Напярэдадні новага навучальнага года Людміла Стонька адказала на пытанні бацькоў

Адукацыя Важное

Напярэдадні новага навучальнага года была праведзена прамая лінія з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людмілай Стонька. Прадстаўнікі педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці маглі задаць свае пытанні кіраўніку сферы адукацыі раёна.

Ёсць цікавасць бацькоў да змяненняў у арганізацыі школьнага харчавання.

Людміла СТОНЬКА:

–       Унесены змяненні ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб нормах харчавання і грашовых нормах расходаў на харчаванне вучняў. Павялічаны  грашовыя нормы расходаў на харчаванне асобных катэгорый навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. У прыватнасці, на харчаванне ў яслях-садах, дзіцячых садах, дашкольных цэнтрах развіцця дзіцяці, вучэбна-педагагічных комплексах, школах і гімназіях грашовыя нормы расходаў выраслі ў сярэднім на 10 працэнтаў. Таксама на 7-10 працэнтаў выраслі нормы расходаў на харчаванне ў цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Харчаванне дзяцей у яслях будзе каштаваць 2,50 рубля, у дзіцячым садзе – 3,16 рубля. Кошт школьнага харчавання наступны: для дзяцей 6–10 гадоў – 1,21 рубля, 11–13 гадоў – 1,38 рубля, 14–17 гадоў –  1,46 рубля. У групе падоўжанага дня: для дзяцей 6–10 гадоў – 2,63 рубля, 11–13 гадоў – 2,73 рубля, 14–17 гадоў – 2, 87 рубля.

Наконт падвозу дзяцей у школу было пытанне: для бацькоў гэта будзе платна ці бясплатна?

–       Падвоз дзяцей ажыццяўляецца за бюджэтныя сродкі. У новым навучальным годзе плануецца падвоз 462 вучняў з 91 населенага пункта раёна. Будуць задзейнічаны 13 аўтобусаў і два аўтамабілі «Газель». Плануецца ў хуткім часе набыццё новага аўтобуса.

Адносна пытання прафесіянальнага навучання была дадзена такая інфармацыя:

– У новым навучальным годзе ў 16 установах агульнай сярэдняй адукацыі будзе арганізавана прафесіянальнае навучанне. На базе Старасвержанскай сярэдняй школы ў рамках міжшкольных факультатыўных заняткаў арганізоўваецца прафесіянальнае навучанне па прафесіі «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці». Будуць створаны профільныя класы для 137 вучняў: у гімназіі № 1, сярэдніх школах №№ 2 і 3 г. Стоўбцы, Дзераўнянскай, Коласаўскай,Старасвержанскай, Заямнаўскай, Вішнявецкай сярэдніх школах, Любкаўшчынскім, Залужскім вучэбна-педагагічных комплексах. Для арганізацыі профільнага навучання ва ўстановах адукацыі створаны ўсе неабходныя ўмовы: кадравая ўкамплектаванасць, належнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, аснашчанае сучаснай камп’ютарнай тэхнікай. У 11 класах працягнуць навучанне 184 вучні.

Бацькі маюць інтарэс, ці будуць змяненні ў выкладанні вучэбных прадметаў.

–       Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 2019/2020 навучальным годзе абумоўлены завяршэннем пераходу на абноўленыя вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Актуальнымі застаюцца пытанні ўзмацнення міжпрадметных сувязяў пры вывучэнні вучэбных прадметаў, арганізацыі навучання з выкарыстаннем розных форм і спосабаў фарміравання вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на вучэбных і факультатыўных занятках.

У адносінах да працягласці канікул у новым навучальным годзе ёсць змяненні.

–       Восеньскія канікулы будуць доўжыцца 9 дзён: з 1 па 9 лістапада, зімовыя – 17 дзён: з 26 снежня па 11 студзеня, вясновыя – шэсць дзён: з 30 сакавіка па 4 красавіка. Летнія канікулы будуць складаць 92 дні: з 1 чэрвеня па 31 жніўня. Для вучняў 1–3-х класаў (3-х класаў – для школ з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі) у трэцяй чвэрці праводзяцца дадатковыя зімовыя канікулы з 17 па 23 лютага працягласцю 7 дзён.

Як заўсёды, у бацькоў ёсць цікавасць, якую тэму будзе мець першы ўрок у Дзень ведаў.

–       Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прапаноўвае правесці ўрок 2 верасня пад назвай «Занімай, Беларусь, маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!». Гэтыя словы песняра беларускага народа Янкі Купалы сугучныя з тэмай Года малой радзімы, падкрэсліваюць суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь. На першым уроку знойдзе сваё адлюстраванне і тэма Вялікай Айчыннай вайны. Тэматычная накіраванасць Дня ведаў заклікана садзейнічаць фарміраванню ў навучэнцаў патрыятызму, выхаванню ў падрастаючага пакалення пачуцця гордасці за сваю краіну і яе дасягненняў, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і надасць новы імпульс арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы. Свята першага званка адбудзецца 2 верасня, у панядзелак. З новым навучальным годам!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *