Фермер з Наваколасава зрабіў «пекінку» беларускай

Соцыум

На Стаўбцоўшчыне фермерская гаспадарка «Пан Ежы» другі год вырошчвае пекінскую капусту і пастаўляе гэтую карысную гародніну (раней – выключна імпартнага паходжання) на сталічны рынак.

Фермерская гаспадарка «Пан Ежы» за сем гадоў свайго існавання перажыла розныя перыяды ды не адну спецыялізацыю. Кіраўнік гаспадаркі Юрый Іваноўскі спачатку займаўся вырошчваннем і перапрацоўкай традыцыйнай для нашых мясцін гародніны. Зведаў ён, як, напэўна, і кожны, хто працуе на зямлі, нямала ўзрушэнняў, і самае банальнае з іх – неўраджай. Некаторы час фермер знаходзіўся ў пошуку… А сёння ён сцвярджае: «Дзякуй Богу, што ёсць перамены».

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Пан Ежы» Юрый Іваноўскі вырошчвае пекінскую капусту

Таваразнаўцы разразалі качаны і смакавалі

Акідваю позіркам поле, на якім расце пекінская капуста, а побач з ёй – дайкон (белая радыска, ці вялікі корань) – і міжволі ўзнікае ўсмешка. Як па-свойску выглядаюць гэтыя лапушыстыя кусцікі экзотаў! Ім яшчэ, зразумела, расці месяц і больш, аднак самыя вялікія качаны, якія ўжо дасягнулі паўтаракілаграмовай вагі, пачалі зразаць. У полі працуюць сезонныя рабочыя. Тут жа, пад паветкай, яны абгортваюць качаны ў поліэтыленавую плёнку і ўкладваюць адзін да аднаго ў кардонную скрыню.

Юрый таксама бярэ нож і асабіста дэманструе працэс уборкі ўраджаю. Далей прадукцыя з поля паступае ў сталічныя магазіны ці часткова, магчыма, у арандаванае сховішча. Захоўваецца «пекінка» , дарэчы, добра, – да 3,5 месяца.

– Праблем са збытам няма, – заўважае фермер. – З мінулага года ў мяне наладжана супрацоўніцтва з сеткавымі магазінамі вядомых гандлёвых марак у Мінску: «Прастор», «Віталюр», «Карона» і інш. Дастаўляем туды пекінскую капусту сваім транспартам. Як правіла, двойчы на тыдзень па паўтары тоны.

Юрый расказвае, якім было здзіўленне таваразнаўцаў гэтых магазінаў, калі яны ўпершыню прымалі да продажу яго, беларускую, пекінскую капусту, а не, напрыклад, аналаг з Польшчы ці Македоніі. Яны разразалі качаны, смакавалі… Капуста ж была не пагрызеная і не паточаная, зверху – з зялёненькімі лістамі, якраз тое, што і любяць гаспадыні…

Прадукцыя з поля паступае ў сталічныя магазіны

Летась з плантацыі плошчай два гектары фермер сабраў 50 тон прадукцыі добрай якасці. Не меншы ўраджай плануе атрымаць і сёлета. Вялікія спадзяванні ўскладае таксама на дайкон. Калі пекінскую капусту Юрый Іваноўскі вырошчвае другі год, то дайкон – ужо трэці, аднак усе папярэднія гады выйшлі няўдачнымі для гэтай культуры. Ураджай з’ела капусная муха.

– У маіх агародніцкіх справах пекінская капуста і дайкон – гэта накшталт эксперыменту, крыніцы сельскагаспадарчых ведаў, а вось морква і белакачанная капуста, – гаворыць Юрый, паказваючы на суседнія ўчасткі поля, – гэта мая спонсарская дапамога мясцовай, Коласаўскай, школе.

Да жанчыны так не прывыкаеш, як да зямлі

Жыве фермер Юрый Іваноўскі ў пасёлку Наваколасава. Тут жывуць і яго бацькі. На гэтай зямлі ён у свой час выкупіў у воінскай часці пустое памяшканне, дзе стварыў цэх па перапрацоўцы гародніны. Пра цяперашнія дні цэха – размова пазней. Затрымаемся ў вёсцы Бярозаўка, дзе высаджаны фермерскі агарод.

– Гэтая зямля была выдзелена мне ў 2014 годзе з рэзерву палепшаных земляў Рубяжэвіцкага сельсавета, – расказвае фермер. – Калі атрымаў дакументы, абрадаваўся, а потым перажыў расчараванне, даведаўшыся, што даная зямля непрыдатная для вырошчвання гародніны. Аграхімічны аналіз паказаў, што глеба кіслая і практычна не трымае вільгаці, бо пад ёй пракладзены дрэнажныя трубы. Аднак, шукаючы выйсце з сітуацыі, зразумеў, што якраз такія ўмовы надзвычай спрыяльныя для пекінскай капусты.

З выдзеленых 10 гектараў фермерам асвоены сем, на астатніх трох пакуль вядзецца барацьба з пустазеллем і падрыхтоўка да сяўбы культур. Якіх? «Зразумела, пекінскай капусты. Хопіць ужо эксперыментаў! – катэгарычна заяўляе Юрый Іваноўскі і тлумачыць: – Інфармацыі аб вырошчванні «пекінкі», дайкону ў прамысловых маштабах не знайсці і ў інтэрнэце, таму адшукваў яе на аснове асабістых вопытаў. І яны былі дастаткова балючымі».

Маючы асаблівую прыязнасць да зямлі («Да жанчыны так не прывыкаеш, як да зямлі,» – разважае мой суразмоўца), фермер задаволены і матэрыяльным бокам бізнесу: цана на пекінскую капусту ў 5-6 разоў перавышае цану на звычайныя качаны. Побач з пасадкамі фермер выкапаў вадаём для арашэння, у наступным сезоне плануе набыць дажджавальную машыну. Карысную параду адносна таго, якім прэпаратам апрацаваць пасадкі дайкону, каб не згубіць ураджай і сёлета, даў яму Уладзімір Радзевіч. Балазе палеткі вядомага фермера-бульбавода і фермера-агародніка суседнічаюць. З тых пор Юрый Іваноўскі зразумеў, што існуе фермерскае брацтва.

Цукерачны фермер

Што цяпер адбываецца ў цэху, у якім фермерская гаспадарка «Пан Ежы» раней перапрацоўвала гародніну?

– Цэх пераабсталяваны. Цяпер у ім вялікая печ з інфрачырвонымі абагравальнікамі, – дзеліцца Юрый Іваноўскі. – З дапамогай інфрачырвоных промняў метадам выпарвання неўзабаве пачнём выпускаць новую прадукцыю – фруктовыя цукеркі. З імі эксперыментавалі доўга, на працягу года, але дабіліся выніку. Дапамаглі спецыялісты прадпрыемства «Гамма вкуса». З натуральных фруктовых пюрэ ўжо зроблены першыя ўзоры цукерак. На прадукцыю атрымалі неабходныя дакументы. У перспектыве будзем выпускаць 16 відаў цукерак, усе – з беларускай садавіны, пераважна з яблыкаў. У Беларусі такіх цукерак без утрымання цукру, глютэну і кансервантаў пакуль няма. Яны ёсць у суседняй Украіне і маюць попыт. Вядомая фірма па іх вытворчасці дала нам дазвол на карыстанне сваёй гандлёвай маркай, якая знайшла распаўсюджанне ў 48 краінах свету.

Фермерскай гаспадаркай неўзабаве будуць выпускацца вось такія фруктовыя цукеркі

Фермер Юрый Іваноўскі ўсміхаецца: «У мяне ўжо сем гадоў няма водпуску і выхадных, але я не адчуваю стомленасці».

Ён хоць і наняў чатырох пастаянных работнікаў і запрасіў пяць сезонных, з ахвотай сам працуе ў полі, садзіцца за руль грузавога мікрааўтобуса і дастаўляе прадукцыю ў магазіны. Па штодзённых справах круціцца на рабочай «Ніве». Заўважаю, што на багажніку аўтамабіля занатаваны словы Кастуся Каліноўкага: «Каго любіш? – «Люблю Беларусь» – «То ўзаемна».  «Гэта мой жыццёвы дэвіз», – зазначае Юрый.

Падводзячы вынік нашай гутаркі, ён з пачуццём уласнай годнасці расстаўляе прыярытэты: «Агародніцтвам займаюся для душы, а выраб цукерак – гэта галоўнае, над чым буду працаваць у найбліжэйшым будучым».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *