Айцец Генадзій павіншаваў матушку Раісу з 80-годдзем

Главное Культура

Прыемна было назіраць за матушкай Раісай: у сваё 80-годдзе яна чакала гасцей, аднак прыезд айца Генадзія, з падарункам і шыкоўным букетам руж, быў для яе сапраўдным сюрпрызам. Яна радуецца, усміхаецца, як сына абдымае айца Генадзія.

Матушка Раіса – удава айца Серафіма Серафімовіча, які служыў у храме Нараджэння Іаана Прадцечы ў аг. Вішнявец. Цяпер у гэтым старадаўнім храме 1742 года пабудовы са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь настаяцель – айцец Генадзій Кійко. Па дарозе да імянінніцы мы ўспамінаем айца Серафіма, пралічваем даты. І тут айцец Генадзій адкрывае для сябе, што ў гэты ж дзень, 16 жніўня, калі мы едзем да матушкі Раісы з віншаваннем, у яго таксама юбілей – 10 гадоў рукапалажэння ў дыяканы. Столькі ж гадоў ён нясе свяшчэнніцкае служэнне ў Вішнявецкай царкве, на сваёй малой радзіме.

Раздзяліць радасць прыезду айца Генадзія выбегла з дому дачка матушкі Надзея. Калі не стала айца Серафіма, яна са сваёй сям’ёй перайшла жыць у бацькоўскі дом, хоць толькі што атрымалі кватэру і яшчэ не нарадаваліся на наваселле. Думала, што падтрымае матулю некаторы час, а засталіся жыць і да цяперашняга часу, вось і дзеці ўжо вылецелі з роднага гняздзечка. Так што матушка Раіса пад надзейнай апекай сваёй Надзеі. Дачка з уздымам упраўляецца ў гэты дзень з самага ранку – прыйдуць з віншаваннямі суседзі, сябры матушкі Раісы. Акрамя Надзеі ў сям’і Серафімовічаў нарадзіліся яшчэ дачка Нона і сын Віктар, якога ўжо няма побач.

Вось пад’ехала і ўнучка Таццяна. Яна са сваёй сям’ёй жыве ў Смаленскай вобласці. А наогул у матушкі Раісы чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў.  Таццяна далучаецца да нас ва ўтульным мястэчку ў двары з навесам над вялікім гасцінным сталом. Таццяна гаворыць за ўсіх сваіх родных: у іх вялікая адказнасць за свае паводзіны, адносіны да жыцця, таму што ў родзе акрамя дзядулі свяшчэннікам быў і прадзед. Айцец Віталій Серафімовіч таксама служыў у Стаўбцоўскім благачынні. І што адметна, таксама ў храме Нараджэння Іаана Прадцечы, толькі ў Засуллі. Аб прадзедзе Таццяна ведае больш па расказах бабулі. А вось айца Серафіма  добра памятае. Гаворыць, што ў гэтым невялічкім доме, які ён пабудаваў сваімі рукамі, прайшло яе дзяцінства. Тут заўсёды было шмат людзей, дзяцей. Дзядуля і бабуля вучылі іх уменню жыць у міры, любові, радасці. І цяпер у гэтым доме па-ранейшаму збіраюцца родныя са сваімі сем’ямі. І ўсім хапае месца, святла, дабрыні. Таццяна памятае прастольныя святы ў Вішнявецкім храме, дзе быў настаяцелем дзядуля. Прыход быў небагаты. Яна не можа забыць смачныя катлеты з лебяды па дзядуліным рэцэпце. А яшчэ ўспомніла, як айцец Серафім накупіць марожанага, а пакуль дойдзе да дома, раздасць яго вясковым дзецям.

У гісторыі гэтай сям’і адметны такі факт. Айцец Серафім працаваў токарам на Навасвержанскім лесазаводзе. Усё жыццё на гэтым прадпрыемстве адпрацавала матушка Раіса. Сямейную працоўную дынастыю працягвае Надзея Серафімаўна, яна загадчыца цэнтральнага склада, стаж работы складае больш за 30 гадоў.

Матушка Раіса ўспамінае маладосць. Родам яна з вёскі Зарэчча, якая ўваходзіла ў прыход айца Віталія Серафімовіча. Яна з вялікай сям’і, дзе было шасцёра дзяцей. Будучы свяшчэннік Серафім (ён нарадзіўся 1 жніўня, у дзень памяці прападобнага Серафіма Сароўскага) дэмабілізаваўся з арміі. Прыкмеціў неяк у клубе прыгожую сціплую дзяўчыну, пацікавіўся, хто гэта. Так узніклі ў іх прыгожыя адносіны, якія прывялі іх пад вянец. Яны сумелі захаваць свае пачуцці, пражылі добрае, мірнае жыццё як прыклад для сваіх дзяцей. Айцу Серафіму было 70 гадоў, калі ён пайшоў з зямнога жыцця.

Мы разглядваем сямейныя фотаздымкі. Знаходзім свяшчэннікаў благачыння такімі маладымі, учарашнімі семінарыстамі, прыемна здзіўляемся, любуемся.

Айцец Генадзій падзяліўся з матушкай Раісай прыходскімі навінамі. У сучасны момант праводзяцца работы па замене падлогі ў алтары. Матушка выказвае радасць, што храм знаходзіцца ў такім прыгожым выглядзе, з гаспадарчымі, беражлівымі адносінамі да яго айца Генадзія, прыхаджан, дабрачынцаў.

У мяне ад гэтай сустрэчы застаецца шмат уражанняў. Я думаю аб тым, якія важныя ў хрысціянскім жыцці такія моманты ўвагі да чалавека. У мяне стаяць перад вачамі жоўтыя ружы халоднай прамёрзлай восенню, якія айцец Генадзій прынёс у дзень адпявання Мартас Ніны Адамаўны, былой псаломшчыцы Вішнявецкага храма. І яго ўдзел малітвай  падчас развітання з яшчэ адной псаломшчыцай Вішнявецкага храма Паляшчук Марыяй Васільеўнай.

І вось гэтае праспяванае многія леты матушцы Раісе. Урок любові, клопату аб бліжнім, прыгажосці душы.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *