Каласавіны Анатоля Васільевіча Грэкава (2 частка)

Важное Культура

(Працяг. Пачатак у № 62 ад 28.08.2019)

Анатоль Грэкаў (у цэнтры) з беларускімі пісьменнікамі

Апошняя сустрэча

У 2012 годзе ў Беларусі адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. Для годнага святкавання юбілею быў створаны рэспубліканскі аргкамітэт пад старшынствам віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка. І менавіта гэтая акалічнасць паспрыяла згладжванню некаторых вострых вуглоў у супольнай працы новага кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама і супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. На гэты раз, пасля трохгадовага перапынку, яны сумесна шчыравалі над мерапрыемствамі па ўшанаванні памяці народнага песняра на яго малой радзіме.

Праўда, свята «Каласавіны-2012», якое стала неад’емнай часткай юбілейных урачыстасцяў, што праводзіліся на Стаўбцоўшчыне, упершыню праходзіла без фізічнай прысутнасці на ім Анатоля Васільевіча Грэкава. Але ён, цяжка хворы, быў у курсе сцэнарыя свята, дапамагаў яго складаць, затым уносіў неабходныя карэктывы.

З нагоды круглай даты з дня народзін песняра Коласава свята праводзілася ў значна пашыраным маштабе, з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных структур, грамадскіх арганізацый і, як заўсёды, пісьменніцкай браціі. Пачалося яно ў Стоўбцах на вуліцы Цэнтральнай, дзе гасцей віталі хлебам-соллю, які прыняў сын народнага паэта Міхась Міцкевіч. Ён, а таксама ўнучка песняра Вера Міцкевіч выказалі словы падзякі стаўбчанам за цёплы прыём, за папулярызацыю творчай спадчыны Якуба Коласа на яго радзіме. На імправізаванай імпрэзе-сустрэчы таксама выступалі дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская, намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры пісьменнік Анатоль Бутэвіч.

Затым «каласавінцы» накіраваліся ў родны кут песняра. На мемарыяльнай сядзібе філіяла Коласавага музея ў Акінчыцах гасцей сустракалі ў адмысловых стылізаваных касцюмах героі твораў Якуба Коласа, была разгорнута выстава твораў юных мастакоў Стаўбцоўшчыны. У Альбуці працавала выстава-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праходзілі майстар-класы, выступалі ўдзельнікі аб’яўленага літаратурна-мемарыяльным музеем народнага паэта творчага конкурсу «130 прысвячэнняў Якубу Коласу», члены стаўбцоўскага раённага клуба аматараў паэзіі «Аўтограф», праводзілася дэгустацыя беларускіх страў. У Смольні таксама было шматлюдна і ўрачыста: добры настрой стваралі музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Мой родны кут» у выкананні народных калектываў Стаўбцоўшчыны і шматлікія мастацкія выставы. У Мікалаеўшчыне ўдзельнікі свята па традыцыі ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу. Адметна, што на ўсіх супынках гасцей праводзіліся літаратурныя імпрэзы, на якіх натхнёна гучалі словы  старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа, паэтаў і пісьменнікаў Віктара Шніпа, Казіміра Камейшы, Генадзя Пашкова, Яўгена Хвалея, Уладзіміра Скарынкіна, Ганада Чарказяна, Алеся Марціновіча, Дзмітрыя Дземідовіча.

З Мікалаеўшчыны Коласава свята перанеслася ў вёску Стары Свержань, дзе ў мясцовым Цэнтры культуры прайшла ўрачыстая вечарына пад назвай «Слова пра Коласа». Адкрыў яе міністр культуры Беларусі Павел Латушка, які назваў песняра «эпохай у жыцці нашай краіны». Калі б Якуб Колас напісаў толькі «Новую зямлю», то ўжо гэтым упісаў бы сябе залатымі літарамі ў наша літаратурнае мастацтва, але ён стварыў шмат іншых твораў, якія заўсёды будуць у скарбніцы сусветнай літаратуры і культуры, падкрэсліў кіраўнік культурнага ведамства. Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч у сваім выступленні найперш адзначыла неацэнную важнасць захавання і папулярызацыі творчых скарбаў народнага песняра для патрыятычнага выхавання моладзі. Старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Уладзімір Місько адзначыў, што са Стаўбцоўшчынай звязаны лёс многіх выдатных асоб беларускай зямлі, але бессмяротнасць нашаму краю прынесла менавіта імя Якуба Коласа. І гэта адказнасць для ўсіх нас, каб працаваць кожнаму творча і натхнёна на карысць Беларусі.

Выступілі на вечарыне і многія знакамітыя беларускія калектывы і выканаўцы. Вершы, урыўкі з паэм Коласа чыталі народная артыстка Марыя Захарэвіч, заслужаны артыст Беларусі Валянцін Салаўёў, артыст Тэатра студыі кінаакцёра Аляксандр Кашпераў, сын песняра Міхась Міцкевіч, якому доўга апладзіравала зала. І ўрачыста, і з народным гумарам гучалі песні ў выкананні беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята», хору музычнай капэлы «Санорус», спевакоў Пятра Ялфімава, Валерыя Скаражонка і Ганны Благавай. Арганічна ўпісаліся ў высокі мастацкі рэйтынг свята і канцэртныя нумары ў выкананні народнага вакальнага ансамбля «Берагіня» са Стоўбцаў, у рэпертуары якога добры дзясятак арыгінальных песень на словы Я. Коласа, а таксама – вядучых мастацкіх калектываў Стаўбцоўскай і Коласаўскай школ мастацтваў, Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры, Вішнявецкага дома культуры і народнага фальклорнага гурта «Коласавы землякі» з Мікалаеўшчыны.

Увечары, калі ў Старым Свержані прагучалі апошнія акорды Коласавага свята, невялікая групка самых адданых «каласавінцаў», тых, хто стараўся ніколі не прапускаць магчымасць наведаць Стаўбцоўшчыну з нагоды чарговых угодак з дня нараджэння народнага песняра, завітала да Анатоля Васільевіча Грэкава. Ён быў вельмі ўсцешаны такой увагай і магчымасцю сустрэцца з аднадумцамі і даўнімі калегамі. На вялікі жаль, гэтая сустрэча была для яго і ўсіх нас апошняй – 20 лістапада 2012 года хвароба канчаткова знясіліла сэрца Анатоля Васільевіча…

Дрэва яго жыцця

Праз год на пачатку лістапада 2013-га на Стаўбцоўшчыну зноў завітала Коласава літаратурна-мастацкае свята, ужо 28-е па ліку. Яго праграма і на гэты раз была разнастайнай: знаёмства гасцей з экспазіцыяй мемарыяльнай сядзібы «Акінчыцы», адкрыццё ў адной з гаспадарчых пабудоў Альбуцкай сядзібы інтэрактыўнай музейнай зоны «Хатка знахаркі» – першай чаргі экспазіцыі «Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа», наведванне Мікалаеўшчыны з ускладаннем да помніка песняру кветак і закладкай каля будынка мясцовага сельсавета рабінавай алеі ў гонар паэтаў і пісьменнікаў, ураджэнцаў гэтай вёскі.

Але, напэўна, самай запамінальнай падзеяй свята «Каласавіны-2013» стала пасадка ў заснаваным у Смольні Анатолем Васільевічам Грэкавым скверы «Дрэва жыцця» дубка ў яго гонар. Да гэтай пачэснай справы супрычыніліся дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская і старэйшы навуковы супрацоўнік гэтай установы Георгій Міцкевіч, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, паэты Мікола Маляўка і Алесь Камароўскі, народны майстар-разьбяр Сяргей Кляшчук, дырэктар Кіеўскага літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Рыльскага Вікторыя Калеснік, вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых, які знаходзіцца ў расійскім горадзе Аляксандрава (Уладзімірская вобласць), Эльвіра Калашнікава і аўтар гэтых радкоў.

… Саджалі мы імянны дубок Анатоля Васільевіча Грэкава са спадзяваннем і верай у тое, што ён убярэцца ў сілу, вырасце і не адно стагоддзе будзе нагадваць усім, хто калі-небудзь завітае ў Смольню, пра няўрымслівага і самаадданага чалавека, які шчыра клапаціўся, каб шчодра каласавалі Каласавіны на Коласавай малой радзіме.

Сяргей Галоўка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *