Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

У пажарнай часці згадалі пажар у вёсцы Гнецькі: з-за кароткага замыкання электраправодкі ў вяскоўца знішчаны хлеў і часткова пашкоджаны дом, а таксама – хлеў суседа. За выпальванне сухой травы і смецця складзена больш за дзесяць пратаколаў.

Міліцыяй зарэгістравана 120 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана пяць крымінальных спраў, у трох з іх устаноўлены падазраваемыя. Так, злодзей выкраў з пад’езда дома па вуліцы Энгельса веласіпед “Эверэст”. На вуліцы Ленінскай нецвярозы грабежнік схапіў прахожага за куртку і выхапіў з яе ўнуранай кішэні бутэльку гарэлкі.

У ходзе маніторынгу ў ААТ “Радзіма Дзяржынскага” пракуратурай раёна выяўлены парушэнні патрабаванняў працоўнага заканадаўства, звязаныя з прыцягненнем работнікаў да матэрыяльнай адказнасці, у прыватнасці, пасля сыходжання ўстаноўленага законам двухтыднёвага тэрміну з дня выяўлення нанесеных работнікам страт, без запатрабавання адпаведных тлумачэнняў, без азнаямлення работнікаў з загадамі аб прыцягненні іх да адказнасці. Устаноўлены таксама шматлікія парушэнні парадку афармлення арганізацыйна-распарадчай дакументацыі. У выніку, загады дырэктара гаспадаркі, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, апратэставаны, дырэктару ўнесена прадстаўленне, і ён афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона.

Суд вынес прыгавор на арышт на шэсць месяцаў 27-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, які выкраў з дома, што будуецца, інструмент на суму 2 353 000 рублёў. 34-гадавы жыхар Драздоў, раней асуджаны за паўторнае кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, ухіляўся ад выканання пакарання, за што цяпер заплаціць штраф у памеры 18 000 000 рублёў. 41-гадовы жыхар Варапаяў, будучы нецвярозым пры затрыманні, аказаў непадпарадкаванне работнікам міліцыі і атрымаў штраф у памеры 450 000 рублёў. На 150 000 рублёў аштрафаваны жыхар Куля, які захоўваў на сваім падворку самагонны апарат, 81-гадовая жыхарка Судзевічаў за такое ж правапарушэнне – папярэджана. Апараты канфіскаваны.   

ДАІ выявіла 186 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных і восем бяспраўных вадзіцеляў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана 11 дарожна-транспартных здарэнняў, у адным з іх – пацярпелі двое чалавек. 7-га красавіка каля 08.00 на аўтамагістралі, паблізу Наваколасава, вадзіцель аўтамабіля «БМВ», жыхарка Мінска, перавысіла ўстаноўленую хуткасць руху, не справілася з кіраваннем, у выніку чаго сутыкнулася з двума аўтамабілямі. Яе «БМВ» перакуліўся, сама вадіцель і яе пасажыр атрымалі траўмы.

“Хуткая” выязджала да хворых 157 разоў, у прыватнасці, тры сігналы паступілі ад асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *