Летні адпачынак у лагеры УП «Мінскаблгаз» імя Я. М. Чайкі завяршыўся

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Вось і закончыўся сезон аздараўлення. Хочацца падзяліцца вынікамі работы аздараўленчага лагера УП «Мінскаблгаз» імя Я. М. Чайкі. Што запомнілася дзецям і бацькам?

У гэтым годзе наш лагер працаваў у тры змены, кожная з якіх складала 21 дзень. Аздаравіліся 523 дзіцяці.

Першая змена прайшла пад дэвізам «Канструюем будучае ў рэжыме самарэалізацыі».  Сабраліся творча адораныя  хлопчыкі і дзяўчынкі, здольныя да лідарства і гатовыя пастаянна ўдасканальвацца. Другая змена была нацэлена на фарміраванне здаровага ладу жыцця і прайшла пад дэвізам «Бясцэнны дар беражом і множым». Тэматычная праграма дала пазнанні традыцый беларускага і сусветнага спорту, была накіравана на фарміраванне здаровага ладу жыцця праз заняткі фізкультурай і спортам і правільнае харчаванне.

Праграма трэцяй змены была распрацавана з улікам таго, каб вучні пастаянна развівалі свае крэатыўныя якасці, удзельнічаючы ў розных мерапрыемствах, квэстах, анімацыйных праграмах, тымбілдынгах, трызах, імаджынарыумах,  паходах і экскурсіях. А галоўнае – каб самі распрацоўвалі гэтыя мерапрыемствы.

Арганізацыя адпачынку дзяцей у аспекце не толькі забаўляльным, але і развіваючай дзейнасці дала магчымасць правесці адпачынак з карысцю. Прайшлі новыя незвычайныя мерапрыемствы: тымбілдынг «Пакажы сябе і знайдзі сваё месца ў камандзе», трыз для падлеткаў, мазгавыя штурмы ў атрадах, стартынейджар «Танцуй, пакуль малады!», імаджынарыум «Стратэгія бяспекі», маршрутная гульня «Дзе, што і калі так далёка», анімацыйна-спеўнае шоу «Табе, родная Беларусь!», фотасерпанцін, конкурс «Абарона фан-праектаў «Выратуем нашу планету!», фестываль рэкламы, шоу-феерыя і іншыя.

Кожны дзень пачынаўся не толькі з ранішняй зарадкі, але і з сапраўднага флэш-моба «Цудоўны дзень будзе сёння!», а заканчваўся з атрадных «балталак» пад маленькі агеньчык атраднай свечкі. Усе дзяліліся ўражаннямі аб мінулым дні, рыхтаваліся да заўтрашніх мерапрыемстваў. Гэта быў свой свет, непаўторны і асаблівы.

Тон адпачынку задаў ужо першы дзень заезду ў лагер з артыстамі тэатральнага шоу «Ліманад». Вучні актыўна вывучалі правілы тэхнікі бяспекі, бяспечнага пражывання. Выхаванцы былі не проста слухачамі лекцый, а актыўнымі ўдзельнікамі праграмы.

Першая змена радавала сонечным цёплым надвор’ем. Усім лагерам мы хадзілі ў паход на лясное возера. Кожны дзень усіх трох змен быў напоўнены непаўторнымі мерапрыемствамі. Другую змену дапамаглі арганізаваць даўнія сябры лагера – трэнеры, заслужаныя майстры спорту, еўрапейскія чэмпіёны Беларускай асацыяцыі таэквандо. Знаёмства нашых выхаванцаў з такімі знакамітымі спартсменамі прынесла шмат уражанняў, дапамагло ў фарміраванні здаровага ладу жыцця.

Мы ганарымся, што ў нашым лагеры ўжо сфарміраваны ўласныя традыцыі, зацверджана сімволіка, якая ўключае гімн і эмблему, уласныя «чайкаўскія» граматы і дыпломы, пастаянна абнаўляецца інфармацыя на сайце. Такія акцыі, як «Акуніся ў фантан дзіцячай любові», «Пісьмо ў будучае», бацькоўскія дні з блінамі і лясным чаем, «Пісьмо Генеральнаму дырэктару», «Новы год летам» і іншыя мерапрыемствы, якія праводзяцца па эксклюзіўных сцэнарыях, існуюць толькі ў нас.

Лічу сваім абавязкам сказаць пра людзей, якія ўсім сэрцам любяць лагер, разумеюць яго асноўныя задачы і, штогод прыязджаючы сюды на работу, прывозяць нешта новае і незвычайнае. Гэта старшы выхавацель Надзея Макарэвіч, педагогі-арганізатары Наталля Навіцкая, Анастасія Грук, нязменны псіхолаг Наталля Туміловіч, педагогі з вялікім стажам Аксана Дзешыц, Віта Рэкець, Ірына Пятроўская.

Сезон аздараўленчага лагера завяршыўся, а жыццё ў ім прадаўжаецца. На працягу года мы рады прапанаваць усім жадаючым комплекс паслуг па правядзенні ўрачыстасцяў і мерапрыемстваў, семінараў, адпачынку.

Усе, хто наведваўся да нас, бачылі змяненні, якія адбыліся. Закончаны рамонт басейна і гаспадарчага корпуса. А гэта значыць, што ўжо ў наступным годзе ў нас з’явяцца новыя праграмы з улікам магчымасцяў басейна. Адрамантаваны два корпусы для пражывання дзяцей і другі домік для персаналу. Пастаянна добраўпарадкуецца тэрыторыя. Дзякуючы падтрымцы УП «Мінскаблгаз» работы па рэстаўрацыі карпусоў і домікаў для персаналу будуць працягнуты.

Таццяна ШПІЛЕЎСКАЯ, начальнік аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *