Састаў каманды «Нёман-Агра» амаль поўнасцю абнавіўся

Важное Спорт

Працягваецца чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе. Пасля шэрагу паражэнняў нашы спартсмены, праводзячы гульню на гарадскім стадыёне «Юнацтва», згулялі ўнічыю – 2:2 – з камандай «Энергетык» (БГАТУ).

Галоўны трэнер каманды «Нёман-Агра» Дзмітрый Даўбейка расказвае, што састаў амаль поўнасцю абнавіўся. Два галы  былі забіты ў першым тайме. Вызначыліся Мікіта Арцюшкевіч і Аляксандр Паляшчук. Каманда прыкладала старанні і ў другім тайме. Нашы футбалісты стварылі нямала галявых момантаў і мелі магчымасць замацаваць вынік, але мяч так і не трапіў у вароты саперніка, які актывізаваўся і размачыў лік.  Пасля прапушчанага гола стаўбчане сталі гуляць яшчэ больш зладжана. Перамога была ўжо, так бы мовіць, у кішэні, але напрыканцы гульні суддзя назначае пенальці ў нашы вароты. Такое рашэнне выклікала абурэнне гледачоў, якія прысутнічалі на матчы і не ўбачылі ніякага парушэння правілаў. Але з арбітрамі не паспрачаешся, і пасля штрафнога ўдару лік выраўняўся. Выратаваць гульню нашым спартсменам так і не ўдалося – прагучаў фінальны свісток.

Матч, нягледзячы на тое, што ў ім прысутнічала лыжка дзёгцю, спадабаўся стаўбцоўскім балельшчыкам і ўсяліў надзею на тое, што наступныя гульні першынства каманда правядзе больш удала і паднімецца вышэй у турнірнай табліцы, якую цяпер замыкае.

Аднак спадзяванні на перамогу пакуль не апраўдаліся. У мінулую суботу наша каманда зноў пацярпела паражэнне, на гэты раз ад футбольнага клуба «Горкі» (Магілёў) з лікам 3:1. Матч быў на полі саперніка. Гульня праходзіла практычна роўна, але ўдача была на баку гаспадароў.

– Так. Мы пакуль што не можам пахваліцца сваімі дасягненнямі, але працягваем напружана трэніравацца для таго, каб рэабілітавацца перад сваімі балельшчыкамі, – сказаў Дзмітрый Даўбейка.

Каманда «Нёман-ДЮСШ», якая прымае ўдзел у 10-м чэмпіянаце Мінскай вобласці, гуляе больш паспяхова, але апошняй гульнёй на сваім полі, на жаль, не парадавала балельшчыкаў. Стаўбцоўскія футбалісты прайгралі камандзе «Энергія» (Пухавіцкі раён) з лікам 1:3.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *