Страшна сказаць «не»

Грамадства Нумары

Яшчэ мудрыя папярэджвалі, што паўсюднае ўслужліва-ветлівае  “так”, “безумоўна”, “канешне, канешне” – прыкмета не бяскрыўдная. Ёсць на гэты конт і прытча: калі вас акружаюць тыя, хто цалкам згодны з вамі, то гэта азначае адно – вы трапілі ў дрэнную кампанію. Думаю, заўвагу пра кампанію можна лічыць і перабольшаннем, бо, як сцвярджае сучаснае жыццё-быццё, сустракаецца дастаткова выпадкаў, калі дылема паміж “так” і “не”, вырашаная на карысць  апошняга –адмоўнага, таксама набывае небяспеку. Ды яшчэ ў якім, “непедагагічным”, выглядзе!

Уявім сабе: маладая настаўніца школы мастацтваў прыязджае з райцэнтра ў сельскую школу. У любое надвор’е яна пераадольвае дзясятак кіламетраў на ўласным аўтамабілі, каб вучыць сельскіх дзяцей цудоўнаму, каб яны ў сваім развіцці ні ў чым не саступалі равеснікам з горада. І, канешне, жадаючых займацца ў яе шмат. Ахвотна запісваюцца да яе вучні і малодшых, і старэйшых класаў. Але аднойчы вечарам, калі настаўніца выйшла са школы, то сваё аўто, прыпаркаванае побач з установай адукацыі, не пазнала. Яно ўсё было “размалявана” кавалкам шкла ад разбітай бутэлькі. Той, у чыіх руках аказалася шкло, паспрабаваў яго і на задніх колах аўтамабіля… Каб аднавіць усё папсаванае, укласці прыйдзецца не адзін мільён беларускіх рублёў. Спатрэбіцца, магчыма, цэлы заробак настаўніцы за месяц… 

Міліцыі не ўдалося адразу высветліць, хто гэта зрабіў. Ніводзін з вучняў – а менавіта на іх “свавольствы” ўпала падазрэнне – не прызнаўся. Але пазней, калі ішла адпрацоўка іншага злачынства, адзін пяцікласік нечакана сказаў работнікам інспекцыі па справах непаўналетніх: “Я гэтага не рабіў, я толькі пашкодзіў машыну…”

Першае пытанне, якое ўзнікае пасля гэтага: чаму? Навошта спатрэбілася пяцікласніку “калечыць” машыну настаўніцы? Ён, апусціўшы галаву, няўпэўнена адказваў: “Не памятаю”. Але, пакапаўшыся ў перадгісторыі пытання, стала зразумела, што настаўніца не ўзяла гэтага вучня на заняткі па спевах…    

Напэўна, настаўніца ў душы не раз пашкадавала, што сказала вучню “не”. Ведала б наступствы, то цярпела б і адсутнасць слыхавых даных, і яго характар, і, магчыма, іншыя цяжкасці. У школе за ім заўважалі шкодныя выхадкі, але ніхто і падумаць не мог, што дзіця – “ад зямлі два вяршкі” – здольна так “па-даросламу” нашкодзіць. Сёння не спадабаўся адзін настаўнік, заўтра – яшчэ адзін. І што цяпер, жыць, не выходзячы са стану помсты? А яна, як іржа, раз’ядае, нішчыць у табе ўсё чалавечае, узрошчвае ўжо з малых гадоў небяспечныя інстынкты і… крымінальнае будучае.

Калі б хлопцу было 14, была б узбуджана крымінальная справа і адказваць за свае дзеянні прыйшлося б яму ўжо ў судзе. А пакуль, у сувязі з недасягненнем узросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці, – гэта “адмоўны” матэрыял, разглядам якога займалася камісія па справах непаўналетніх. На той момант прайшоў месяц пасля здарэння, а маці хлопчыка не кінулася выбачацца за сына і, тым больш, кампенсаваць нанесеныя ім вялікія страты. І ў сына таксама не ўзнікла жаданне папрасіць у пацярпелай прабачэння…

Карані негатыву, недзіцячай зацятасці вядуць нябачнымі шляхамі па-за сцены школы. І прыводзяць у сям’ю. Настаўніца ж – пры сцячэнні пэўных абставін – стала своеасаблівым маланкаадводам. Так, у дзіцяці ўзнікла крыўда. Гэта факт. Але крыўда знаходзіць рознае выйсце. Напрыклад, можна падысці да настаўніцы ці дома маме расказаць – гэта ж яшчэ толькі пяцікласнік! – і ўсё б вырашылася… 

Хаця… Са слоў настаўнікаў ведаю, што сярод іх існуе некаторая боязь, насцярога сказаць “не”, штосьці “не так” бацькам. Некаторым паспрабуй нават намякнуць на тое, што іхняе дзіця не «мяккае і пушыстае», што ў яго ёсць праблемы, над якімі трэба разам працаваць, – і таксама рызыкуеш адчуць іх “павагу”. Якіх толькі пагрозаў, прыніжэнняў не даводзіцца выслухваць! Маўляў, скаргі пойдуць і ў вышэйшыя інстанцыі, і што звольняць з працы з “белым білетам” і г. д.  І дома бацькі часта працягваюць абмеркаванне настаўніка ў такой жа непрыстойнай форме. Пры дзецях, не збаўляючы голасу і не прычыняючы дзверы ў пакой. І пасля гэтага “размазаны” настаўнік прыходзіць у клас і павінен вучыць іх дзяцей дабру, у іх вачах заставацца нібыта аўтарытэтам… Псіхалагічны парадокс.

Знявага настаўніцкай супольнасці наносіцца і тады, калі вучні, прашмыгнуўшы на перапынку ў настаўніцкую або лабаранцкую, цягнуць з сумачак грошы, мабільныя тэлефоны. Выпадкі такія, на шчасце, нячастыя, але ад гэтага яны не становяцца менш балючымі і дыскрэдытуючымі – як нялёгкай працы настаўніка, так і яго рабочага месца – школы.    

А што рабіць з хлопчыкам-хуліганам? Па перакананні знакамітасцяў ад музыкі, такое дзіця – першы прэтэндэнт на заняткі па спевах, бо тыя, хто займаецца музыкай, іншымі відамі мастацтва, не здольны ўзяць у рукі ні нож, ні пісталет. Не пацягне яго, трэба думаць, і на аскепак разбітай бутэлькі.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *