Усебеларускі хрэсны ход прайшоў праз Стаўбцоўшчыну

Важное Культура

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У мінулую сераду прыход храма Архангела Міхаіла ў аграгарадку Налібакі прымаў удзельнікаў Усебеларускага хрэснага ходу, прысвечанага памяці мітрапаліта Іосіфа (Сямашка), заслугі якога перад Царквою і беларускім народам ацэньваюцца перш за ўсё яго ўкладам у адраджэнне ў 1839 годзе Праваслаўя ў нашай краіне, і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысціх захопнікаў. Хрэсны ход адбываецца па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла.

Хрэсны ход выйшаў з Брэста 2 жніўня, са Свята-Афанасьеўскага мужчынскага манастыра, і 6 верасня  прыбудзе ў полацкі Свята-Ефрасіннеўскі манастыр. Шлях хрэстаходцаў з харугвамі, іконамі і малітвай праляжа праз 619 кіламетраў па беларускай зямлі.

Ініцыятарамі хрэснага ходу сталі праваслаўныя хрысціяне з розных гарадоў Беларусі. Да яго далучыліся веруючыя нават з Кіева і гарадоў Расійскай Федэрацыі.

Настаяцель Свята-Міхайлаўскага храма аг. Налібакі свяшчэннік Сергій Давыдзенка гаворыць, што для прыхаджан іх прыхода, веруючых аграгарадка Налібакі і навакольных вёсак, было вялікай радасцю далучыцца да гэтай духоўнай падзеі ў жыцці нашай краіны. У храме Архангела Міхаіла быў адслужаны малебен. Удзельнікаў хрэснага ходу гасцінна прынялі, накармілі, далі ім начлег.

Хрэсны ход адправіўся далей па вызначаным маршруце. Жадаючыя маглі далучыцца да яго і прайсці столькі, колькі хто змог.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *