Сёлета калектыў ВУ «Стоўбцыгаз» адзначае сваё прафесійнае свята пад знакам 55-годдзя стварэння арганізацыі. Своеасаблівы падарунак да юбілейнай даты – сучасны цэнтр па абслугоўванні насельніцтва, адкрыты газавікамі некалькі тыдняў таму. Нельга не згадаць, што і ў ведамасным аздараўленчым лагеры імя Я. М. Чайкі падыходзіць да завяршэння рэканструкцыя гаспадарчага корпуса.
Калі пра першую падзею мы ўжо расказвалі, то аповед пра другую – яшчэ наперадзе, пасля здачы аб’екта ў эксплуатацыю. Але мы пабывалі там дзякуючы загадчыцы гаспадаркі Марыне Траццяк. Марына Міхайлаўна – у ліку ўзнагароджаных да прафесійнага свята.

Яна, як сапраўдная гаспадыня, з радасцю паказвае аснашчаную новым абсталяваннем пральню, сталярную майстэрню, пакой для адпачынку супрацоўнікаў і, безумоўна, абсталютна іншы басейн, які цяпер з безбар’ерным асяроддзем, аўтаматызаванай сістэмай ачысткі вады. У лагеры зроблены сёлета і рамонт аднаго з жылых карпусоў. Утрымліваць і захоўваць у парадку такую гаспадарку – надзвычай клопатная і адказная задача.
– Калектыў у нас невялікі, але дружны, прыходзім адзін аднаму на дапамогу, – падкрэслівае Марына Траццяк і дадае: – Расслабляцца няма калі. Наш лагер працуе круглы год.
Яго матэрыяльная база запатрабавана тымі, хто адзначае вяселлі і іншыя ўрачыстасці (папулярнасць яе добра ведаюць стаўбчане!), арганізоўвае розныя дзелавыя і спартыўна-культурныя мерапрыемствы. Ад гэтых паслуг атрыманы даход з пачатку года ў суме амаль 130 тысяч рублёў, з іх каля 48 тысяч рублёў – за пражыванне. У летні перыяд былі рэалізаваны 523 пуцёўкі для аздараўлення дзяцей, у тым ліку 232 набылі работнікі аблгаза. Відавочна, што падтрымліваць парадак на тэрыторыі лагера і ў яго памяшканнях неабходна кожны дзень, чым і займаецца Марына Траццяк з калегамі.

З нагоды прафесійнага свята ў калектыве газавікоў вылучаны і слесар службы эксплуатацыі Сяргей Кізевіч, а таксама майстар службы рамонтна-аднаўленчых работ і ўрэзак Сяргей Палоннік. У складзе брыгады, якая працуе пад яго кіраўніцтвам, – зваршчык Аляксей Рудзько і вадзіцель з больш чым 20-гадовым стажам Аляксандр Пашкевіч. Фота Аляксандра Пашкевіча занесена на Дошку гонару філіяла. Сёння ён за рулём новага аўтамабіля, абсталяванага ўсім неабходным для выканання вытворчых задач і – немалаважна – для камфорту членаў брыгады.
Пры аглядзе аўтамабіля галоўны інжынер Аляксандр Бабіч звяртае ўвагу, што падобнай транспартнай тэхнікай з найноўшымі прыстасаваннямі ўкамплектаваны ўсе службы Стоўбцыгаза, і абнаўленне працягваецца.
Брыгада пасля нашай сустрэчы адправілася на вуліцу Цэнтральную, 4, у Стоўбцах.
– Неабходна выканаць дзве заяўкі абанентаў адносна пераносу лічыльніка, – тлумачыць майстар Сяргей Палоннік. – Апошнім часам многія мяняюць ацяпляльныя катлы, займаюцца ўцяпленнем фасадаў і рамонтам сваіх дамоў, таму і ўзнікае патрэба ў пераносе лічыльніка, адносе газаправода.

зваршчыка Аляксея Рудзько і майстра Сяргея Палонніка
На месцы майстар ажыццяўляе кантроль за бяспекай агнявых работ. Пра сябе ён расказвае, што прыйшоў у газавую гаспадарку ў 1984 годзе і пачынаў вадзіцелем. Сёлета за шматгадовую плённую працу Сяргей Палоннік адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама.
Сярод узнагароджаных, у тым ліку кіраўніцтвам УП «Мінскаблгаз», у сувязі з прафесійным святам – слесар па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваючага абсталявання Віктар Баранцэвіч, начальнік службы эксплуатацыі Аляксандр Кутас, вадзіцелі Казімір Дзям’янка і Аляксандр Дубіцкі, прыбіральшчыца службовых памяшканняў Наталля Маскаленка, слесар па абслугоўванні і рамонце знешніх газаправодаў Антон Клімовіч, бухгалтар Таццяна Кутас.
На тых, хто працуе самааддана, здольны запаліць сваім імпэтам, раўняюцца ў калектыве.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара