Дадатак да кнігі «Памяць. Стаўбцоўскі раён»

Людзі і лёсы Нумары

МАРОЗ Валянціна Канстанцінаўна, беларускі мовазнаўца, доктар філалагічных навук (2013),  дацэнт (1991). Нарадзілася 24.08.1955 у в. Мікалаеўшчына.  Закончыла Мікалаеўшчынскую СШ імя Якуба Коласа (1972), беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) з адзнакай (1976), аспірантуру (1984), дактарантуру Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2000).

Працавала настаўніцай, арганізатарам пазашкольнай і пазакласнай работы Грозаўскай сярэдняй школы Капыльскага раёна Мінскай вобласці (1976–1979), выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна (цяпер – Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна), у 1984 – 1996 гг.

У 1996 г. была камандзіравана на працу ў Будапешцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Лоранда Этвеша (Венгрыя), дзе два гады забяспечвала лектарат студэнтам і аспірантам па дысцыплінах “Беларуская мова”, “Гісторыя мовы”, “Мова беларускіх летапісаў” і інш. на кафедры балцкіх і славянскіх моў.

Працавала дацэнтам кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (2000 – 2010). З 2010 – прафесар кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Кола навуковых інтарэсаў – даследаванне гісторыі беларускай мовы, праблемы культуры сучаснай беларускай літаратурнай мовы, методыка выкладання лінгвістычных дысцыплін, педагагічныя аспекты выхавання моладзі. Удзельніца рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый. Мае каля 150 навуковых і навукова-метадычных публікацый, у тым ліку дзве манаграфіі.

Жыве ў Мінску.

 

ХАННАНАВА (дзявочае прозвішча ГІПІЧ) Алена Мікалаеўна, кандыдат мастацтвазнаўства (2010). Нарадзілася 8 сакавіка 1967 года ў г. Стоўбцы. Скончыла на выдатна 8 класаў сярэдняй школы № 1 г. Стоўбцы (1982), фартэпіяннае аддзяленне Маладзечанскага музычнага вучылішча (1986), Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных па спецыяльнасці “музыказнаўства” (г. Масква, 1993), аспірантуру (2009).

Працавала ў Стаўбцоўскай музычнай школе (1986 – 1988), у Маладзечанскім музычным вучылішчы на аддзяленні тэорыі музыкі (1988 – 1993).

З 1993 года працуе ва Удмурцкім дзяржаўным універсітэце на кафедры тэорыі і практыкі выканаўчага майстэрства ў якасці дацэнта, і з 1998 года – у Рэспубліканскім музычным каледжы г. Іжэўска.

Узнагароджана Ганаровай граматай Дзяржсавета Удмурцкай Рэспублікі (2008).

Неаднаразова выступала з дакладамі на канферэнцыях у Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, Маскоўскім дзяржаўным інстытуце музыкі імя  А. Шнітке, Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Н. Жыганава (Татарстан), Удмурцкім дзяржаўным універсітэце па тэмах: “Музычная адукацыя ў кантэксце культуры”, “Альфрэду Шнітке прысвячаецца”, “Светамадэляванне: гуманітарныя і мастацкія працэсы ў грамадскім жыцці” і іншых.

Апублікавала 15 навуковых артыкулаў па праблемах музыказнаўства і музычнай адукацыі. Акрамя навуковых, піша артыкулы і рэцэнзіі, у якіх асвятляецца канцэртнае і фестывальнае жыццё Удмурціі.

Жыве ў г. Іжэўску (Удмурцкая Рэспубліка, Расійская Федэрацыя).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *