Працаўнікі ТАА «Стоўбцыгазбуд» газіфікавалі каля тысячы дамоў

Главное Эканомiка

Фота носіць ілюстрацыйны характар

За месяц працаўнікі ТАА «Стоўбцыгазбуд» газіфікуюць у сярэднім паўтара дзясятка  прыватных домаўладанняў. А ўвогуле за апошнія тры гады імі газіфікавана каля тысячы дамоў.

– Газіфікацыяй населеных пунктаў мы займаемся даўно, пракладаючы магістральныя газаправоды, а вось падвядзенне газаправодаў да дамоў і падключэнне газавыкарыстоўваючага абсталявання ўнутры памяшканняў асвоілі адносна нядаўна. Працуем практычна па ўсім раёне і за яго межамі. Галоўнае – якасць выкананых работ, – расказвае намеснік дырэктара Павел Дзямянка.

Павел Францавіч – старажыл у арганізацыі. Пачынаў механікам, быў галоўным механікам, а апошнія дзесяць гадоў – на пасадзе намесніка дырэктара. Менавіта яму даручана вырашаць такія важныя пытанні, як забеспячэнне матэрыяламі, арганізацыя вытворчасці і да т. п. Вопытны намеснік для маладога дырэктара Дзмітрыя Кудрэвіча – сапраўды надзейная апора.

Не так даўно газбудаўцы завяршылі падвод цеплатрасы і газаправода да 60-кватэрнага дома, што ўзводзіцца па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах, і накіраваліся на больш дальнія аб’екты, якія выйгралі ў выніку аўкцыёну, – у Пухавіцкі і Жыткавіцкі раёны. «Нашы работнікі з панядзелка па пятніцу ў камандзіроўках. Стараемся забяспечыць ім нармальныя ўмовы для пражывання, на аб’екты дастаўляем ведамасным транспартам. У арганізацыі за апошнія два гады абнавілі экскаватарную і іншую тэхніку», – гаворыць Павел Дзямянка.

Бясспрэчным аўтарытэтам карыстаюцца ў калектыве электрагазазваршчыкі Уладзімір Лукашоў, Мікалай Ляхоўскі і Дзмітрый Горлаў, зваршчыкі поліэтыленавых труб Сяргей Калоша і Дзмітрый Райн, машыністы экскаватара Віктар Жукоўскі, Уладзіслаў Сахар, Ігар Аноп і Віктар Кірык.

У мінулым годзе ў вытворча-тэхнічны аддзел прыйшла малады спецыяліст Ганна Мілюць. Выпускніца БНТУ вярнулася на сваю малую радзіму, Стаўбцоўшчыну, і тут ёй ёсць у каго вучыцца – у вопытнага інжынера Галіны Шастак. Ганна выкарыстоўвае гэтую магчымасць, каб асвоіць прафесію. І кіраўніцтва арганізацыі ідзе ёй насустрач – накіравала хадайніцтва для выдзялення маладому спецыялісту месца ў інтэрнаце філіяла маторнага завода.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *