На прыстаньцы з Таццянай Мароз

Адукацыя Важное

Настаўніца роднай мовы і літаратуры Таццяна Мароз, якая выкладае ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы, была ўдастоена гонару падняцца на сцэну падчас абласной жнівеньскай канферэнцыі, каб атрымаць грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Так высока ацэнена яе дзейнасць у розных напрамках укаранення ў практыку сучасных педагагічных тэхналогій.

Пра сябе Таццяна Леанідаўна гаворыць, што яна зраслася са сваёй прафесіяй, а «прышчэпку» любові да роднай мовы, да сваёй малой радзімы, да спадчыны роднага краю атрымала ў дзяцінстве. Яна нарадзілася на радзіме Якуба Коласа і закончыла Мікалаеўшчынскую сярэднюю школу. І мела шчасце вучыцца ў такіх майстроў сваёй справы, як заслужаныя настаўнікі Беларусі Камёнка Аркадзь Іосіфавіч, светлай памяці, Лянгіна Міхайлаўна Цвірка.

Атрымаўшы вышэйшую адукацыю па педагагічнай спецыяльнасці ў БДУ, Таццяна Леанідаўна была накіравана на працу ў сярэднюю школу № 1 г. Стоўбцы. Так і працягвае працаваць у гэтай навучальнай установе са статусам гімназіі – вось ужо 35 гадоў. Гаворыць, што і ў гэтай навучальнай установе ёй пашчасціла атрымаць настаўніцтва такіх значных у сферы педагогікі майстроў, як Зінаіда Міхайлаўна Сурко, якая перадала ёй вучэбны кабінет. Таццяна Мароз дастойна прадоўжыла справу сваіх настаўнікаў і сама стала яркай асобай у педагагічным асяроддзі.

Ацэнкай работы педагога вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з’яўляюцца поспехі вучняў у прадметных алімпіядах, конкурсах, пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

Любоў да роднай мовы і літаратуры Таццяна Мароз прывівае вучням не толькі на ўроках, але і на пазакласных мерапрыемствах, у падарожжах па ўсёй Беларусі. Чаго варты толькі літаратурны клуб «Прыстанька»! Ён дзейнічае ўжо 10 гадоў. Дзякуючы ініцыятывам настаўніцы вучні маглі сустрэцца са знакамітымі людзьмі, вядомымі дзеячамі культуры. І наперадзе яшчэ шмат цікавых праектаў па вывучэнні гісторыка-літаратурнай спадчыны роднага краю. Таццяна Мароз уступае ў новы навучальны год з творчым настроем, які перадасць сваім вучням.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *