У мінулую пятніцу стаўбцоўскі філіял ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” з рабочым візітам наведалі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч і намеснік Прэм’ер-міністра Міхаіл Русы.
Кіраўнік урада пазнаёміўся з вытворчасцю пасля праведзенай мадэрнізацыі перапрацоўчага прадпрыемства. У рэканструкцыю ўкладзена 60 мільярдаў рублёў інвестыцый. Гэта дало магчымасць адмовіцца ад выпуску прадукцыі ў вялікай па аб’ёме тары і перайсці на сучасную дробную расфасоўку і разліў натуральных нектараў, сокаў, саленняў па адметных традыцыйных рэцэптах. Завод пастаўляе прадукцыю як гандлёвым сеткам у розніцу, так і для прамысловай перапрацоўкі – напрыклад, фруктовыя начынкі для хлебапякарнай вытворчасці.
Увагу кіраўніка ўрада прыцягнула новая вытворчая лінія па вырабе фруктова-ягадных напаўняльнікаў з сучаснай італьянскай устаноўкай. Цяпер тут працуюць італьянскія спецыялісты, якія зманціравалі, наладзілі абсталяванне, адпрацоўваюць тэхналагічныя рэжымы і навучаюць персанал.
Міхаіл Мясніковіч у інтэрв’ю журналістам даў такую ацэнку новаму праекту стаўбцоўскіх перапрацоўшчыкаў:
– Філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» практычна вырашыць праблему галіны ў фруктова-ягадных напаўняльніках. Гэта адзіны завод у краіне, які спецыялізуецца на выпуску такой прадукцыі. Да гэтага быў практычна стопрацэнтны імпарт. З уводам гэтага прадпрыемства мы закрываем рэспубліканскую патрэбнасць у фруктовых напаўняльніках. Наогул пры мадэрнізацыі прадпрыемстваў урад арыентуецца на тое, каб не проста абнавіць вытворчасць, але і вырашыць праблему адпаведнай галіны, у цэлым вырашыць праблему краіны. І філіял Гарадзейскага камбіната – прыклад таму. У мінулым годзе мы імпартавалі 4,5 тысячы тон фруктовых напаўняльнікаў для малочнай прамысловасці. Магутнасці філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» дазваляюць пры рабоце ў дзве змены выпускаць тры тысячы тон прадукцыі, у тры змены – амаль чатыры тысячы тон. Ёсць плошчы, дзе можна пашырыць вытворчасць і, такім чынам, цалкам вырашыць праблему. Я цікавіўся цэнавым фактарам, прадукцыя канкурэнтаздольная. Прадпрыемства новае, патрэбна яшчэ адпрацаваць аб’ёмы, пралічыць сабекошт, каб у большай ступені павысіць канкурэнтаздольнасць. Вытворчасць забяспечана айчыннай сыравінай, у тым ліку і за кошт уласных сыравінных баз. Дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната інфармаваў мяне аб тым, што закладзены ўласны сад плошчай 300 гектараў, які ўжо з гэтага года пачне пладаносіць. Не сакрэт, што ў нас шмат ягад і фруктаў у сезон прападае. Асобная вытворчая лінія будзе задзейнічана пад перапрацоўку дзікарослых ягад, якія прадаюцца цяпер на экспарт сыравінай, і валютная выручка нязначная. Ставіцца задача рэалізацыі перапрацаванай і расфасаванай прадукцыі.
Прэм’ер-міністр павіншаваў завадчан, выказаў удзячнасць дырэктару Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаілу Крыштаповічу за падтрыманую ініцыятыву ўрада, паспяховую мадэрнізацыю прадпрыемства ў кароткі тэрмін і вырашэнне праблемы краіны ў цэлым.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО