Узброенасць інтэлектам

Людзі і лёсы Нумары

“Мы не багатыя прыроднымі рэсурсамі, затое маем магутны інтэлектуальны патэнцыял, талковых спецыялістаў”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, якая папярэднічала з’езду вучоных Рэспублікі Беларусь. Аднак далей Прэзідэнт засяродзіў увагу на неабходнасці адкрыццяў на прарыўных напрамках, эфектыўнасці навуковых дасягненняў.

Наша Стаўбцоўшчына не мае навукова-даследчых інстытутаў ці цэнтраў, толькі гэта не значыць, што мы дзесьці на ўскраіне навуковай думкі і практыкі. Прагрэс няспынны, і тое, што здавалася фантастыкай якія дзесяцігоддзі таму, сёння рэальна ўвайшло ў наша жыццё. Мабільная сувязь, лічбавае тэлебачанне, інтэрнэт – гэта наш штодзённы побыт.

А на рабочым месцы? Цяпер шмат хто скажа, што без камп’ютара як без рук. Адно што гэтыя разумныя прыборы і інфармуюць, і раяць, і падлічваюць, і ў вольны час забаўляюць. І не толькі ў кабінетах ды офісах, а і непасрэдна ў цэхах, на фермах. Робаты дояць кароў – таксама не фантастыка, а рэчаіснасць. А сучасны трактар ці камбайн – не колішняя “тарахцелка”, а тэхніка з камп’ютарызаванай сістэмай кіравання тэхналагічнымі працэсамі. Зразумела, што двоечніку па матэматыцы ці фізіцы наўрад ці давераць такі агрэгат. Без навук, як без рук – гэта ўжо ісціна ў сённяшнім цывілізаваным свеце.

Толькі тут больш размова пра тых, хто вынаходзіць, распрацоўвае, укараняе ў вытворчасць новыя тэхналогіі, чый розум, інтэлект служаць справе прагрэсу. Стаўбцоўшчына можа ганарыцца сваімі знакамітымі навукоўцамі. Стаўбчанін Аляксандр Руцкі – заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі, беларускі вучоны ў галіне электратэхнікі. Аляксандр Бельскі, які нарадзіўся ў Ячонцы, з’яўляецца аўтарам навуковых прац у галіне фізічнай оптыкі. Заслужаны работнік прамысловасці Беларусі Зыгмунд Бузуноўскі, ураджэнец Русаковічаў, кіраваў навуковым праектаваннем высокаэфектыўных працяжных станкоў. Інжынерная экалогія, лазерная фізіка – тэмы даследаванняў Баляслава Віленчыца, радзіма якога вёска Казейкі. Браты Генадзь і Міхаіл Макевецкія, родам з тадышняй Гавязны (цяпер Навапольцы), з’яўляюцца аўтарамі важных адкрыццяў, першы – у галіне фізікі, другі – хіміі. А Ігар Гаўрылаў, які нарадзіўся ў Рубяжэвічах, вобразна кажучы, навуковым позіркам дасягнуў Месяца. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле складзены першыя ў СССР высокадакладныя каталогі бачнага боку спадарожніка Зямлі. Імем навукоўца названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць. Даследчыкі і вынаходнікі ў розных галінах навукі – тэхнічных, эканамічных, гістарычных, медыцынскіх, педагагічных, ваенных і гэтак далей.

Дактары, кандыдаты навук – калі знаёмішся з біяграфіямі, то можна заўважыць, што пералічваюцца практычна ўсе школы раёна. І тыя, дзе сёння авалодвае ведамі, набірае творчай моцы юнае пакаленне, і тыя, што ўжо не дзейнічаюць, але ў гісторыі і памяці будуць заўсёды. Як і першыя настаўнікі, каму назаўсёды ўдзячны за скіраваную дарогу на плённы, творчы жыццёвы шлях.

Пашчасціла падчас журналісцкага семінара пабываць у Парку высокіх тэхналогій, пра які нямала чутак. Дзівосы накшталт цудаў Дыснейлэнда не напаткаліся. Не надта адметны сталічны адміністрацыйны будынак. У пакоях пераважна людзі маладога ўзросту засяроджана працуюць за камп’ютарамі. А калі патлумачылі пра дзейнасць гэтай установы, ды паглядзелі на экране карты-схемы! У дзясятках краін усіх кантынентаў (у Антарктыдзе ж таксама – навуковыя станцыі) запатрабаваны распрацоўкі беларускіх праграмістаў. Вядомыя сусветныя фірмы даюць нашым вучоным заказы. Хіба не пацвярджэнне інтэлектуальнай моцы беларусаў. Прыемна, што і нашы маладыя таленты тут запатрабаваны. У газеце мы не раз пісалі пра перамогі на алімпіядах міжнароднага ўзроўню вучня трэцяй гарадской школы, а затым студэнта сталічнай ВНУ Рамана Удавічэнкі. Сёння ён перспектыўны вучоны. Годна трымаюць марку СШ № 3 г. Стоўбцы і Школы юных інтэлектуалаў браты Уладзіслаў і Мікіта Сазановічы, іншыя таленавітыя рабяты.

Як тут зноў не сказаць добрае слова у адрас настаўніка інфарматыкі гэтай школы Уладзіміра Сяргеевіча Радзіона.

У кожнага ў сэрцы светлы ўспамін пра любімага настаўніка. Можна назваць не адзін дзясятак прозвішчаў вядомых у краіне навукоўцаў, хто шчыра абавязаны настаўнікам школ горада – выкладчыку хіміі Леаніду Іосіфавічу Сіткевічу, матэматыкі – Мікалаю Якаўлевічу Лазуку, беларускай літаратуры і мовы Валянціну Антонавічу Дабрэнку. І яшчэ многім, хто запаліў сэрцы імкненнем адкрываць далягляды навукі.

Навука бяздзейная, калі яна схалыстычная, і вялікая сіла – у адным кірунку з практыкай. Рызыкну сказаць, што наш пераважна сельскагаспадарчы раён таксама прыкметная кропка на навуковай карце. Багатыя традыцыі супрацоўніцтва з навукоўцамі ў ААТ “Дзераўное”, “Агранёманскі”, “Рубяжэвічы”, АБФ “ПМК-74 – Налібакі”, СФГ “Сула” і іншых  гаспадарках. Доследныя палі, дзе апрабоўваюцца новыя сарты сельгаскультур беларускай селекцыі, жывёлагадоўчыя цэхі, дзе шчыруюць над павышэннем генетычнага патэнцыялу, а значыць, і прадукцыйнасці. Зладжаная праца навукоўцаў і практыкаў акупляецца важкімі ўраджаямі, багаццем якасных прадуктаў харчавання. А ўвогуле ж яна непадзельная, гэтая праца. І сёння, тым больш заўтра, кіраўнік, спецыяліст сельгаспрадпрыемства ідэальна, калі будзе мець навуковую ступень, але і ў любым разе абавязаны павышаць свае веды, быць у курсе сучасных навуковых распрацовак. Укараняюцца прынцыпова новыя тэхналогіі. Уводзяцца паняцці арганічнай сельскагаспадчай вытворчасці, экалагічнай сельскай гаспадаркі.

Навука перамагаць. Гэты лаканічны крылаты выраз прыпісваюць славутаму палкаводцу Сувораву. У больш шырокім сэнсе можа правільным было б і крыху перафразіраваць: упэўнена перамагаць, дабівацца поспехаў можна толькі з навукай. У любой сферы дзейнасці.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *