Складаемыя дэмаграфіі

Дэмаграфія Нумары

image_pdfimage_print

Прайшла відэанарада па рэалізацыі Праграмы дэмаграфічнай бяспекі Мінскай вобласці на 2011 – 2015 гады. Вэб-канферэнцыя адбылася пад старшынством намесніка старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Юшкевіча з удзелам кіраўнікоў усіх структур, якія ўваходзяць у каарадынацыйны савет па гэтым пытанні.

На прамым падключэнні былі ўсе раёны. Нараду ў Стаўбцоўскім райвыканкаме ўзначаліў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Шэсцель. Былі запрошаны прадстаўнікі асобных аддзелаў райвыканкама, усіх сацыяльных службаў, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў.

Асаблівыя акцэнты былі зроблены на смяротнасці насельніцтва па знешніх прычынах. Што прыводзіць людзей да гібелі, як павысіць матывацыю чалавека да самазахавання, да вядзення здаровага ладу жыцця, як аздаравіць грамадства, зменшыць асацыяльныя праявы з праблемамі, што адсюль выцякаюць? Па гэтых і іншых пытаннях ішла прадметная, зацікаўленая размова з аналізам сітуацыі па кожным раёне.

У ліку складаемых дэмаграфічнай бяспекі не апошняе месца займае дзяржаўная падтрымка шматдзетных сем’яў, павышэнне іх прэстыжу. Добрая статыстыка па нараджальнасці ў нашым раёне. У 2013 годзе нарадзіліся 530 дзяцей (у 2012 – 497). Найбольшы ўзровень нараджальнасці адзначаецца ў Заямнаўскім, Старасвержанскім, Дзераўнянскім, Мікалаеўшчынскім сельсаветах. Росту нараджальнасці садзейнічаюць такія дзяржаўныя праграмы як павелічэнне памеру дапамогі пры нараджэнні дзяцей і штомесячнай грашовай дапамогі на дзіця ва ўзросце да трох гадоў, забеспячэнне бясплатнымі лекавымі сродкамі дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. У мінулым годзе са сродкаў мясцовага бюджэту і суб’ектаў гаспадарання было аказана аднаразовых матэрыяльных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, што навучаюцца ва ўстановах адукацыі, на агульную суму каля 100 мільёнаў рублёў. Па рашэнні райвыканкама шматдзетным сем’ям, якія выхоўваюць чацвярых і больш непаўналетніх дзяцей, аказваецца матэрыяльная дапамога да новага навучальнага года. Летась яе атрымалі 123 такія сям’і.

Уся нарада была пранікнута непакоем і клопатам аб тым, як скаардынаваць дзеянні многіх службаў, каб дайсці да кожнага чалавека, аказаць яму падтрымку, не дапусціць крытычных сітуацый. З непакоем было ўспрынята выступленне няштатнага галоўнага спецыяліста ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама па псіхатэрапіі Аляксея Аляксандрава. Былі прыведзены такія факты. У 10 з 23 раёнаў Мінскай вобласці ў мінулым годзе адбылося павелічэнне колькасці суіцыдаў, а наогул гэтая лічба па вобласці склала 419 выпадкаў. Прамоўца аргументавана выказваў меркаванне, што праблема суіцыдаў – не медыцынская, а сацыяльная, духоўная. Не змяншаецца вастрыня праблемы алкагольнай залежнасці добрай часткі нашага грамадства. Усплыла новая праблема – ужыванне згубных спайсаў наркатычнага ўздзеяння ў асяроддзі моладзі.

У ходзе калектыўнага абмеркавання зроблены акцэнты на тым, што патрэбна ствараць у кожным раёне інстытут крызісных псіхолагаў. У сувязі з гэтым стаіць і такая немалаважная задача – рыхтаваць людзей, каб яны ўнутрана былі гатовы скарыстаць такую паслугу спецыялістаў, каб ведалі аб тым, што можна звярнуцца да псіхолага ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, дэпрэсійных станах. Дарэчы, у Мінскай вобласці існуе адзіны нумар экстраннай псіхалагічнай дапамогі, па якім кругласутачна ананімна можа патэлефанаваць кожны і пагаварыць з псіхолагам па любых пытаннях – (8-017) 202-04-01.

Актывізуецца ва ўсіх раёнах, і ў нашым у тым ліку, практыка работы мабільных брыгад, каб не ўпусціць з поля зроку ніводнага чалавека. Прадстаўнікі многіх структур выязджаюць у рэйды. Стаіць задача не пакінуць без увагі людзей у сельскай мясцовасці: зайсці да кожнага, спытаць, у чым яго праблемы, у якой дапамозе і падтрымцы ён мае патрэбу? Асаблівы клопат праяўляецца да адзінокіх пажылых людзей.

Прадстаўнікі службы па надзвычайных сітуацыях і ўпраўлення ўнутраных спраў са свайго боку рабілі акцэнты на тым, як абараніць людзей ад няшчасных выпадкаў на дарогах і ва ўласных дамах. Дзяржаўнай праграмай стала забеспячэнне шматдзетных сем’яў, адзінокіх грамадзян аўтаматызаванымі пажарнымі апавяшчальнікамі. На нарадзе гаварылі аб тым, з якімі праблемамі сутыкаюцца прадстаўнікі гэтых службаў на практыцы, як пазбегнуць розных вострых вуглоў. Нарада дала магчымасць падзяліцца вопытам, выказаць прапановы па наладжванні безбар’ернай работы па прафілактыцы няшчасных выпадкаў у быце і на вытворчасці.

Да слова будзе прывесці тут статыстыку па нашым раёне. У мінулым годзе намецілася тэндэнцыя да зніжэння з 83 да 55 выпадкаў смерцяў па знешніх прычынах. Зменшылася і смяротнасць у працаздольным узросце – з 162 да 135 чалавек.

Удзельнікі нарады прыйшлі да высновы, што неабходна выкарыстоўваць патэнцыял не толькі мясцовых улад, дзяржаўных службаў і структур, але і грамадскіх і рэлігійных арганізацый, працоўных калектываў у інфармацыйна-асветніцкай і выхаваўчай рабоце па фарміраванні здаровага ладу жыцця, духоўным і маральным аздараўленні нашага грамадства.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *