Набіраюць папулярнасць небяспечныя чэленджы

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У свае 14 падлеткі спрабуюць стаць незалежнымі ў вачах бацькоў, «крутымі» сярод аднагодкаў. У маладзёжным асяроддзі таксама існуе мода, і яна зусім не ў паказах сукенак.

Хацелася б распавесці аб нядаўна ўзніклай сярод моладзі хвалі, якая, калі яе не спыніць, будзе прыносіць новыя і новыя ахвяры. Чэлендж (Challenge) азначае прапанову здзейсніць якое-небудзь дзеянне ў выніку спрэчкі, выклік. Цяпер шмат увагі надаецца праблемам віртуальнага свету, але чэлендж – гэта гульня ў рэальнасць. Дакладней было б сказаць, што гэта рэальнасць, увасобленая ў гульню. Дзеці і дарослыя, якія ўдзельнічаюць у чэленджах, спрабуюць вылучыцца, пры гэтым забываюць пра бяспеку, што прыводзіць да сумных наступстваў.

Чэлендж з практычнага пункту гледжання азначае, што чалавек атрымлівае заданне. Яно гучыць прыкладна так: «А ці не «слабо» вам выканаць тое ці іншае дзеянне?» Заклік да дзеяння можа быць накіраваны на шырокую публіку, калі, напрыклад, ён зыходзіць ад знакамітасці і перадаецца эстафетна канкрэтнаму ўдзельніку чэленджа. Да ўдзелу ў чэленджах (іх яшчэ называюць флэшмобамі) больш схільныя дзеці і падлеткі, бо, выканаўшы дзеянне і запісаўшы на відэа, размяшчаюць гэта ў сацсетках, тым самым зарабляючы папулярнасць сярод аднагодкаў. Дзеці не могуць прадугледзець усе наступствы сваіх дзеянняў, не думаюць пра здароўе і тое, што нават самая бяскрыўдная забава можа згуляць з імі злы жарт.

Прывяду некалькі прыкладаў, чым скончылася выкананне таго ці іншага задання. Трэк Дрэйка In My Feelings стаў вельмі папулярным дзякуючы коміку Shiggy, які зняў на відэа свой танец пад гэтую песню. Ідэю падхапілі і іншыя знакамітасці (Мілі Бобі Браўн, Ноа Шнап і г. д.). Але звычайныя людзі крыху ўскладнілі заданне, і гэта быў не проста танец на камеру, а танец з выпрыгваннем з аўтамабіля і далейшай спробай яго дагнаць. У выніку васямнаццацігадовая Ганна Уорд з амерыканскага штата Аёва была дастаўлена ў бальніцу, паколькі яе збіла машына падчас здымак для чэленджа. І яна далёка не адзіная пацярпелая: у інтэрнэце можна знайсці відэа, дзе людзей, якія танцуюць пад In My Feelings, збівае ўласная машына ці яны раптам падаюць, таму што не глядзелі пад ногі.

У ЗША і Канадзе набірае папулярнасць небяспечны чэлендж, у якім падлеткі дзеля яркіх ролікаў у сацсетках з’ядаюць перад камерамі бытавую хімію. Бяда атрымала такое распаўсюджванне, што YouTube забараніў выкладаць відэа з чэленджам, а вядучыя амерыканскія СМІ выпусцілі сюжэты-перасцярогі для дзяцей і бацькоў. Атручванне і хваробы, якія звязаны з раздражненнем страўніка і іншых органаў стрававання, лечацца цяжка і доўга.

Нядаўна ў інтэрнэце з’явілася новае віруснае выпрабаванне «Клейкая стужка». З выгляду ўсё проста і бяспечна: цябе абмотваюць вакол крэсла клейкай стужкай і трэба як мага хутчэй вызваліцца. Усё гэта запісваецца на відэа і выкладаецца на YouTube, каб перадаць эстафету далей. Аднак пры праходжанні выпрабавання нярэдкія няшчасныя выпадкі, у прыватнасці выпадзення з вокнаў, пашкоджання органаў і да т. п. Тое, што робіцца для весялосці, заканчваецца, на жаль, няўдала.

Беражыце сябе! Больш кантактуйце са сваімі дзецьмі. Вучыцеся слухаць і чуць іх. Разам мы пазбегнем небяспечных гульняў у рэальнасць.

Раённы цэнтр

гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *