-за пэўных абставін, але выпадкаў, калі праблемы людзей адкладваюцца на пасля, быць не павінна.

Дзякуючы актыўнай пазіцыі грамадзян, у тым ліку і на такіх прамых лініях, наш край становіцца прыгажэйшым, а ўлада яшчэ больш уважліва ўглядаецца ў праблемы і патрэбы насельніцтва.

«Мы лічымся з думкай кожнага жыхара раёна і ўсе сігналы абавязкова бяром на кантроль», – канстатаваў Дзяніс Колясень.

На прамой лініі працавала Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *